У праекце "Фамільная каштоўнасць" – самі сабе “залатыя рыбкі”: жыхары раёна з прозвішчамі, сугучнымі з назвамі водных насельнікаў

На гэты раз героямі творчага праекта “Фамільная каштоўнасць” сталі жыхары раёна з прозвішчамі, сугучнымі з назвамі водных насельнікаў. У журналісцкія “сеткі” патрапілі людзі, дастойныя ва ўсіх адносінах – надзейныя, масцеравыя, мэтанакіраваныя. У жыцці яны не спадзяюцца на “залатую рыбку”, а самі выступаюць у яе ролі – спраўджваюць свае жаданні ўласным розумам і працавітымі рукамі.

 

Як Лешчыкі дайверамі сталі

 

У лютым гэтага года, калі за вокнамі нашых кватэр гаспадарыла зіма, жыхары Шчучына Анатолій Анатольевіч і Ірына Алегаўна Лешчыкі плёскаліся ў цёплых водах на ўзбярэжжы Егіпта. У адзін з дзён у аквалангах пад кантролем вопытных інструктараў апусціліся на дно марское. “Страшна не было, – запэўнівае Ірына. – Затое як там прыгожа! Рыфы – вачэй не адвесці, розныя экзатычныя рыбкі… Мы іх хлебам пакармілі, дык яны так і кружылі вакол нас…”. 

 

І гэта не адзінае падарожжа маладых шчучынцаў. Па словах Ірыны, яны з мужам лёгкія на пад’ём. Як толькі Анатолій вяртаецца з рэйса, а ён вадзіцель-міжнароднік, усёй сям’ёй адпраўляюцца ў паездку: ці то ў аквапарк, ці то знаёміцца з гістарычнымі славутасцямі Гродна, ці то любавацца маляўнічымі прыроднымі краявідамі, ці то проста на дачу… Затое ў дзяцей потым столькі ўражанняў! Дзесяцігадовы Мікіта, чатырохгадовая Ева і Ягорка, якому ідзе другі годзік, рады бавіць час з бацькамі. “Калі прыязджае тата, для іх свята”, – дзеліцца Ірына. А ў чаканні гаспадара дома ў самой шматдзетнай мамы клопатаў хапае. “Маё хобі – гэта дзеці, дзеці, дзеці”, – кажа яна. Было б няпроста, але сваё плячо падстаўляюць дзядулі і бабулі – Алег Эдуардавіч і Людміла Ягораўна Давідовічы, Тэрэза Вікенцьеўна і Анатолій Парфір’евіч Лешчыкі.

 

“Свякроў Тэрэза Вікенцьеўна – мая другая мама. Не пакрыўлю душой, назваўшы яе так, – гаворыць Ірына. – Мы добра ладзім. У мінулым яна настаўніца, так што яе парады вельмі каштоўныя ў выхаванні дзяцей”.

 

Цікава, што мая субяседніца не карэнная шчучынка. Да паўналецця жыла з бацькамі ў Казахстане. У гэтай краіне пусцілі карані яшчэ яе дзядулі і бабулі па бацькоўскай і мацярынскай лініях, якія з розных куточкаў Расіі, Украіны і Беларусі паехалі асвойваць цалінныя землі. У 2004 годзе бацькі Ірыны пераехалі ў Шчучын, дзе тады ўжо жыла радня маці. Па ўспамінах маладой жанчыны, узялі з сабой толькі чамаданы з самымі неабходнымі рэчамі ды… старадаўнюю ікону, якая засталася ад продкаў. Але пакрысе абжыліся, маюць і жыллё, і ў доме ўсё неабходнае.

 

Горад стаў родным і для самой Ірыны, а шчучынец Анатоль Лешчык – яе лёсам. Хлопец прыйшоў у цырульню, дзе працавала дзяўчына, каб зрабіць стрыжку. Там і пазнаёміліся. “Мой муж – надзейны, клапатлівы, наша з дзецьмі апора. А яшчэ вясёлы, добры, гаваркі. Дарэчы, па гараскопе мой Лешчык Вадалей. Добра плавае. Цяпер вось і дачушку Еву ў басейн запісала”, – расказвае Ірына. 

 

Між іншым, пара ўзаконіла свае адносіны ў Дзень святога Валянціна. У іх многа сумесных планаў. У прыватнасці, калі падрасце Ягорка, яго мама мяркуе павышаць прафесійны ўзровень. А каб добрыя намеры ажыццявіліся, ніякія “залатыя рыбкі” не патрэбны, перакананы Лешчыкі. І ў саміх хопіць сіл, розуму, каб развівацца, пераадолець моцныя жыццёвыя плыні, калі такія з’явяцца, і зрабіць сваіх дзяцей шчаслівымі.

