У Ражанкаўскім дз/с-СШ у гонар 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пасадзілі 75 туй

Кожны раз, бываючы ў Ражанкаўскім дз/с-СШ, любуюся прышкольнай тэрыторыяй. Усё прыгожа, вытрымана ў адным стылі, акуратна і дагледжана. І цяпер, спяшаючыся да галоўнага ўваходу, крыху збоку заўважаю свежа падрыхтаваныя лункі для пасадкі дрэўцаў.
 – Сёння мы пасадзім 75 туй – у гонар 75-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – тлумачыць дырэктар Ражанкаўскага дз/с-СШ Ала Тадэвушаўна Цывінская. – Гэту ганаровую місію даверым сёлетнім выпускнікам і іх класнаму кіраўніку Веры Яўгеньеўне Куроўскай. 


Юнакі і дзяўчаты з энтузіязмам узяліся за справу. Адна за адной туйкі прыгожа выстройваліся ў роўную шарэнгу. Вельмі хутка 75 дрэўцаў былі пасаджаны на двух адведзеных участках, а рабяты любаваліся на сваю работу. Выдатны след яны пакінуць у роднай школе, ды яшчэ ў гонар такой важнай памятнай даты. Да гэтай зялёнай акцыі далучыўся і старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей.


– Мы актыўна рыхтуемся да знакавага юбілею, – гаворыць Ала Тадэвушаўна. – У вестыбюлі школы абуладкавалі тэматычную фотазону, дзе кожны можа зрабіць здымак на памяць. Я і сама ўжо стала першым удзельнікам фотасесіі. Нашы рабяты прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў, прысвечаным Вялікай Перамозе і вызваленню краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Лепшыя з іх размешчаны на выставе.

Таксама ў сувязі з надыходзячымі святамі былі абноўлены экспазіцыі ў музеі. У раздзелах “Вялікая Айчынная вайна”, “Яны служылі ў Афганістане”, “Мінулае малой Радзімы”, а таксама ў іншых рэстаўрыраваны стэнды. Інтэр’ер дапоўняць новыя тумбы. З’явілася ў музеі і яшчэ адна цікавая экспазіцыя: “Наша школа ўчора і сёння”. У планах – камп’ютарная версія музея, якая пачне працаваць у бліжэйшы час і будзе ўтрымліваць падрабязныя звесткі пра кожны экспанат. 


У дзіцячым садку ў рамках бізнес-кампаніі “Сюрпрыз”, якая дарэчы сёлета стала пераможцам І раённага фестывалю школьных бізнес-кампаній у намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя”, працуе творчая майстэрня, якою кіруе памочнік выхавацеля Святлана Станіславаўна Кучук. 


Прыгожыя маленькія шэдэўры, а інакш іх не назавеш, стварае Святлана Станіславаўна разам са сваімі калегамі. Да Дня Перамогі яны вырабляюць бутаньеркі, цудоўныя букецікі з магніцікамі, якія напярэдадні свята рабяты ўручаць пажылым людзям. Сярод іншых паробак – унікальныя кошычкі для велікоднага яйка, прыхваткі, чаравічкі і многае іншае. Дарэчы, свае вырабы яны паспяхова рэалізуюць.


Святы ўсё бліжэй, а школьнікі і педагогі Ражанкаўскага дз/с-СШ ужо сёння гатовы іх сустрэць дастойна.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.