У Орлі ёсць гаспадары, з якіх варта браць прыклад

Пры ўездзе ў Орлю з боку Шчучына адразу кідаюцца ў вочы акуратныя дамы са свежа­пафар­баванымі агароджамі. Камусьці ў свой час “падфарціла”: дыхтоўныя платы былі ўстаноўлены ў рамках дзяржаўнай праграмы абуладкавання аграгарадкоў. Аднак час бяжыць імкліва, і сёння большасць з тых тыповых агароджаў зноў патрабуе афарбоўкі. 

Здаецца, калі “задарма” табе ўстанавілі плот, то тым больш прывядзі яго ў належны выгляд з цягам часу.
– На жаль, чамусьці не ўсе гэта разумеюць, хоць мы праводзім адпаведную работу з насельніцтвам, – гаворыць Андрэй Георгіевіч Шэршань, старшыня Орлеўскага сельвыканкама. – Іншы раз нават працаздольныя вяскоўцы, у якіх, да таго ж, і дзеці пайшлі ўжо на свой хлеб, не спяшаюцца пафарбаваць агароджы. Што ўжо гаварыць пра аматараў зазірнуць у шклянку (а, на жаль, ёсць і такія)? Можа, хто-ніхто думае, што яму зноў “добры дзядзя” прыйдзе і плот пафарбуе. А чаго варты тады сам гаспадар?
На шчасце, у той жа Орлі нямала і станоўчых прыкладаў.
Новы кіраўнік мясцовай вертыкалі знаёміць нас з Ларысай Уладзіміраўнай Касцюкевіч. І сядзібу яны з мужам Аляксандрам Іванавічам ва ўзорным парадку падтрымліваюць, і агароджа вока радуе свежымі фарбамі.
– Гэта сын выступіў ініцыятарам, – ганарыцца матуля. – Закупіў літраў 20 “водаэмульсіёнкі”, разам з бацькам зрабілі грунтоўку агароджы, а затым пакрылі гэтай фасаднай фарбай у два колеры: зверху – белы, знізу – каралавы. Атрымалася прыгожа і якасна. 
Суседзі Касцюкевічаў, натхнёныя добрым прыкладам, таксама рыхтуюць свой плот пад афарбоўку. Непадалёку прыемнымі колерамі аж свеціцца сядзіба механізатара І.А. Карповіча.
– Іван Антонавіч не чакаў “падарункаў лёсу”, а за ўласныя грошы паставіў і пафарбаваў агароджу, якая, дарэчы, гарманічна спалучаецца з тым, што ўжо было зроблена па гэтай вуліцы раней, – падкрэслівае А.Г. Шэршань. – Паболей бы такіх гаспадароў!


 Завіталі мы і ў, так бы мовіць, “старасвецкі” дом Аліны Іванаўны Дзятчык. Хоць і дзявяты дзясятак размяняла былая настаўніца, аднак падворак і навакольную тэрыторыю стараецца падтрымліваць чысцюткай і акуратнай. Вось і яе агароджу, з відам на царкву, асвяжылі прыемныя воку колеры.
– Гэта сыночкі клапоцяцца, каб мне ўтульна жылося, каб ад людзей не сорамна было, – з пяшчотай у голасе гаворыць старэйшая прадстаўніца сельскай інтэлігенцыі, якая, дарэчы, была выкладчыцай нямецкай мовы ў тым ліку і ў цяперашняга старшыні Орлеўскага сельвыканкама. 
Андрэй Георгіевіч цёпла развітваецца са сваёй настаўніцай і паказвае яшчэ адзін далёка не новы, але акуратны дамок па вуліцы Савецкай, 21. Тут ужо некалькі год ніхто не жыве, аднак гарадскія нашчадкі падтрымліваюць домаўладанне ў належным стане: падкошваюць траву, падфарбоўваюць фасады і агароджы. Кіраўнік мясцовай вертыкалі гатоў выказаць словы ўдзячнасці жыхарцы Шчучына Соф’і Антонаўне Трокель за тое, што з павагай адносіцца да сваёй малой радзімы.
Добрыя словы гаварыў А.Г. Шэршань і ў адрас такіх жыхароў Орлі, як вадзіцелі Уладзімір Уладзіміравіч Рабаў і Віктар Уладзіміравіч Шалесны, якія яшчэ ў мінулым сезоне пафарбавалі агароджы вакол сваіх дамоў. Усё ж так важна, каб кожны імкнуўся на ўласным прыкладзе даказаць, што ўзровень бытавой культуры ў аграгарадку адпавядае гэтаму статусу.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!