У рубрыцы фамільная каштоўнасць - творчыя прозвішчы: Ліпскія, Брыль, Багушэвічы

Праз тыдзень у Слоніме загамоніць прыгожае свята – Дзень беларускага пісьменства. Сюды з’едзецца творчы люд з усёй краіны і замежжа, вядомыя паэты і празаікі. Гэта і навяло на думку пазнаёміць чытачоў са шчучынцамі, якія носяць аднолькавыя з беларускімі пісьменнікамі прозвішчы. Няхай сабе нашы землякі далёкія ад літаратурнай творчасці, але кожны з іх пакідае свой адметны след на зямлі і свае аўтографы на кнізе жыцця.

 

Самая вялікая каштоўнасць Аляксандра Брыля

 

“У Вас што ні на ёсць пісьменніцкае прозвішча”, – тлумачу Аляксандру Уладзіміравічу Брылю свой журналісцкі інтарэс да яго асобы. “Ды я калі ў інстытут паступаў, сказаў, што Янка Брыль – мой дзядуля. Адзін выкладчык паверыў, а другі засумняваўся…” – адказвае ён, і ў голасе чуецца лагодная смяшлівасць. Добры настрой субяседніка перадаецца і мне, таму размова атрымліваецца лёгкая і шчырая.

 

 

 А.У. Брыль – паважаны чалавек, клапатлівы муж, бацька траіх дзяцей, малады дзядуля, а яшчэ галоўны інжынер ААТ “Праймілк”. Гэта жыццёвая вышыня, як і ў кожнага з нас, бярэ пачатак з малой радзімы. “Карані мае на Гомельшчыне, – тлумачыць Аляксандр Уладзіміравіч. – Нарадзіўся ў Калінкавіцкім раёне, жыў у Хойніках”. Дарэчы, яго мама, Марыя Іосіфаўна, якая 52 гады таму завяла жыццёвы гадзіннік сына, сама прайшла праз сіроцтва (бацькоў расстралялі фашысты), пасля вайны выхоўвалася ў дзіцячым доме ў Чарнобылі. Гэты пакутны горад – яе радзіма. Жанчына вельмі старалася, каб выраслі і знайшлі месца ў жыцці сын і дачка. Між іншым, на сыходзе свайго зямнога шляху Марыя Іосіфаўна жыла ў доме сына ў Васілішках, на мясцовых могілках і пахавана.

 

Аляксандр Уладзіміравіч перад пачаткам размовы папярэдзіў, што ён не любіць публічнасці, і пра сябе расказваў мала і стрымана. Так, у 1992 годзе пасля заканчэння інжынерна-педагагічнага факультэта Мазырскага педінстытута трапіў у Ліду, адтуль – у Васілішкі. “Прываблівала перспектыва: новы комплекс, жыллё. Перагаварыў з У.У. Сянютам, той даў дабро на пераезд, – прыгадвае А.У. Брыль. – Пачынаў зваршчыкам. Потым працаваў інжынерам-цеплатэхнікам, начальнікам кацельні, галоўным інжынерам-энергетыкам – усяго 21 год. Цяпер вось – на “Праймілку”. Субяседнік падкрэслівае: сур’ёзная пасада – вялікая адказнасць за забеспячэнне жыццядзейнасці прадпрыемства. Таму кіраўнік ён патрабавальны і строгі, хаця мае спакойны нораў і любіць добры жарт.

 

 У лёсе А.У. Брыля інжынерная лінія ўзяла верх над педагагічнай. А вось жонка, Ірына Станіславаўна, засталася вернай абранай прафесіі, ужо многа год працуе ў Цэнтры дашкольнага развіцця дзіцяці. Дарэчы, пажаніліся яны яшчэ ў часы студэнцтва ў Мазыры. З дыпломам вярнулася Ірына на Шчучыншчыну: тут у вёсцы Баяры Галавічпольскія яе бацькаўшчына.

 

 “А як у Вас, Аляксандр Уладзіміравіч, з творчымі здольнасцямі? Мо літаратурай у маладосці цікавіліся?”, – скіроўваю размову на тэму праекта. Ён усміхаецца: “Аднойчы ў арміі быў запявалам. І то таму, што меў самы гучны голас”. Але мы, журналісты, заўжды ведаем пра сваіх герояў крышку больш. Вось і пра талент трох дочак А.У. Брыля – таксама. Іх бацька не адмаўляе гэты факт, пра сваіх Машу, Алену і Олю расказвае з асаблівым замілаваннем. Пра тое, як з дзяцінства захапіліся музыкай, у якіх творчых групах выступалі, якіх вышынь дасягнулі. Так, Марыя пакарыла талентам сваю альма-матэр – Баранавіцкі дзяржуніверсітэт. А калі прыступіла да працы ў СШ №11 г. Ліды, захапіла дзяцей чарлідынгам і вывела іх на рэспубліканскі ўзровень. Дарэчы, цяпер яна ўжо кіраўнік Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Што да двайнят Алены і Вольгі, то яшчэ будучы студэнткамі БДЭУ, дзяўчаты прынялі ўдзел і выдатна выступілі ў праекце “Акадэмія талентаў” на АНТ. Цяпер жа галоўная песня для гэтых абаяльных і таленавітых асоб – калыханка. “У 2017 годзе дочкі падарылі нам з жонкай двух унукаў і ўнучку”, – з ноткамі пяшчоты ў голасе прамаўляе Аляксандр Уладзіміравіч. – Мая сям’я – гэта аснова і самая вялікая каштоўнасць. Для іх працую і жыву”.

