У рубрыцы "Куточак, сэрцу дарагі" расказваем пра цікавую гісторыю вёскі Стараўшчына і яе жыхароў

Разважаць над тым, у якую вёсачку нам накіравацца на гэты раз, старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама Міхаіл Міхайлавіч Жогла доўга не стаў:

 

– У Стараўшчыну. Гэта адна з вялікіх вёсак нашага сельсавета. І людзі там жывуць добразычлівыя і працавітыя. І старажылаў многа, і гісторыя ў вёскі цікавая. А сувязь можна трымаць са старастай – Галінай Уладзіміраўнай Мароз. 

 

І вось мы ў дарозе. Нас і сваіх аднавяскоўцаў ужо чакае адна са старэйшых жыхарак вёскі Марыя Кузьмінічна Талочка. Пераступаю парог гасціннага дома і па першых словах прывітання разумею, што гаспадыня – вельмі прыемная бабуля ды яшчэ і з пачуццём гумару. У прадчуванні цікавай размовы ўладкоўваюся за столікам каля акенца. А тут якраз і астатнія мае суразмоўцы падцягваюцца: Галіна Уладзіміраўна Мароз з мужам Аляксандрам Леанідавічам і Таіса Іосіфаўна Шостка. Так, дапаўняючы адзін аднаго, і расказвалі яны пра сваё жыццё-быццё і пра гісторыю сваёй роднай Стараўшчыны.

 

Жыццёвыя перыпетыі

 

– Усяго было ў маім доўгім жыцці: і радасці-весялосці, і гора вялікае, – расказвае Марыя Кузьмінічна. – У Стараўшчыне жыву ўжо 67 год, а нарадзілася ў вёсцы Мілеўцы тады яшчэ Скоржыцкага сельсавета. Потым бацькі пераехалі ў Каменку. Тата працаваў там на маслазаводзе. Я ўжо стала хадзіць у школу, калі пачалася вайна. Помню, як немцы сагналі людзей у Дом людовы, што быў у вёсцы, і падпалілі. Нам з бацькамі, а ў мяне была яшчэ сястра, удалося ўцячы і схавацца каля ракі. Таму і выжылі. Толькі ўся наша маёмасць згарэла, і мы вымушаны былі перабрацца ў Будраўцы. Хутка пасля вайны мае бацькі захварэлі. Я засталася сіратою, і мяне забрала да сябе сястра, якая на той час ужо працавала акушэркай у Дэмбраве.

 

Марыя Кузьмінічна дапамагала сястры гадаваць дзяцей, а потым пачала працаваць загадчыцай сельскай бібліятэкі ў Стараўшчыне. Неўзабаве ўзнікла думка пайсці вучыцца, і дзяўчына паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча. Пасля заканчэння працавала ў розных клубах, а затым зноў вярнулася ў Стараўшчыну.

 

– Не забыць той цудоўны час! – успамінае Марыя Кузьмінічна. – Клуб быў заўсёды бітком набіты: блага вёска славілася двума сваімі музыкантамі. І збіралася там зусім не моладзь, а людзі пад пяцьдзясят, якія вельмі любілі танцаваць! Вось тады менавіта тут у нас і зарадзілася сённяшняя знакамітая дэмбраўская кадрыля. Гэта быў усімі любімы танец, выконваць які вучылі ўсіх мясцовыя танцоры-віртуозы. Мы і выступаць ездзілі на розныя мерапрыемствы. 

 

У культуры Марыя Кузьмінічна затрымалася на дванаццаць год. А затым, па прыкладзе сястры і яе мужа-ўрача, вырашыла кардынальна змяніць сферу дзейнасці і паехала вучыцца ў Гродна на двухгадовыя курсы медыцынскіх сясцёр.

 

 

– Пасля заканчэння курсаў мяне накіравалі ў дзіцячую кансультацыю ў Шчучыне, – успамінае Марыя Кузьмінічна. – Галоўным урачом бальніцы тады быў Гаўрыла Афанасьевіч Гаўрыльеў. Год я ездзіла ў Шчучын, а затым ён перавёў мяне ў Дэмбраўскую бальніцу. Увогуле медыцыне я аддала 26 год, з якіх пяць – на пенсіі. 

 

Шмат сюрпрызаў прыгатавала ёй жыццё. Аднойчы так здарылася, што нават роды прыняла ў аднавяскоўкі ў экстрэмальных умовах. Прычым, у той час Марыя Кузьмінічна ўжо знаходзілася на заслужаным адпачынку. 

