У “Ваўкавічах” цэняць прыгажосць

Тэхнік-асемянатар Аксана Віктараўна Фрузянкова не толькі выдатны спецыяліст, але і творчы, нераўнадушны чалавек, які тонка адчувае прыгажосць і ўмела стварае яе ўласнымі рукамі ды палётам фантазіі.
– Паколькі ільвіная доля майго часу праходзіць на ферме “Ваўкавічы”, дзе я працую, то сюды “пераехалі” з дома большасць маіх вазонаў і вазончыкаў, ператварыўшы калідоры і памяшканні цэнтральнага корпуса фермы ў своеасаблівую аранжарэю. Экзатычныя расліны дораць людзям добры настрой і зарад энергіі, а фларыстычныя кампазіцыі робяць працоўныя месцы надзвычай утульнымі, – расказвае Аксана Віктараўна і паказвае ваўкавіцкія зялёныя ўладанні. Пры гэтым уражваюць выключная чысціня ды акуратнасць ва ўсіх памяшканнях фермы.
Яшчэ адной фішкай афармлення інтэр’ераў сталі работы А.В. Фрузянковай, выкананыя ў тэхніцы пляцення са звычайнай паперы. Паробкі і пано выглядаюць так, нібыта іх сплялі з лазовых дубчыкаў, а насамрэч гэта другое жыццё макулатуры.
– З надыходам па-сапраўднаму цёплых дзянькоў нашы аматары кветак выйдуць афармляць клумбы і “альпійскія горкі”. А кіраваць працэсам будуць ландшафтныя дызайнеры, – дзеліцца Аксана Віктараўна. – Лепшы вопыт з уласных сядзібаў мы пераносім на сваю вытворчую тэрыторыю. У нас яна не проста ззяе чысцінёй, а радуе вока квітнеючай вясёлкай і малымі архітэктурнымі формамі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!