 

Ліпскія з Ліпічна: на шляху да мары

 

Расказваю жыхару вёскі Ліпічна Міхаілу Станіслававічу Ліпскаму, што яго аднафамілец, вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі выдаў кнігу “Усе мы – радня”, арганізаваў сустрэчу для сваякоў і чужых людзей з такім, як у яго, прозвішчам. Мой субяседнік прызнаецца: не чуў пра гэта. А так мо і сам адважыўся далучыцца да той “ліпскай суполкі”. Упэўнена, яму, патомнаму механізатару з амаль 30-гадовым стажам, няўтульна там не было б. Гэты чалавек дастойна прадаўжае род спрадвечных земляробаў і сваім жыццём сцвердзіў галоўную аксіёму, што родная зямля сілы дае.

 

 

 Жыве М.С. Ліпскі ў Ліпічна, а бацькаўшчына яго ў вёсцы Прэціма. Там і цяпер стаіць дом, дзе па-асабліваму дыхаецца. “У апошні час мы з сёстрамі збіраемся тут у навагодні вечар, – расказвае мужчына. – Чакаем, што падтрымае традыцыю і брат”. І падчас гэтай цёплай сустрэчы дарослыя дзеці заўжды прыгадваюць добрым словам бацьку Станіслава Іванавіча і маці Марыю Майсееўну. Гэта іх жыццёвая мудрасць паспрыяла таму, што дзве дачкі і два сыны выраслі прыстойнымі людзьмі. “Тата быў механізатарам, звеннявым па вырошчванні бульбы, а мама працавала ў паляводстве і крыху на ферме, – успамінае Міхаіл.

 

– Звычайныя вясковыя людзі: старанныя, сумленныя і… смелыя. Як толькі пажаніліся, сабралі самыя неабходныя пажыткі і паехалі ажно ў Сібір – грошай зарабіць, каб пабудаваць свой дом. Як задумалі, так і атрымалася”.

 

У малодшага з дзяцей – Мішы – біяграфія простая: школа, служба ў арміі ў далёкім Узбекістане, самастойная праца. Першым рабочым месцам стаў калгас “Нёман”. “Уладкаваўся я сюды 21 ліпеня 1990 года, разам са сваім сябрам Андрэем Красочка, – расказвае субяседнік. – Першым трактарам быў МТЗ-50. Дарэчы, на МТЗ працаваў усё жыццё і мой тата. А ўжо потым я асвоіў розную тэхніку: і “Ніву”, і КЗР-10, на якім гадоў з 10 на ніву выходзіў. Араў, сеяў, ураджай убіраў. Але доўга не мог спраўдзіць сваю мару – сесці ў кабіну магутнага “Амкадора”. З-за яго год назад і перайшоў з ААТ “Орля” ў “Жалудоцкі агракомплекс”. Нічога не скажу: калектыў там добры, але як толькі паклікалі на “Амкадор” у роднай гаспадарцы, я вярнуўся назад. Яшчэ нядаўна мы з маім “волатам” былі заняты на збожжаскладзе, а цяпер – на закладцы сенажу ў траншэі”.

 

Сям’я Міхаіла Станіслававіча ў свой час атрымала дом. Абуладкаваліся, гаспадарку трымаюць: мясам і гароднінай забяспечаны. Спраўляюцца ўдваіх, бо дочкі вучацца ў Гродне: старэйшая Дзіяна – у аграрным універсітэце, а малодшая Дар’я – у гандлёвым каледжы. А гаспадыня дома, Марына Антонаўна, працуе ў краме ў Тапілішках. Не бяда, што далёка ад дома, – сама водзіць машыну. А яшчэ яна, як і муж, толькі нядаўна спраўдзіла мару – атрымаць вышэйшую адукацыю: “Паступіла ў аграрны ўніверсітэт на эканамічны факультэт”, – задаволена жанчына. Вось такія мэтанакіраваныя людзі гэтыя Ліпскія.

