У Жалудоцкім агракомплексе дбаюць пра парадак

З 16 сакавіка ў нашым раёне стартаваў месячнік па добра­ўпарадкаванні, санітарнай ачыстцы і навядзенні парадку.

 

Станіслаў Юльянавіч Гузень – дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, дзякуючы якому кожны кавалачак зямлі ў філіяле, які ён узначальвае, выкарыстоўваецца па-гаспадарску, заўсёды надае сур’ёзную ўвагу пытанням добраўпарадкавання. Ён даўно ведае, як важна не губляць ні адной пагодлівай хвілінкі, таму адразу накіраваўся на сустрэчу з вяскоўцамі, каб абмеркаваць з імі ўсе надзённыя пытанні.

 

– Зрабіць населеныя пункты чыстымі і прыгожымі мы павінны ўсе разам, а я са свайго боку акажу патрэбную дапамогу, – паабяцаў, сустрэўшыся з жыхарамі Баяраў Лебяцкіх, Станіслаў Юльянавіч. – Што тычыцца вашай вёскі, неабходна знесці адзін з дамоў, які ўжо практычна разбурыўся. І мы гэтым зоймемся. Асобная просьба адносна пустуючых сядзіб: калі сюды будуць прыязджаць людзі, якім яны перайшлі ў спадчыну, запішыце іх нумары тэлефонаў, каб мы маглі з імі звязацца. Прамы абавязак уладальнікаў – падтрымліваць парадак каля сваіх дамоў, не дапускаць, каб тэрыторыі зарасталі кустоўем і былі засмечаны. А яшчэ хачу папрасіць у вас дазволу замяніць крыж, устаноўлены ў вёсцы яшчэ ў гады вайны. Мы змайструем новы і добраўпарадкуем прылеглую тэрыторыю.

 

Канечне ж, вяскоўцы ацанілі такі клопат пра іх з боку кіраўніцтва гаспадаркі і падзякавалі Станіславу Юльянавічу. Падчас гэтай вясковай сустрэчы было вырашана і пытанне аб выдзяленні сотак для пасадкі бульбы.

 

Разам з тым жыхары, карыстаючыся выпадкам, узнялі пытанні, якія іх трывожаць: як знесці на мясцовых могілках вялікія сосны, як пазбавіцца ад дзікіх сабак, якія ўжо наносяць рэальную шкоду? Як дзейнічаць у гэтых сітуацыях, патлумачыў старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!