У Вялікім Мажэйкаве нядаўна працавала аглядная камісія

Кожны аўторак, а часам і ў выхадныя дні, члены аглядных камісій, якія дзейнічаюць пры сельвыканкамах, накіроўваюцца ў населеныя пункты раёна, каб  наведаць вяскоўцаў, якія ўваходзяць у так званую групу рызыкі. У першую чаргу гэта адзінокія грамадзяне сталага ўзросту, сем'і, у якіх выхоўваюцца дзеці, а таксама – аматары спіртнога, якія не імкнуцца змяніць лад свайго жыцця і ўяўляюць небяспеку не толькі для самых сябе, але і для навакольных людзей: "п'яная" цыгарэта ў любы момант можа стаць прычынай трагедыі.

 

На гэты раз члены агляднай камісіі Мажэйкаўскага сельвыканкама вырашылі пабываць у некаторых жыхароў В. Мажэйкава, каб пераканацца ў тым, што ў іх дамах выконваюцца ўсе правілы супрацьпажарнай бяспекі, яшчэ раз нагадаць патрабаванні пры эксплуатацыі пячнога ацяплення і праверыць стан печаў, а таксама пацікавіцца: магчыма ў пажылых людзей ёсць праблемы, з якімі яны самастойна справіцца не ў сілах.

 

 

Праверка дамоў праводзілася комплексна. Першы намеснік начальніка Шчучынскага РАНС С.В. Якімовіч правяраў наяўнасць АПА, стан пячнога ацяплення. Кантралёр Шчучынскага раёна электрасетак І.І. Судніковіч трымаў у полі зроку пытанні электрабяспекі. У адказе за газавую гаспадарку быў слесар Шчучынскага раёна газазабеспячэння М.М. Іванчык. У рабоце камісіі таксама прымалі ўдзел спецыяліст па сацыяльнай рабоце Шчучынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Н.Г. Шульга і загадчыца Мажэйкаўскага ФАПа М.М. Емяльянчык.

 

 

Першым мы наведалі дом, у якім члены камісіі былі два месяцы таму. У той раз сужыцель гаспадыні атрымаў штраф за курэнне ў ложку. Да парадку ў пакоях было далёка. На гэты раз карціна змянілася: як высветлілася, мужчына ўладкаваўся на работу, у доме было даволі чыста. Адна заўвага – гаспадарам трэба крыху падрамантаваць і пабяліць комін, каб адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Жанчына запэўніла, што гэта будзе выканана ў бліжэйшы час.

 

Не раз рабілі заўвагу бабулі, дом якой таксама наведалі члены агляднай камісіі, спецыялісты. Але яна ўпарта складвае дровы каля самай печкі і сцвярджае, што пра бяспеку паклапацілася: паміж печчу і дровамі паклала жалезны ліст. Жанчына жыве адна, і Наталля Генадзьеўна прапанавала ёй дапамогу сацыяльнага работніка. Але бабуля адмовілася – пакуль спраўляецца сама. На ўсялякі выпадак ёй усё ж пакінулі нумар тэлефона, па якім можна звярнуцца ў сацыяльную службу.  

 

Адзін жыве і мужчына з групай інваліднасці – таму яго дом не маглі абмінуць члены агляднай камісіі. У пакоі быў устаноўлены АПА, але аказалася, што ён не працаваў. Няспраўны апавяшчальнік бясплатна замянілі на новы. Разам з тым Сяргей Валер'евіч зрабіў заўвагу гаспадару наконт курэння: каля ложка стаяла попельніца.

 

 

Зусім нядаўна ў В. Мажэйкаве пасялілася маладая сям'я – ёй было выдзелена новае жыллё. Паколькі бацькі выхоўваюць маленькую дачушку, члены агляднай камісіі не маглі не заглянуць у гэты дом. Скарыстаўшыся магчымасцю, маладыя гаспадары атрымалі кансультацыю спецыяліста газавай службы. Сям'я там толькі пачала абжывацца, але ў плане бяспекі – ніякіх заўваг.

 

– Муж і сын у пакоях ніколі не кураць, – патлумачыла гаспадыня наступнай кватэры, адказваючы на пытанні членаў агляднай камісіі. – Так у нас было заўсёды.

 

Не ўзнікла ніякіх пытанняў і да гаспадароў наступнага дома. Муж з жонкай – пенсіянеры, дзеці раз'ехаліся. Ніякая дапамога сталым людзям пакуль не патрэбна.

 

 

У той дзень, на жаль, многіх гаспадароў, якіх вельмі хацела наведаць аглядная камісія, дома не аказалася. Толькі гэта не стане прычынай таго, што іх дамы застануцца не праверанымі. Спецыялісты прыйдуць сюды яшчэ не раз, пакуль не пераканаюцца ў тым, што выкананы ўсе правілы пажарнай, электрычнай і газавай бяспекі. Што парадавала – не сустрэлі мы ні адзінага вяскоўца ў стане алкагольнага ап'янення. Ёсць надзея, што людзі сталі больш клапаціцца пра ўласную бяспеку. Магчыма, тыя вогненныя трагедыі, якія здарыліся ў нашым раёне, і якія забралі жыцці людзей, прымусілі задумацца і зрабіць вывады…

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!