У Вільнюсе прайшоў адкрыты чэмпіянат Літвы па кікбоксінгу. Шчучынцы заваявалі восем залатых і чатыры сярэбраныя медалі!

У Вільнюсе прайшоў адкрыты чэмпіянат Літвы па кікбоксінгу, у якім, акрамя спартсменаў краіны-арганізатара, прынялі ўдзел зборныя каманды Беларусі, Расіі, Латвіі і Эстоніі. Нашу рэспубліку на спаборніцтвах прадстаўлялі выхаванцы трэнераў Уладзіміра Барысавіча Шурупава і Міхаіла Пятровіча Кавалёва.

За перамогу змагаліся 210 спартсменаў, якія выступалі ў розных вагавых і ўзроставых катэгорыях. Нашы баксёры прадэманстравалі на рынгу выдатную фізічную падрыхтоўку і стойкасць характару. У выніку заваявалі восем залатых і чатыры сярэбраныя медалі! Шчучынцы Ілья Сырыцкі, Андрэй Варонік і Ілья Васілька выступалі адразу ў двух раздзелах – “К-1” і “Кік-лайт”, дзе ім не было роўных. Не дзіва, што ў агульнакамандным заліку шчучынская зборная заняла першае месца.
– Вялікі дзякуй дырэктару завода “Праймілк” Анатолію Станіслававічу Бяляўскаму, які дапамог арганізаваць выезд нашай каманды ў Літву, – зазначае старшыня папячыцельскага савета ДЮСШ г. Шчучына Міхаіл Пятровіч Кавалёў. – Зараз рабяты актыўна рыхтуюцца да адкрытага чэмпіянату Баранавічаў па тайскім боксе і дзіцячага міжнароднага турніру по муай-тай “Стайкі Open”, які пройдзе ў Мінску. У красавіку шчучынскія баксёры прымуць удзел у чэмпіянаце рэспублікі па тайскім боксе, а ў маі – у чэмпіянаце Беларусі па кікбоксінгу. Упэўнены, яны выдатна праявяць сябе на рынгу і заваююць нямала медалёў! 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!