 

На полі Акула, як рыба ў вадзе

 

 Вось ужо 55 год носіць грознае на слых “рыбнае” прозвішча жыхар аграгарадка Скрыбаўцы Канстанцін Уладзіміравіч Акула. Кажа, што і сам хацеў бы даведацца, чаму менавіта так назвалі некалі яго продкаў. Але час упушчаны: яго бацькі – Уладзімір Васільевіч і Марыя Антонаўна – завяршылі свой зямны шлях. Дарэчы, маці свой век дажывала ў доме малодшага сына Косці. “А ўсіх нас у сям’і было пяцёра – Коля, Саша, Вася, Валік”, – расказвае Канстанцін Уладзіміравіч з лёгкім смуткам у голасе. Бо і браты, на жаль, ужо на вечным спачыне... І толькі ва ўспамінах Косці цяпер іх басаногае дзяцінства ў бацькоўскім доме ў вёсцы Пелеўцы. Але і пры адсутнасці моцнай апоры, якую давалі родныя, калі былі блізка, гэты мужчына трывала стаіць на зямлі. Дарэчы, аб гэтым казалі многія людзі. “Надзейны чалавек, рабацяга!” – проста і ёмка выказалася пра земляка старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама А.Я. Жэшка.

 

 Канстанцін Уладзіміравіч жыве ў Скрыбаўцах больш за трыццаць год. Да гэтага ў ПТВ атрымаў прафесію трактарыста, працаваў на прадпрыемствах раёна. Аднак пусціў карані менавіта тут, не здрадзіў зямлі-карміцельцы, набыў вопыт. “Магу працаваць на любой тэхніцы, – запэўнівае ён мяне. – Некалі пачынаў з гусенічнага “датоўца”, а потым асвоіў трактары розных марак. Цяпер кірую магутным МТЗ-3022”.

 

 Дарэчы, неяк скрыбаўскага Акулу прыкмеціў фермер з краіны-суседкі, якому пазарэз патрэбен быў трактарыст. І пацікавіўся ў Канстанціна Уладзіміравіча, што ён умее рабіць. “Ды ўсё ўмею, ад пасеяць да высушыць” – адказаў той. Праўда, выслухаўшы абяцанкі патэнцыяльнага наймальніка пра добрую зарплату, Акула прапанову так і не прыняў. Не захацеў з’язджаць з дому, дзе многае зроблена сваімі рукамі. Ды і больш спадручна працаваць на сваёй зямлі, сярод людзей, у якіх і аўтарытэт займеў, і пашану. Дарэчы, сумленны працаўнік высока ацэнены і на дзяржаўным узроўні: у 2012 годзе з рук Прэзідэнта ён прыняў медаль “За працоўныя заслугі”. Гэта было прыемнай навіной і для жонкі Алы Яўгенаўны, і асабліва для дачок. 

 

Між іншым, Надзя і Алена – гонар бацькі. Яшчэ ў школе яго любімыя дзяўчаткі былі стараннымі вучаніцамі. Так, Надзі крыху не хапіла да залатога медаля, але ў яе быў іншы алімп: стала Прэзідэнцкай стыпендыяткай, калі атрымлівала прафесію ў каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Здольную навучэнку пакідалі тут выкладчыцай, але жыццё распарадзілася інакш: цяпер Надзя ажно ў Лагойску, працуе тэхнолагам. А малодшая Алена атрымала школьнае “золата”, паступіла ў ГрДУ, дзе цяпер вучыцца ў магістратуры, плануе займацца музейнай справай. Поспехі дачок – як бальзам на сэрца бацькі. “Я шчаслівы, што маю такіх дзяцей!”, – кажа ён. 

 

К.У. Акула – чалавек вельмі адказны. “Калі ўзяўся за справу – зрабі яе як належыць. Паважаю людзей, якія трымаюць слова. Сказаў – зрабіў, а не то лепш маўчы”, – агучвае ён свае прынцыпы. Адзін з былых кіраўнікоў гаспадаркі неяк прызнаўся, што хоць і надакучыў яму сваёй праматой Акула, але каб з дзясятак такіх працавітых у гаспадарку, то іншы толк быў бы...

 

Пагаварылі мы і пра захапленне Канстанціна Уладзіміравіча плотніцкай і сталярскай справай (прыбудоўку зрабіў сам, а яшчэ вокны і дзверы), пра яго жаданне дапамагаць людзям, а таксама пра любімы спосаб здымаць стомленасць пасля напружанага рабочага дня… прагулкай па лесе. І пра людзей, сярод якіх ён жыве. “Усюды людзі нармальныя, трэба толькі самому быць чалавекам!” – лічыць субяседнік. Справядлівыя словы. 

