У Шчучынскай РАС ДТСААФ набылі малатанажны грузавік ГАЗ-33104 “Валдай” і прычэп да яго

У Шчучынскай РАС ДТСААФ набылі малатанажны грузавік ГАЗ-33104 “Валдай” і прычэп да яго. Тэхніка ўжо прыбыла ў арганізацыю і гатова да выезду на дарогу.

 

– Акрамя абучэння ўсіх жадаючых кіраванню легкавым аўто, мы займаемся перападрыхтоўкай вадзіцеляў з катэгорыі “В” на “С”, а таксама з “С” на “Е”, – зазначае старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Павел Васільевіч Галечын. – Для гэтага выкарыстоўваем грузавікі “КАМАЗ-4310” і “ЗИЛ-130” з прычэпамі. А сёлета наш аўтапарк папоўніўся грузавым аўтамабілем ГАЗ-33104 “Валдай”, які значна больш эканамічны ў эксплуатацыі: расходуе 16,5 літра дызельнага паліва на 100 кіламетраў, у той час як “КАМАЗу” неабходна 33 літры. Дзякуючы гэтаму істотна паменшылі кошт перападрыхтоўкі ў нашай аўташколе – з 645 да 570 рублёў.

 

Выкарыстанне грузавіка ГАЗ-33104 “Валдай” таксама дазволіць зрабіць вучэбны працэс больш камфортным.
– Гэта грузавік новага пакалення: ён мае меншы радыус развароту і ўвогуле больш просты і зручны ў кіраванні ў параўнанні з нашымі “ветэранамі”, – канстатуе вадзіцель-інструктар Дзмітрый Іванавіч Жолік. – Унутры кабіны ўтульна, таму ездзіць адно задавальненне! Прыходзьце да нас на перападрыхтоўку на катэгорыі “С” і “Е” і самі ў гэтым пераканаецеся!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!