У прышкольным лагеры Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага адпачываюць 20 рабят

Апошні месяц лета ўступіў у свае правы. Зусім мала часу засталося ў школьнікаў на адпачынак. Хутка празвініць школьны званок, і дзеці сядуць за парты. А пакуль… Пакуль усе сілы трэба накіраваць на тое, каб выдатна і з карысцю правесці час, атрымаць мноства пазітыўных эмоцый і зарад бадзёрасці на ўвесь наступны навучальны год.

Менавіта так і паступаюць вучні Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага. Ужо некалькі дзён тут дзейнічае прышкольны лагер з дзённым знаходжаннем “Зорка”, выхаванцы якога здорава адпачываюць. 


– Наш лагер – спартыўна-аздараўленчага накірунку, – расказвае дырэктар лагера Ірына Антонаўна Юрэвіч. – Адпачываюць тут дваццаць рабят пятых – сёмых класаў. Для таго, каб зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак, мы распрацавалі спецыяльную праграму, якая ўключае ў сябе самыя розныя конкурсы, спартыўныя і творчыя мерапрыемствы. 
Цікава і крэатыўна прайшоў першы дзень змены. Усю сваю выдумку і фантазію накіравалі рабяты на тое, каб прыдумаць назву, дэвіз, рачоўку і эмблему атрада. Са святочнай праграмы “Лета чырвонае, вясёлае, цудоўнае!” і пачаўся адпачынак атрада “Фарсаж”. 
Не менш цікавымі аказаліся і наступныя дні. Пераможцам конкурсу малюнкаў “Спорт, ты – сіла!”, які адбыўся ў рамках акцыі “Лета – на здароўе”, стаў Яўгеній Лісай. У летнім кросе “Ад старту да фінішу” вызначыўся лепшы бягун лагера – Павел Аўсянік. З асобым азартам удзельнічалі дзеці ў спартыўна-забаўляльнай праграме “Волатаўскі турнір”.


Супервесела прайшоў у лагеры Дзень гумару і смеху! Рабяты даказалі, што фантазіраваць, прыдумваць і жартаваць – гэта іх хобі. Брэйн-рынг “Жыццё без усмешкі – проста памылка”, фотасесія, караоке-шоу – кожны знайшоў прымяненне сваім здольнасцям. А вось самым лепшым салістам свята дзіцячай песні стаў Уладзіслаў Дзікевіч з песняй “Белыя ружы”. 
А мы трапілі ў лагер у Дзень добрых манер. Педагогі расказалі рабятам пра тое, як правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях, як важна быць культурнымі і ветлівымі, ведаць правілы этыкету. З цікавасцю наведалі выхаванцы лагера храм Марціна Тураўскага ў Жалудку. Яго настаяцель падрабязна расказаў пра гісторыю стварэння гэтай святыні.
– Я вырашыў адпачыць у лагеры, таму што дома сумна  і няма чым заняцца, акрамя камп’ютара і тэлефона, – гаворыць Дзмітрый Крываногаў. – А тут шмат сяброў, цікавая праграма адпачынку з самымі разнастайнымі мерапрыемствамі – сумаваць увогуле не даводзіцца. Асабліва мне падабаецца хадзіць на экскурсіі, падчас якіх можна даведацца шмат цікавага пра свой родны  Жалудок. 
Згодна з Дзмітрыем і Ганна Васількевіч. 
– Некалькі тыдняў канікулаў я правяла ў сваёй бабулі ў суседніх Красулях, – расказвае дзяўчынка. – А цяпер вось з задавальненнем наведваю прышкольны лагер. Мне падабаецца праводзіць час з сябрамі, удзельнічаць у мерапрыемствах, асабліва творчых, таму што вельмі люблю танцаваць. У школьны час я займаюся ў танцавальным гуртку Жалудоцкага Дома культуры. 
…Пасля выдатнага абеду, крыху адпачыўшы, рабяты накіраваліся на школьны стадыён, каб прыняць удзел у спартыўнай эстафеце. Наперадзе іх чакае яшчэ шмат цікавых мерапрыемстваў і новых сустрэч.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.