У Шчучынскім філіяле Гродзенскага племпрадпрыемства што ні бык – то волат, або Вытокі магутнага племені

Шчучынскі філіял Гродзенскага племпрадпрыемства па сваіх вытворчых паказчыках і якасці выпускаемай прадукцыі займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Штогод тут атрымліваюць 2 мільёны доз семені, з якога палову рэалізуюць па ўсёй краіне. 
– У нас утрымліваюцца 190 быкоў, большасць з якіх – галшцінскай пароды, але ёсць і мясныя герафорды, лімузіны і абердзін-ангусы, – гаворыць дырэктар Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства Антон Станіслававіч Салкевіч. – Штогод мы папаўняем статак: набываем бычкоў замежнай селекцыі ў Венгрыі, Галандыі, Германіі, Люксембургу і Расіі. Усе яны прайшлі геномную ацэнку па якасці патомства, маюць генетычныя пашпарты, дзе ўказваюцца бацькі кожнай асобіны і іншая карысная інфармацыя.
На прадпрыемства трапляюць бычкі ва ўзросце 3-4 месяцы. Месяц яны знаходзяцца на каранціне, а потым пераводзяцца на элевер – памяшканне для дарошчвання. Пасля 12 месяцаў іх выкарыстоўваюць як рамонтны статак і бяруць семя –да 19 тысяч доз у год.


– Ад дарослага двухгадовага быка мы атрымліваем яшчэ больш семені – каля 32 тысяч доз, – зазначае галоўны тэхнолаг Юрый Адольфавіч Саладуха. – Такога высокага вытворчага паказчыка ўдалося дабіцца дзякуючы беспрывязному ўтрыманню жывёлы і выкарыстанню якасных кармоў. Да прыкладу, мы даём быкам не толькі сянаж і камбікорм, але і прарошчанае зерне пшаніцы, якое багата на вітаміны “В” і “Е”.
На сённяшні дзень для атрымання семені на прадпрыемстве выкарыстоўваюць 90 быкоў, з якіх 58 ва ўзросце звыш 2 гадоў, а астатнія – рамонтны статак. Кожная жывёліна мае сваю мянушку і індывідуальны нумар. Здаровая дарослая асобіна важыць прыкладна 1200 кілаграмаў. Абслугоўваюць гэтых “зуброў” 12 аператараў і 4 жывёлаводы.


– Два разы на год мы стрыжом нашых бычкоў і праводзім прафілактыку захворванняў капыт, – падкрэслівае галоўны ветурач Аляксандр Янавіч Фядзюк. 
Усе жывёлы дзеляцца на шэсць генеалагічных комплексаў у залежнасці ад лінейнай прыналежнасці. Патомства, атрыманае ад быкоў Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства, праходзіць абавязковую ацэнку па сваіх прадукцыйных якасцях. На працягу пяці гадоў спецыялісты зоаветэрынарнай службы вобласці назіраюць за атрыманым маладняком. Калі высвятляецца, што бацькі нясуць палепшаныя гены, то іх семя актыўна выкарыстоўваюць. 


Свежаатрыманая спермапрадукцыя праходзіць строгі кантроль якасці ў лабараторыі. Затым яна адпраўляецца на эквілібрацыю ў тэрмастат, дзе ахалоджваецца да 4 градусаў. Потым спецыяльнае устройства замарожвае семя парамі вадкага азоту пры температуры -120 градусаў. Захоўваецца прадукцыя ў біясховішчы ў ёмістасцях, дзе тэмпература падтрымліваецца на ўзроўні -196 градусаў. На сённяшні дзень запасы семені на прадпрыемстве складаюць звыш 10 мільёнаў доз, амаль палова з якіх – семя быкоў з высокім індэксам племянной каштоўнасці.


– Нашы быкі ўзяты ад высокапрадукцыйных кароў, якія даюць звыш 12 тысяч літраў малака ў год, – гаворыць Юрый Адольфавіч Саладуха. – Таму і атрыманае ад іх патомства валодае выдатнымі вытворчымі характарыстыкамі. Аднак прадукцыйнасць жывёлы толькі на 50% абумоўлена генетыкай. Вялікую ролю адыгрываюць умовы ўтрымання і рэжым кармлення. Асноўны статак у нас утрымліваецца ў трох памяшканнях без прывязі. У кожнага быка ёсць прасторны вальер памерам 3 на 5 метры. 
Каб забяспечыць жывёлу якаснымі кармамі, сёлета ў прадпрыемстве нарыхтавалі 407 тон зерня, заклалі 1500 тон сенажу I класа і 40 тон сена. На адну ўмоўную галаву БРЖ тут прыходзіцца 27 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. 


– Мы апрацоўваем 339 гектараў зямлі, – дзеліцца дырэктар Шчучынскага філіяла Антон Станіслававіч Салкевіч. – Для гэтага ў нас ёсць 6 трактароў, 2 “Амкадоры” і камбайн. Таксама ў наяўнасці 10 грузавікоў, з якіх 4 – са спецыяльнымі азотнымі ўстаноўкамі для транспартавання вадкага азоту. Таксама ёсць 2 аўтобусы і 4 легкавыя аўтамабілі. У наступным годзе ўвядзём у эксплуатацыю будынак для вырошчвання і адкорму буйной рагатай жывёлы на 200 галоў. Таму дадаткова возьмем у абарот яшчэ 129 гектараў зямлі. Ужо мадэрнізавалі лабараторна-тэхналагічны корпус, заасфальтавалі прылеглую тэрыторыю, устанавілі бардзюры. На гэта выдаткавалі амаль 500 тысяч рублёў. У бліжэйшы час плануем правесці рэканструкцыю вытворчых памяшканняў. Сярэдняя заработная плата ў нас перавышае 950 рублёў, таму праблем з кадрамі няма. А калі працоўны калектыў складаюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, то і вытворчыя паказчыкі будуць высокімі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.