У праекце Куточак сэрцу дарагі – веска Грамкі, якая славілася адмысловымі майстрамі

Мы працягваем наш праект і на гэты раз накіроўваемся ў вёску Грамкі Астрынскага сельсавета. Мясцовыя жыхары не ведаюць, чаму іх населены пункт атрымаў некалі менавіта гэту назву. А я, слухаючы расказы вяскоўцаў, зрабіла для сябе такую выснову: напэўна, слава пра тых майстроў, якія тут заўсёды жылі, моцна гучала па ўсім наваколлі. Проста грымела! 

У Грамках былі свае сталяры і кавалі, печнікі, краўцы і бондары, а таксама майстры, якія выраблялі хто вупраж для коней, хто граблі. Уся неабходная, так сказаць, для жыцця вытворчасць была наладжана на месцы. На жаль, амаль нікога з гэтых майстроў ужо няма ў жывых, толькі слава пра іх да гэтай пары не сціхае…
“Дзяцей выхоўвалі сваім прыкладам”
Першай, да каго мы завіталі ў Грамках, была стараста вёскі Яніна Францаўна Маркевіч. Сустрэла яна нас не адна: у бабулі гасцілі ўнучачкі Маша і Яна. У дзяўчынак пачаліся канікулы, а лепшы адпачынак, чым чыстае вясковае паветра са свежым, адразу ад кароўкі, малачком, наўрад ці прыдумаеш. 
– Я прыехала ў Грамкі 53 гады таму, калі мы пажаніліся з маім мужам Мечыславам Станіслававічам, – расказвае Яніна Францаўна. – А нарадзілася ў Старынках. У сям’і маіх бацькоў было чацвёра дзяцей, як, дарэчы, і ў бацькоў мужа. Вучылася спачатку ў школе ў Ліпічна, потым у Баярах Жалудоцкіх. Пасля васьмі класаў закончыла курсы бухгалтараў, крыху пазней тэхнікум і дваццаць два гады працавала ў саўгасе “Навадворскі”. А потым 18 год узначальвала аддзяленне сувязі ў Грамках. Такім чынам, у маёй працоўнай кніжцы толькі два запісы аб уладкаванні на работу. Свайго Мечыслава я сустрэла, калі працавала ў саўгасе. Ён быў вадзіцелем. Перад службай у арміі працаваў на цаліне ў Казахстане. Калі пажаніліся, дзевяць гадоў жылі ў яго бацькоў у Грамках, а тым часам будавалі свой дом. Добрыя былі людзі мае свёкар са свякроўкай, і нам дапамагалі. Свякроў за дзецьмі прыглядвала: за малых я заўсёды была спакойная.
У Мечыслава Станіслававіча і Яніны Францаўны трое дзяцей. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі людзьмі дастойнымі і паважанымі. Старэйшы сын Віктар – намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях РУП “Гродзенскае вытворчае скураное аб’яднанне”. Разам з жонкай выхавалі дзвюх 
дачок. 
Сын Анатолій працаваў на розных пасадах, да нядаўняга часу быў старшынёй Навагрудскага райвыканкама. У лютым гэтага года назначаны памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектарам па Брэсцкай вобласці. Яго асаблівая радасць і гонар – трое сыноў. 
А дачка Наталля працуе ва ўпраўленні эканомікі Шчучынскага райвыканкама. Маша і Яна – яе дачушкі. Маша закончыла першы клас, любіць маляваць і марыць навучыцца фатаграфаваць і шыць. А Яна, ужо чацвёртакласніца, любіць катацца на роліках і на веласіпедзе, займаецца ў школе мастацтваў – іграе на фартэпіяна. 
– Можа ў вас ёсць якія-небудзь асаблівыя сакрэты, як выхаваць дзяцей дастойнымі людзьмі? – пытаюся ў Яніны Францаўны.
