У п’яным угары

Па вуліцы бегла жанчына і моцна крычала. Здарылася нешта кепскае, вырашылі вяскоўцы, якія сталі сведкамі эмацыянальнай сітуацыі, і накіраваліся насустрач напалоханай зямлячцы. Тая праз слёзы патлумачыла: дома канфлікт, там “рэжуць і забіваюць”…
Успрыняўшы крык жанчыны як заклік аб дапамозе, праз хвіліну-другую мужчыны ўжо былі ля сядзібы, дзе жылі бацька і маці маладой асобы. Насустрач ім выйшаў муж жанчыны і зяць гаспадароў дома. Ён трымаўся рукой за грудзі, адтуль выступала кроў. А ў сенях хаты на падлозе ляжалі яго акрываўлены цесць і ледзь прытомная цешча…
Карціна стала праясняцца, калі прыехалі “хуткая дапамога” і ўчастковы інспектар міліцыі. Пад дахам вясковага дома адбыўся канфлікт, замешаны на алкаголі. Да трагічнага зыходу было імгненне… Бог засцярог.
Чаму сёння расказваем пра гэта? Каб у каторы ўжо раз засведчыць: алкаголь – страшная бяда, якая правакуе сваркі і бойкі, абуджае ў людзях звярыную жорсткасць, рушыць лёсы, забірае жыцці… Алкаголь – каталізатар злачынстваў. Аднойчы зарадзіўшыся на дне чаркі, а потым зноў і зноў “падкормленая” градусамі, гэта бяда разрастаецца як чайны грыб – пакуль не набудзе памеры вялікай, небяспечнай для людзей і грамадства.
 Нешта падобнае адбывалася і ў гэтай маладой сям’і. Праблемы пачаліся, калі муж стаў часта заглядаць у чарку. У такія хвіліны ён станавіўся агрэсіўным, і жонка сыходзіла з дзецьмі да бацькоў. У іх яна знаходзілася і ў гэты дзень. А праз нейкі час сюды ж “даставіўся” п’яны муж. Прычапіўся з-за дробязі, распачаў сварку. Безумоўна, бацькі выйшлі на шум і заступіліся за дачку: сталі паціху выправоджваць агрэсіўнага зяця з дому. Магчыма, гэта атрымалася б, каб не адна акалічнасць – цесць таксама быў на падпітку. Вось тут і найшла, умоўна кажучы, шклянка на шклянку. Сіла была на баку зачыншчыка канфлікту: ён пусціў у ход кулакі, а калі пажылы чалавек упаў, нанёс таму ўдары нагамі. У нейкі момант у руках гаспадара дома аказаўся нож, якім ён, абараняючыся, і тыкнуў свайго крыўдзіцеля. Такім чынам цялесныя пашкоджанні атрымалі абодва мужчыны. Хапіла страху і жанчынам. Гаспадыня дома з усіх сіл старалася прыпыніць бойку, але таксама атрымала ад зяця моцны ўдар. А яе дачка, убачыўшы, які небяспечны паварот набывае сітуацыя, пабегла клікаць на дапамогу.
Безумоўна, на цвярозую галаву да мужчын прыйшло разуменне таго, што нарабілі ў п’яным угары. Бакі памірыліся, а зяць нават закадзіраваўся. Аднак гэта не дапамагло яму пазбегнуць крымінальнай адказнасці, паколькі яго “апанент” у канфлікце атрымаў не толькі лёгкія раны і крывападцёкі, але і цяжкае цялеснае пашкоджанне – закрыты пералом. Суд прызнаў маладога чалавека вінаватым у наўмысным нанясенні пашкоджання, небяспечнага для жыцця, і на падставе ч.1 арт.147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на чатыры гады.
Дзмітрый СІНІЛА, памочнік пракурора раёна. 
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

Фото их открытых интенет-источников.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!