Учора, сёння, заўтра – мы з вамі, нашы чытачы! Надзвычай актыўна прайшоў сёння Дзень падпісчыка ў раённым вузле паштовай сувязі

Толькі за дзве гадзіны нам з намеснікам начальніка РВПС Ганнай Генадзьеўнай Малмыга і інструктарам па падпісцы Святланай Іванаўнай Зубік удалося падпісаць на “Дзянніцу” 62-х чытачоў. Палова з іх выпісала нашу газету адразу на паўгоддзе.

 

Як заўжды, нас чакала мноства прыемных знаёмстваў з цікавымі людзьмі. Іх меркаваннямі мы надзвычай даражым і заўсёды стараемся ў сваёй рабоце ўлічваць іх заўвагі, парады, пажаданні. Вось і на гэты раз нехта падказваў эксклюзіўную тэму, хтосьці – адрас неардынарнага чалавека, пра якога варта распавесці на газетных старонках, а “бывалыя” падпісчыкі прыйшлі менавіта ў гэты дзень, каб атрымаць у дадатак да падпіскі арыгінальныя сувеніры, якія мы па традыцыі падрыхтавалі для самых актыўных. На гэты раз драўляныя магніцікі на халадзільнік і падстаўкі з выявай сімвала года пад гарачы кубачак кавы будуць напамінаць нашым добрым сябрам пра “Дзянніцу”.

 

 

Нашу раёнку, між іншым, любяць і ахвотна чытаюць прадстаўнікі ўсіх пакаленняў. Многія выпісвалі газету не толькі для сябе, але і для сваіх блізкіх, іншы раз – у якасці навагодняга падарунка.

 

– Адразу на некалькі адрасоў афармляю падпіску, -- дзеліцца Яўгенія Міхайлаўна Унучка – адна з самых нераўнадушных чытачак. Яна перадала сваю прыязнасць да нашага выдання дачцэ Святлане, якая, дарэчы, стала і сама друкавацца на старонках “Дзянніцы”.

 

 

Яшчэ з часоў “Чырвонага сцяга” і “Савецкай вёскі”  прыходзіць шчучынская раёнка ў дом да Валянціны Пятроўны Яланжы. Адразу, як толькі прыехала на працу ў Шчучын маладым спецыялістам, яна выпісала мясцовую газету, расла па службовай лесвіцы, стала старшым эканамістам вузла паштовай сувязі і ніколі не развітвалася з нашым выданнем. Цяпер жанчына на пенсіі, але не страчвае інтарэс, удзельнічае ў Днях падпісчыка.

 

А вось жыхарка Шчучына Ганна Кузьмянкова з кагорты маладога пакалення сяброў газеты.

 

-- Мне падабаюцца матэрыялы вашых журналістаў пра лёсы людскія, пра герояў, якія шмат чаго перажылі ў жыцці, але не зламаліся духам, -- гаворыць Ганна Аляксандраўна.

 

– А я ахвотна карыстаюся дзелавой інфармацыяй, часта дапамагаюць аператыўна вырашыць пытанні газетныя аб’явы, люблю чытаць навіны рэгіёна – што і дзе будуецца, добраўпарадкоўваецца, адкрываецца. Хачу быць у курсе ўсіх спраў, -- сцвярджае Ірына Шапская, якая афармляла падпіску і для сябе ў Шчучын, і для сваіх бацькоў у вёску Валянчыцы.

 

 

Дзве гадзіны ў гушчы нашых чытачоў прайшлі, як адно імгненне. Кожны – цікавы чалавек, яркая асоба, дастойная пяра журналіста. Прыемна было гутарыць з землякамі і чуць добрыя словы ў адрас калектыву “Дзянніцы”.

 

– Дзякуй, што арганізоўваеце такія акцыі, -- гаварылі людзі. – Мы з задавальненнем будзем з любімай газетай і ў 2020 годзе.

 

Няхай ён будзе шчаслівым для ўсіх нас!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!