– Мы з мужам заўсёды стараліся жыць правільна, – на хвіліну задумаўшыся, адказала жанчына. – Многа працавалі, паважалі людзей, усяму вучылі дзяцей сваім прыкладам. І цяпер кожны раз, як Віктар і Анатолій прыязджаюць дамоў, першая справа – штосьці нам дапамагчы: пакасіць, у хляве, дзе кароўка, пачысціць. Яны ніякай работы не цураюцца, з маленства прывучаны да працы. Мы з мужам пакуль яшчэ трымаем кароўку, свінак, курачак. Вам не перадаць, наколькі для мяне ў радасць даглядаць сваю рагулю. Гэта ж у вясковай сям’і сапраўдная карміцелька. Я і масла сваё б’ю, і сыры раблю. Дзеці ніколі не адмаўляюцца ад такіх дамашніх прысмакаў. 
Уся вялікая сям’я Мечыслава Станіслававіча і Яніны Францаўны абавязкова збіраецца разам на Каляды і Вялікдзень. Нават унучка Дзіяна са сваім мужам, якія жывуць у Балгарыі, прыязджалі сёлета на святы. Сямейныя традыцыі тут шануюць і паважаюць. 
Сем унукаў – самае вялікае шчасце бабулі і дзядулі, іх самая вялікая радасць. Спакойна на душы ў Яніны Францаўны і яе мужа толькі тады, калі ў дзяцей і ўнукаў усё ладзіцца. 
“Муж быў першым трактарыстам у вёсцы”
Сядзіба Яніны Іванаўны Багдзевіч, да якой мы накіраваліся разам з Янінай Францаўнай, знаходзіцца на другім канцы вёскі. Гаспадыня ветліва сустрэла 
гасцей.

– Не толькі я, але мае мама і тата, мой муж і яго родныя нарадзіліся ў Грамках, – адказвае на маё пытанне жанчына. – Гэтаму дому, які належаў яшчэ дзядулю і бабулі мужа, і ў якім я цяпер жыву адна, амаль сто гадоў! 
Яніна Іванаўна дваццаць год адпрацавала даяркай у саўгасе “Навадворскі”, спачатку на старой ферме, а потым на комплексе, які быў здадзены ў эксплуатацыю ў 1978 годзе. Быў час, 18 кароў даіла ўручную тры разы на дзень. Нялёгка прыходзілася, тым больш, што ў сям’і падрасталі чацвёра дзяцей: тры дачкі і сын. 
– Мой муж Мечыслаў Станіслававіч, з якім мы пражылі разам амаль 56 год, пасля заканчэння школы самы першы з Грамкоў паехаў у Воранава вучыцца на трактарыста, – ганарыцца жанчына. – Потым убіраў ураджай на цаліне ў Казахстане, служыў у арміі. З арміі прыйшлося вяртацца на малую радзіму: яго бацька быў на вайне, страціў здароўе і памёр маладым. А мне пасля вяселля нават прозвішча змяняць не прыйшлося: маё дзявочае таксама было Багдзевіч. 
– Нашы Грамкі – гэта вёска сапраўдных майстроў, – ганарыцца Яніна Іванаўна. – Мой бацька Іван Іванавіч быў першым сталяром на ўсю акругу. Ён мог і хату пабудаваць, і дах накрыць, і вокны вырабіць, вазы. Калі я замуж ішла, нават шафу мне змайстраваў, да гэтай пары яна стаіць, як напамін пра бацьку, пра яго залатыя рукі. 
– А сама Яніна Іванаўна таксама на ўсе рукі майстрыха: і ткала, і прала, і вышывала, і шыла – сваім дзяўчатам прыданае рыхтавала, – падказвае Яніна Францаўна. 
– Пакуль яны выраслі, мода змянілася, і мае тканыя дываны ім ужо непатрэбнымі сталі, – усміхаецца бабуля. – Вось цяпер свае канапы ўпрыгожваю. Калі была маладзейшаю, сукенкі дзяўчатам на выпускныя шыла, верхнюю вопратку і іншае адзенне. Я ж дзве зімы вучылася ў Бакштах на краўчыху, таму шыць добра ўмею. 