 

– Толькі сама выпісалася з бальніцы пасля таго, як перанесла інфаркт, – расказвае жанчына. – Іду па вуліцы, а тут аднавясковец кліча да сябе, быццам бы да тэлефона – мабыць, сын мой звоніць. Заходжу, а ў яго жонкі пачаліся роды. У радзільным аддзяленні бальніцы прымаць роды прыходзілася не раз. А тут у мяне – ні інструмента ніякага, ні медыкаментаў. Ну, думаю: “Што будзеш рабіць, Маруся?” А выбару не было. Тут яшчэ бачу, што ў дзіцяці двайное абкручванне пупавіны вакол шыі. Шанцы выжыць – мінімальныя. Не ведаю, як я справілася. Усе малітвы перагаварыла. Хлопчыку, якому я дапамагла з’явіцца на свет, сёння ўжо дваццаць, і ён нядаўна ажаніўся… 

 

Муж Марыі Кузьмінічны Васілій Міхайлавіч, якога яна таксама сустрэла ў гэтай вёсцы, рана пайшоў з жыцця. Чалавекам ён быў добрым, працаваў спачатку дэзінфектарам, потым лесніком. Выгадавалі двух сыноў. Адзін выбраў кар’еру ваеннага, але кароткім аказаўся яго жыццёвы шлях… А другі разам з сям’ёй жыве ў Дэмбраве і часта наведваецца да матулі, як і яе нявестка і любімыя ўнучачкі.

 

– Наша Марыя Кузьмінічна – мясцовая знакамітасць, – гаворыць Таіса Іосіфаўна. – Яе нават па тэлевізары паказвалі ў перадачы пра дэмбраўскую кадрылю. А яшчэ гэта наш мясцовы выратавальнік – яна заўсёды гатова была прыйсці на дапамогу. І хоць хапіла ёй гора ў жыцці, ніколі не губляе аптымізму. Яна заўсёды ў настроі і з гумарком. 

 

А сама Марыя Кузьмінічна і ў свае 86 радуецца жыццю і лічыць, што пражыла столькі год на зямлі дзякуючы таму, што ніколі не паддаецца паніцы, а да любой сітуацыі стараецца падысці спакойна і ўзважана. 

 

– Чым цяпер займаюся? Фізкультурай! – жартуе бабуля. І гэта пры тым, што не даюць спакою суставы і высокі ціск. 

 

Быць шчаслівай на малой радзіме

 

Таіса Іосіфаўна Шостка літаральна праз некалькі дзён адзначыць свой дзень нараджэння. Дзе б яна ні была, куды б ні закідваў яе лёс – яна заўсёды помніла пра сваю любімую Стараўшчыну і адчувала моцную сувязь са сваёй малой радзімай. 

 

– Тут я нарадзілася і вырасла, – расказвае Таіса Іосіфаўна. – Бацькі хадзілі на работу ў калгас. Тата быў франтавіком. Помню, як з дзяцінства многа працавалі: лён церабілі, бульбу капалі. Амаль усе вяскоўцы вырошчвалі тытунь, сушылі яго пад дахам, а потым звязвалі цюкі і грузілі на калгасную машыну, якая адвозіла ўраджай у Гродна на тытунёвую фабрыку.

 

Пасля заканчэння Стараўшчынскай васьмігодкі яна ажыццявіла сваю мару і паступіла ў … школу кінамеханікаў, якая была ў Астрыне. Першым месцам работы стаў саўгас “Тракелі” Воранаўскага раёна. Толькі надоўга Таіса там не затрымалася і паехала на два гады з мамай да сястры ў Казахстан, дзе таксама займалася любімай справай. Вярнуўшыся на радзіму, пасялілася ў Скідзелі. Працавала на цукровым заводзе, на птушкафабрыцы, у зеленгасе. Калі прыйшлі цяжкія 90-ыя, прыходзілася проста выжываць, і Таіса Іосіфаўна на тры гады становіцца “чаўнаком”, каб забяспечыць сваю сям’ю. Пабывала і ў Цюмені, і ў Казахстане, і ў Пскове, і ў Арэнбургскай вобласці… Часта трапляла ў розныя крытычныя сітуацыі. Аднойчы цудам удалося не загінуць: толькі 2-3 км засталося паміж цягнікамі, якія ішлі насустрач адзін аднаму па адных рэйках. У адным з іх разам з іншымі пасажырамі ехала і Таіса Іосіфаўна…

 

Некалькі месяцаў работы ў Тракелях сталі для Таісы Іосіфаўны лёсавызначальнымі. Там яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які прыехаў у тыя мясціны праводзіць электрычнасць па хутарах. Сустрэўшыся з ім аднойчы, яна нават не меркавала, што ўбачыць яго зноў. А хлопец не разгубіўся і ўпотай перапісаў з камсамольскай карткі яе адрас. Пісьмо прыйшло якраз у апошні перад ад’ездам у Казахстан дзень. Свайго суджанага Таіса Іосіфаўна дачакалася з арміі, і вось 47 год яны жывуць душа ў душу.

 

– Ужо многа год мы жывём у Стараўшчыне, – гаворыць Таіса Іосіфаўна. – Вяртаемся ў Скідзель толькі на тры зімовыя месяцы, каб крыху змяніць абстаноўку. Я не магу ў горадзе, мяне пастаянна сюды цягне. Хочацца цішыні, спакою і быць як мага далей ад гэтай гарадской цывілізацыі. Я заядлая грыбніца. Жыць не магу, калі не схаджу ў лес, а найчасцей на веласіпедзе езджу. Грыбы сушым на спецыяльным прыстасаванні і марынуем. Вельмі люблю працаваць на зямлі, у сваім агародзе. Мы з мужам заўсёды вырошчваем свае памідоры, агуркі, бульбачку і іншую гародніну. Адразу як пераехалі і гаспадарку трымалі. А яшчэ мне падабаюцца розныя кветкі, многія растуць у маім кветніку.