 

“Што раблю? Жыццё люблю!”, – напісаў аднойчы пісьменнік і цёзка нашага ліпічнаўскага Ліпскага. Тое ж можа сказаць пра сябе і Міхаіл Станіслававіч. Ён любіць сваіх родных і работу, у вольную хвіліну з ахвотай даглядае ўласны Т-40, падораны лепшым сябрам Юрам Белушам, атрымлівае асалоду ад збору грыбоў і ад таго, што жыве на роднай зямлі.

 

Яўген Багушэвіч: вадзіцель з душой музыканта

 

“Ой, зраблю я дудку, такое зайграю, што ўсім будзе чутка, ад краю да краю…”, – абяцаў у вершы адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. А вось наш зямляк Яўген Багушэвіч нікому нічога не абяцаў, а проста спраўдзіў жаданне свайго бацькі Эдварда Іванавіча – і вывучыўся граць на акардэоне. “Тата купіў мне двухрадку, потым нямецкі акардэон, і я пакрысе вучыўся ў аднаго мясцовага музыкі, а найбольш самастойна”, – расказвае Я.Э. Багушэвіч. Інструмент і цяпер пад рукой. Вальс “Амурскія хвалі”, іншыя мелодыі неаднойчы чулі ў яго выкананні сям’я, брат Юрый, сястра Люцыя і іх родныя. А яшчэ, як толькі збяруцца разам, любяць і заспяваць. Гэты талент – ад мамы Станіславы Пятроўны.

 

 

На жаль, бацька – руплівец-механізатар – рана пайшоў з жыцця, пакінуўшы на руках у жонкі траіх дзяцей, малодшанькаму з якіх было толькі пяць гадкоў… Усе клопаты леглі на ўдаву (яна ўпраўлялася і дома, і ў калгасе – нават у Маскве на ВДНГ пабывала), а таксама Яўгена – на той час школьніка. “Не цураўся ніякай работы, хацелася, каб брат і сястра вывучыліся, – прызнаецца цяпер ён. – Пасля 8 класа я ўжо быў памочнікам у свайго дзядзькі-камбайнера, а пасля 9-га працаваў на трактары. Яшчэ да арміі скончыў курсы ў ДТСААФ і сеў за руль ГАЗ-53 – вазіў торф, – прыгадвае першыя рэйсы Яўген Эдвардавіч. – Папулярны тады лозунг: “Жывеш на вёсцы – ведай тэхніку” я і мае равеснікі падтрымлівалі на справе”.

 

З тых першых выездаў мінула шмат часу. У вадзіцеля ААТ “Васілішкі” Я.Э. Багушэвіча ўжо стаж 35 год. Тысячы кіламетраў дарог – такі яго аўтограф на зямлі. Працаваў на розных аўто, скончыў сельгастэхнікум. Цяпер яго рабочае месца ў кабіне аўтобуса. Пачынае дзень у 6 раніцы, дамоў вяртаецца пад 9 вечара. У салоне яго прасторнага жоўценькага МАЗ 256-270 дабіраюцца на працу і дамоў спецыялісты і работнікі гаспадаркі, а дзеці – на заняткі ў школы. “Старанны, адказны, з людзьмі ўмее ладзіць”, – так характарызуюць Эдвардавіча ў гаспадарцы. “Характар у нас, Багушэвічаў, такі: усё хочам зрабіць добра”, – адказвае на гэта мой субяседнік. “Надзейны” – такое важкае слова пра мужа і ад жонкі Тарэсы Антонаўны. Яўген да вернай спадарожніцы жыцця таксама з любоўю і павагай. Цудоўных дочак, Анжаліку і Ірыну, яму падаравала, гаспадыня выдатная, заўжды з разуменнем да мужавай работы ставіцца, ды і сама на ніве адукацыі 31 год адпрацавала. Дарэчы, дочкі Багушэвічаў ужо замужам – “прышчапіліся” да галін іншых родаў, нарадзілі сваіх дзетак. Між іншым Анжаліка, атрымаўшы дыплом ВНУ, пачала працу ў ААТ “Васілішкі” – вядучым аграномам сада. А Ірына - кандытар, у будучым інжынер-тэхнолаг.

 

А ў Галасавічах і цяпер паглядае ў акенца, чакае сваіх ужо дарослых крывінак мама. 83-гадовая Станіслава Пятроўна, загартаваная жыццём і працай, яшчэ не так даўно і кароўку трымала. Яна багатая на радзіну: мае 7 унукаў і 7 праўнукаў. І ўсе да яе з пяшчотай. Той жа Яўген усе матуліны просьбы выконвае і проста абагаўляе. Гэта зразумела і па фота, змешчанага на яго старонцы ў адной з сацыяльных сетак.
 І яшчэ адзін цікавы штрых. Георгіеўскім кавалерам прыйшоў некалі дамоў пасля 25 (!) год службы ў арміі дзед Яўгена Эдвардавіча – Іван Багушэвіч. Вось такія моцныя карані ў нашага героя.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!