А ў маладосці Яніна Іванаўна шмат часу ў клубе мясцовым праводзіла: дзяўчат у вёсцы было многа, дык яны і канцэрты арганізоўвалі, і нават п’есу “Паўлінка” паставілі, дзе сваю ролю іграла і Яніна Іванаўна. І ў іншыя клубы ў Бакшты ды ў Хадзілоні выступаць ездзілі. 
Чацвёра дзяцей, сямёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў... Шчаслівая Яніна Іванаўна, як яна сама лічыць, што дажыла да такіх часоў і можа парадавацца іх поспехам. А дзеці пра матулю не забываюць, прыязджаюць, дапамагаюць. Сын і зяці ўсё пакосяць, падрамантуюць. Матулю яны сваю любяць і 
шануюць. 
Праз два гады – брыльянтавае вяселле
Менавіта столькі пражылі разам Эмілія Станіславаўна і Іосіф Браніслававіч Хваль. Мы засталі іх дома: яны уладкаваліся перад тэлевізарам, каб паслухаць навіны надвор’я. Вельмі ўжо дожджыку чакалі. Іх акуратнаму дагледжанаму агародзіку вада была ой як патрэбна.


– Грамкі – наша родная вёсачка, – гаворыць Эмілія Станіславаўна. – Тут і бацькі нашы нарадзіліся, і дзяды. У маёй сям’і было чацвёра дзяцей, у сям’і мужа – пяцёра. Бацькі беднавата жылі, зямлі не хапала. Тата вярнуўся з вайны паранены. Многае лягло на маміны плечы. Помню падаруначкі, якія рыхтавала нам мама на Каляды: яблыкаў насушыць, арэшкаў збярэ і галушак напячэ. Такі пакуначак атрымліваў кожны з дзяцей. 
 Калі Эмілія Станіславаўна і Іосіф Браніслававіч пажаніліся, адразу пачалі будаваць свой дом.
– Усяго ў жыцці хапала, пакуль крыху разжыліся, – гаворыць бабуля, якой, дарэчы, ужо за 80. – 25 гадоў адрабіла паштальёнам. Колькі кіламетраў пяшком прайшла – не падлічыць! Спачатку насіла пошту ў дальнія вёскі, а потым перайшла на ўчастак, які быў бліжэй. Вясною, летам і ўвосень на ровары ўсюды дабіралася – гэты транспарт нам на пошце выдавалі. А зімою па 15 кіламетраў пяшком праходзіла. Бывала, муж сустракаў. Надта страшна было праз лес хадзіць. Я ж заўсёды грошы людскія пры сабе мела: пенсіі, а таксама тыя, якімі вяскоўцы за святло на талоны разлічваліся. 
Іосіф Браніслававіч працаваў у паляводстве, на трактары ў гаспадарцы. І жонцы паспяваў дапамагчы. Гаспадарку яны трымалі вялікую, па 30-40 сотак бульбы садзілі, буракі, іншую гародніну. Работы заўсёды хапала. А Эмілія Станіславаўна і масла сваё біла, і сыры рабіла, і каўбаску, і саланіну. Як маглі, стараліся дапамагчы сваім двум сынам, якія жывуць у Гродне.
– А цяпер яны нас даглядаюць і ўсяго прывозяць, – гавораць шчаслівыя бацькі. – Такое жыццё настала: і купіць ёсць за што, прадуктаў і розных рэчаў хапае. А жыць, на жаль, ужо няма калі. Наша невялічкая гаспадарка – дзесяць курачак і 
гарод.
На здароўе Іосіф Браніслававіч і Эмілія Станіславаўна, як кажуць самі, моцна не скардзяцца. Адна праблема – гаспадыні дома вельмі цяжка хадзіць, падводзяць ногі. 
А кожную нядзельку і ў святы яны на сваім аўтамабілі абавязкова накіроўваюцца ў касцёл у Новы Двор. У свае 83 Іосіф Браніслававіч яшчэ добра кіруе. І заўсёды чакаюць у госці сваіх дзяцей, чацвярых унукаў і чацвярых праўнукаў. 
…Прыемнай атрымалася паездка. Напэўна, таму, што падарыла душэўныя сустрэчы з такімі ветлівымі, адкрытымі і гасціннымі людзьмі.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!