 

Трыццаць тры вяселлі Міхаіла Карасевіча

 

Міхаіл Іванавіч Карасевіч з аграгарадка Ражанка жыве з жонкай Ірынай Францаўнай і дачкой Вольгай у доме, узведзеным за ўласныя сродкі і сваімі сіламі. У гэтым утульным куточку знайшлося месца і для любімай цешчы Ніны Антонаўны. Усе разам яны чакаюць прыезду малодшай дачкі Алены, зяця і ўнукаў. Балазе, асталяваліся тыя недалёка – у Шчучыне. Самыя дарагія госцейкі бываюць часта, не прамінулі яны наведацца і нядаўна, калі старэйшыя Карасевічы адзначалі 35-годдзе сумеснага жыцця. Дарэчы, нарадзіліся яны ў адзін дзень, з розніцай у год.

 

На гэтай агульнай дарозе, што прывяла да “каралавага” вяселля, было многа і радасных падзей, і пазначаных бядой таксама. Але муж і жонка заўжды падтрымлівалі адно аднаго. Зрэшты, для таго і сыходзіліся некалі...

 

 

– А пазнаёміліся мы, калі вучыліся ў школе, – прыгадвае Ірына Францаўна. – Сама я з вёскі Раманавічы, маё дзявочае прозвішча Баброўская (таксама сугучнае з воднымі насельнікамі. – Заўв. аўтара), а Міша з Пашыцаў – гэта за паўтара кіламетра ад нас. Моладзь з дзвюх вёсак ахвотна збіралася разам. А калі Міша адыходзіў у армію, запрасіў мяне на провады. Я на той момант ужо вучылася ў Ашмянскім тэхнікуме на бухгалтара, прыехала дамоў са сваімі сяброўкамі. Дык ён і іх паклікаў за кампанію. Калі прыйшлі туды, адзін з Мішавых сваякоў спытаў:” Каторая ж з дзяўчат твая будзе?”. Я бойка і адрапартавала: “Гэта я!”. Тады дружна пасмяяліся з мае заявы, а атрымалася, што “прыгаварыла” я спадарожніка жыцця. Пакуль Міша служыў у марской пяхоце, перапісваліся, а вярнуўся – і вяселле зладзілі.

 

Гэту галоўную сямейную ўрачыстасць Ірына Францаўна і Міхаіл Іванавіч успамінаюць часта. Усё было па традыцыях. Дарэчы, адзін з гасцей – Аркадзь Кандыба – недзе праз месяц пасля вяселля прынёс ім верш уласнага сачынення, у якім апісаў увесь цырыманіял і вартасці жаніха з нявестай… І такі ўдалы атрымаўся паэтычны сказ, у стылі коласаўскай “Новай зямлі”, што Карасевічы захавалі рукапісны твор як сямейную рэліквію. Між іншым вясковы паэт пазней дапаўняў верш новымі эпізодамі – у выніку атрымаўся своеасаблівы летапіс сям’і.

 

 І яшчэ адзін цікавы момант. Аказваецца, вяселляў з удзелам Міхаіла Іванавіча было яшчэ трыццаць тры! На столькіх ён пабываў у якасці запрошанага музыкі. “Міша граў на барабане, а яго родны брат Казік – на акардэоне, – прыгадвае Ірына Францаўна. – Славіліся на ўсю акругу”.

 

Не з меншым імпэтам і адказнасцю Міхаіл Карасевіч і працаваў. Па спецыяльнасці ён трактарыст, вельмі любіць тэхніку, пэўны час палі араў і сеяў, а цяпер на Шчучынскім рамзаводзе. “Працавіты ён у мяне і добры: унукі Сашка і Уладзік так і ўюцца ля яго!”, – хваліць жонка. І добрым словам успамінае сваіх свёкра і свякроў – Марыю Міхайлаўну і Яна Браніслававіча, а таксама ўвесь дружны род, з якога паходзіць муж. А сама Ірына так і засталася вернай прафесіі бухгалтара. Зводзіла дэбет з крэдытам у калгасах “Іскра” і “Неман”, 10 год аддала працы ў ДТСААФ, а вось 13 год – на пасадзе галоўнага бухгалтара ў ПУП “ШчучынАўта”.

 

Карасевічы заўжды паспявалі і на рабоце ўправіцца, і з хатнімі справамі. Не жартачкі – пры доме 23 соткі зямлі! Нават кароў некалі трымалі. Што было па душы цешчы Міхаіла і маме Ірыны. Калі пайшоў з жыцця муж Франц Валяр’янавіч, дзеці забралі яе да сябе і акружылі клопатам. 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з сямейных архіваў. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!