У рамках акцыі “Пачні дапамагаць вясной” працоўныя дэсанты валанцёраў школ раёна дапамагаюць людзям сталага веку

Жыхарка Шчучына Яніна Іосіфаўна Якімовіч расчулена да слёз.
– У мяне ж нікога няма – ні сям’і, ні радні. І здароўе не на жарт падводзіць. Думала, як жа спраўлюся з гэтымі дровамі? А тут цэлы атрад на дапамогу прыйшоў. Дзякуй вам, дзеткі, – звяртаецца бабуля да хлопцаў і дзяўчат – вучняў дружнага 11 “Б” з першай гарадской школы.

Увогуле за Янінай Іосіфаўнай наглядае Любоў Рыгораўна Кавалёва – сястра міласэрнасці раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”. Яна пільна сочыць за выкананнем назначэнняў участковага ўрача, мерае бабулі ціск, прыносіць з аптэкі лякарствы. А калі даведалася, што непакоіць яе падапечную, звярнулася да валанцёраў.
– І мне, і маім аднакласнікам вельмі падабаецца дапамагаць людзям, – прызналася адзінаццацікласніца Кацярына Якусік. – Паглядзіце, як на вачах змяншаецца стос з дрывамі. Мы іх не толькі пераносім у адведзенае месца, але і акуратна складваем. 
– Такія ж працоўныя дэсанты на рахунку валанцёраў Васілішкаўскай СШ, Ражанкаўскага і Гала­вічпольскага вучэбна-педагагічных ком­плексаў, – распавядае старшыня раённай арганізацыі БТЧК Галіна Станіславаўна Мацюк. – Хтосьці дапамагае людзям сталага веку прыбраць у кватэры, хтосьці – дастаць на пасадку бульбу з падвала. Работы хапае. У рамках акцыі “Пачні дапамагаць вясной” найменш сацыяльна абароненым мы раздалі прадуктовыя наборы, будзем закупляць і гігіенічныя сродкі, каб дапамагчы інвалідам. Узносы, сабраныя сябрамі таварыства, матэрыялізуюцца ў рэальную падтрымку тых, хто ў гэтым мае асабліва вострую патрэбу.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!