 

У Таісы Іосіфаўны і яе мужа двое дзяцей – дачка і сын, і адна ўнучачка. 

 

– Я вельмі люблю сваю вёсачку, – гаворыць жанчына. – Дзе ж яшчэ можна так пасядзець пад ліпкай або пад каштанам, пагутарыць, абмеркаваць апошнія навіны?! Толькі ў нашай мілай сэрцу Стараўшчыне, няхай сабе і засталося тут каля паўсотні жыхароў. Дарэчы, па звестках з некаторых крыніц яна ўзнікла яшчэ ў 16 стагоддзі. Згодна з адной легендай Стараўшчыну заснавалі стараверы. Яна лічылася старой абшчынай. Гэтыя два словы паступова зліліся, і атрымалася Стараўшчына. З двух бакоў яе акружаюць балоты. Магчыма, некалі тут было возера, таму што ў зямлі сустракаецца шмат ракушачніку. Вось такая ўнікальная наша Стараўшчына.

 

Галоўнае, што наша вёсачка жыве!

 

А вось у жыцці Галіны Уладзіміраўны Мароз усё складвалася даволі проста. Нарадзілася ў вёсцы Прудцы, закончыла Каменскую школу. Працавала апаратчыкам у Скідзелі на маслазаводзе. Потым атрымала прафесію прадаўца і па размеркаванні прыехала ў Стараўшчыну. Пазнаёмілася з мясцовым хлопцам-прыгажуном і засталася. І вось ужо 43 гады працуе, як кажуць мясцовыя жыхары, “магазінеркаю”. 

 

– Мы сустрэліся з Галінаю ў магазіне, – успамінае Аляксандр Леанідавіч. – Яго часова перанеслі на кватэру, таму што асноўны будынак рамантаваўся. Я прыйшоў нешта купіць, а затрымаўся да ранку: ніяк мы з ёю не маглі нагаварыцца.

 

Аляксандр Леанідавіч вырас у мнагадзетнай сям’і. Траіх сыноў паднімала, лічы адна, іх матуля. Цяпер яго двое братоў жывуць і працуюць у Гродне.

 

– Я так марыў стаць афіцэрам, а пайшоў у трактарысты, – расказвае Аляксандр Леанідавіч. – Хварэў бацька, і я не мог пакінуць маму. Таму на два гады паехаў вучыцца ў Воранава. Толькі паступіў, бацькі не стала...

 

Маладым спецыялістам вярнуўся на радзіму і яшчэ два гады працаваў у мясцовай гаспадарцы на гусенічным трактары. Перад службай у арміі атрымаў у Лідзе вадзіцельскае пасведчанне. 

 

Агульны вадзіцельскі стаж Аляксандра Леанідавіча – 45 год. І цяпер ён не развітваецца з тэхнікай: і мотаблок ёсць, і розныя тэхнічныя прылады. Узараць агарод нікому не адмовіць. 

 

– Я ўдзячна лёсу за свайго мужа і за сваю свякроў, якой ужо дзевяноста, – гаворыць Галіна Уладзіміраўна. – Яна вырасціла дастойных сыноў. І цяпер у такім паважаным узросце яна не можа сядзець без справы – вольны час прысвячае вязанню. 

 

Пажаніўшыся, Галіна Уладзіміраўна і Аляксандр Леанідавіч купілі свой дом, у якім выраслі іх дзве дочкі.

 

Цяпер бабулю і дзядулю радуюць двое ўнукаў. Куры, трусы, свінні, а раней і конік, каровы – Галіна Уладзіміраўна і Аляксандр Леанідавіч умеюць і любяць працаваць. У іх заўсёды была вялікая гаспадарка. 
Аляксандр Леанідавіч – вялікі аматар грыбоў. Вось і на днях прынёс цэлы кошык белых і апенек. 

 

– Галоўнае, што наша вёсачка яшчэ жыве, – разважае Галіна Уладзіміраўна. – У мінулым годзе на свята валачобнікі нас не абмінулі. Пастаянна старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама наведваецца. Каму трэба – АПА ўстановіць або батарэйку заменіць. Прыдарожныя палосы ў сезон заўсёды абкошаныя. Вось каб толькі нам невялікі кавалачак дарогі адрамантаваць… Мясцовая ўлада абяцала… 

 

…Прыемна бываць у такіх людзей. Разам з імі за кароткі час пражываць іх жыццё, разам радавацца іх светлым успамінам і сумаваць, калі цёмны цень кладзецца на твар, адчуваць іх душэўную адкрытасць. Я ўдзячна лёсу за такія сустрэчы. Бывайце здаровымі, вяскоўцы са Стараўшчыны! Жывіце доўга, і няхай будуць шчаслівымі вашы дзеці і ўнукі!

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!