У Шчучыне адкрыўся чацвёрты сезон перасовачнай фотавыставы “Праекты ў асобах”

 За тры папярэднія гады выстаўка пабывала ў буйных і малых гарадах Беларусі, прадставіла 58 праектаў. Яна распавядае аб праектах, што рэалізуюцца на тэрыторыі нашай краіны пры падтрымцы прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.
Шчучынцы маюць шанс пазнаёміцца з 29 праектамі. Стэнды з імі размешчаны ў гарадскім скверы. Героямі сталі звычайныя людзі, якія жывуць побач з намі: настаўнікі, інжынеры, вучоныя, бізнесмены, грамадскія дзеячы, фермеры, студэнты, школьнікі. Акрамя фатаграфій на стэндах – сціслае апісанне кожнага праекта і дасягнутыя вынікі. Выкарыстана і інфаграфіка, якая наглядна прадстаўляе механізм і важныя характарыстыкі кожнага з праектаў.


Прыемна, што сярод праектаў і наш, шчучынскі – “Павестка-50”. Правы людзей з інваліднасцю: павестка для Беларусі. Фота загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна” Анжэліны Шпакоўскай выклікала інтарэс у шчучынцаў. Наша зямлячка расказала, што ў рамках рэалізацыі праекта была створана ініцыятыўная група, у якую ўваходзяць людзі з інваліднасцю, якія не чакаюць, што нехта прыйдзе і дапаможа, а самі прыкладваюць намаганні, каб палепшыць якасць свайго жыцця і дапамагчы іншым людзям. 

 
У распрацоўцы мясцовай павесткі прынялі ўдзел больш за 30 актывістаў. Як вынік – зараз рэалізоўваецца 7 міні-праектаў у галіне працаўладкавання людзей з інваліднасцю, барацьбы са стэрэатыпамі, павышэння інфармацыі пра канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю, забеспячэння даступнага архітэктурнага гарадскога асяроддзя, павышэння патэнцыялу людзей з інваліднасцю і актыўнага ўключэння іх у дзейнасць некамерцыйных арганізацый.


Персанальная гісторыя кіраўніка лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” Аляксандра Аўдзевіча таксама ўражвае. Малады чалавек прапаноўвае вучыцца, каб дзейнічаць. Праект даў свае вынікі. У Гомелі, Гродне і Віцебску створаны рэсурсныя цэнтры для дадатковай адукацыі дарослых, у якіх арганізавана шэсць доўгатэрміновых праграм для насельніцтва. Дарэчы, Аляксандр прыняў удзел у адкрыцці выставы ў Шчучыне.
Тэмы астатніх праектаў розныя: зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, адукацыя, турызм, культура, бізнес і інклюзіўныя практыкі. У цырымоніі адкрыцця выставы прынялі ўдзел намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта, каардынатара праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Наталля Стасевіч, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна. 
Выстава будзе працаваць у Шчучыне да 30 верасня, наступны горад – Гродна, які ўжо другі раз сустракае фотавыставу. Потым “Праекты ў асобах” пабачаць жыхары і госці Брэста, Гомеля, Магілёва і Віцебска. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!