У Новы год – з “Дзянніцай”! Падчас Дня падпісчыка на раённую газету падпісаліся звыш 80 чалавек

Падчас Дня падпісчыка, які нядаўна прайшоў у аддзяленні раённага вузла паштовай сувязі, на раённую газету “Дзянніца” падпісаліся звыш 80 чалавек.

Мы, журналісты раённай газеты, заўсёды імкнёмся быць як мага бліжэй да народу. Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні навагодніх святаў сустракацца з нашымі адданымі чытачамі. Такі адкрыты дыялог – магчымасць даведацца, чым жывуць нашы сябры, што іх хвалюе. Чарговы Дзень падпісчыка быў насычаным на добрыя падзеі. Афармляць падпіску на “Дзяннічку” нам дапамагала аператар сувязі Кацярына Маркевіч.
Прыемна было сустрэцца з пастаяннымі чытачамі, людзьмі, якія заўсёды чытаюць наша выданне ад “А” да “Я”. Яны – першыя дарадцы. Многія выпісваюць раёнку з часоў “Савецкай вёскі” і могуць дакладна расказаць пра мінулае і сучаснае “Дзянніцы”. З той пары змянілася многае, аднак любоў і давер да любімага выдання застаюцца нязменнымі. Не абышлося ў той дзень без шчырай размовы.
Дзякуй вам, паважаныя чытачы, за цёплыя словы ў адрас рэдакцыі, за пажаданні і прапановы. Разам наша газета будзе яшчэ лепшай. 

Быць у курсе апошніх навін дапамагае не толькі газета, але і наш сайт. Аднак чытачы прызналіся, што ад друкаванага выдання не збіраюцца адмаўляцца. Некаторыя выпісвалі “Дзянніцу” адразу на некалькі адрасоў. Давер чытачоў – наша галоўнае дасягненне. Кожны знаходзіць на старонках “Дзянніцы” штосьці для сябе, а значыць, нашы старанні, бяссонныя ночы і вечныя пошукі не дарэмныя. 
 Падчас Дня падпісчыка з надыходзячымі святамі ўсіх віншавалі і мы, журналісты раёнкі, якія часова ператварыліся ў Дзядулю Мароза і Снягурачку. Паверце, як толькі апранаеш чароўнае футра гэтых казачных герояў, сам пачынаеш верыць у цуд – праверана на сабе! А бачылі б вы, як рэагуюць гараджане на з’яўленне на гарадскіх вуліцах Дзядулі Мароза і Снягурачкі! Яны вітаюцца, віншуюць з надыходзячымі святамі, выглядваюць з машын і па-дзіцячы непасрэдна ўсміхаюцца, таму, што не страцілі веру ў цуд.
Дарэчы, усе, хто прыйшоў на Дзень падпісчыка і падпісаўся на наша перыядычнае выданне, атрымалі прыемныя падарункі ад калектыву рэдакцыі газеты “Дзянніца”. Заставайцеся і далей з намі, паважаныя сябры! Паверце, нам ёсць чым вас здзівіць і парадаваць у новым годзе!
Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара і Юліі ЦІМАШЧУК. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!