У мінулую пятніцу на чарговай сесіі былі падведзены вынікі работы галін народнай гаспадаркі за мінулы год

У мінулую пятніцу на чарговай сесіі, як і на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, былі падведзены вынікі работы галін народнай гаспадаркі за мінулы год. У абмеркаванні пытанняў прынялі ўдзел намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Н.І. Крывіцкая і намеснік начальніка Гродзенскай пагранічнай групы па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні С.Ю. Саўчук.

У прыярытэце - інвестыцыі і экспарт

– За мінулы год забяспечана выкананне трох з чатырох даведзеных ключавых паказчыкаў і трох з чатырох заданняў, даведзеных па паказчыках, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту, – падкрэсліў у сваім справаздачным дакладзе намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі. – Вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла на 8,3 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 107,1% пры заданні 105%.
У развіцці знешняга гандлю дакладчыкам таксама была адзначана станоўчая дынаміка, аб’ём знешняга гандлю склаў 69,2 мільёна долараў. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 44,5 мільёна долараў, тэмп росту склаў 106,3%. Забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 19,8 мільёна долараў. У мэтах дыверсіфікацыі рынкаў збыту прадукцыя экспартавалася на рынкі 23 краін свету. Упершыню ажыццёўлены пастаўкі прадукцыі ў Кітайскую Народную Рэспубліку на агульную суму 3,5 мільёна долараў ЗША, удзельная вага экспарта ў гэту краіну складае 7,9%. 

– На развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал на суму больш за 130 мільёнаў рублёў, або 175,5% да адпаведнага перыяду мінулага года, - адзначыў Аляксей Валянцінавіч. - Прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове склалі 539 тысяч долараў пры заданні 530 тысяч. Колькасць працаўладкаваных грамадзян на працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей склала 243 чалавекі пры заданні 106 чалавек. Па выніках года выкананы ўсе даведзеныя заданні ў сферы занятасці насельніцтва, узровень беспрацоўя – 0,2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва пры прагнозе 0,8%.
А.В. Садоўскі таксама звярнуў увагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць: не выкананы паказчыкі па тэмпах росту экспарту паслуг (93,6% пры прагнозе 104%), не дасягнуты ўзровень намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы, якая склала 726,1 рубля пры заданні 767,9 рубля. Дапушчаны страты ў 4 арганізацыях раёна.

План па будаўніцтве жылля перавыкананы

Асноўны паказчык у будаўнічай галіне – узвядзенне жылля – шчучынцы выканалі дастойна. У 2018 годзе пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 8009 кв. м жылля (116% ад гадавога задання), у тым ліку 60-ці кватэрны жылы дом па вуліцы Заводскай у Шчучыне і 3614 кв. м індывідуальнага будаўніцтва.
Увогуле за 2018 год на тэрыторыі Шчучынскага раёна на будаўнічых аб’ектах асвоена больш за 64 мільёны рублёў пры заданні 53,3 мільёна. Актыўнае будаўніцтва вялося і вядзецца на аб’ектах АПК: малочнатаварных фермах “Рыча“, “Скоржыкі“, “Грамавічы“.

У мінулым годзе завершана рэалізацыя такіх буйных праектаў, як будаўніцтва біягазавых установак, рэканструкцыя ўчастка аўтадарогі М-6 і пракладка ліній электраперадач на тэрыторыі раёна ў сувязі з будаўніцтвам Астравецкай АЭС. СТАА “Клубніка-Плантс“ прыступіла да актыўнай фазы рэалізацыі праекта “Будаўніцтва адміністрацыйна-гаспадарчага будынка з убудаванымі халадзільнымі камерамі ў раёне вёскі Баяры”. Ажыццёўлены пуск першай чаргі сельскагаспадарчага комплекса па вырошчванні шампіньёнаў у Шчучыне. 

Развіваць жывёлагадоўлю – першая задача 

Глыбокі аналіз стану спраў у сельскагаспадарчай галіне з разборам усіх недахопаў і дапушчаных памылак утрымліваўся ў выступленні намесніка начальніка ўпраўлення - начальніка аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В.А. Наройчык. 
За 2018 год гаспадаркамі агракомплексу выпушчана валавой прадукцыі на суму 213 мільёнаў рублёў, што ў супастаўных цэнах склала 93,7% да ўзроўню 2017 года. Так, былі аб’ектыўныя прычыны, прыродныя анамаліі, але і чалавечы фактар у многім змог бы станоўча паўплываць на сітуацыю. Толькі тры гаспадаркі атрымалі валавую прадукцыю вышэй папярэдняга года: ААТ “Дэмбрава” (103,1%), ААТ “АграГЖС” (103,9%) і ААТ “Шчучынская птушкафабрыка” (119,7%).

Аб’ёмы прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы за 2018 год павялічыліся ў параўнанні з папярэднім годам на 102,8% і склалі 12078 тон. За справаздачны перыяд валавая вытворчасць малака вырасла на 103,6% і склала 118584 тоны. Значна палепшылася яго якасць. Так, таварнасць малака склала 91,9%. Сярэдні надой ад каровы павялічыўся на 132 кілаграмы і дасягнуў 6274 кілаграмы малака. Самы высокі надой малака ад каровы атрыманы ў СВУ “Пратасаўшчына” – 8076 кілаграмаў, самы нізкі ў ААТ “Першамайск-агра” – 3817. Вытворчасць свініны склала 16634 тоны, або 73,4% да ўзроўню 2017 года.
А вось вынікі ў раслінаводстве з-за негатыўных умоў надвор’я не цешаць. Летась гаспадаркі раёна атрымалі 98000 тон зерневых і зернебабовых культур, што ніжэй, чым у 2017 годзе, на 14,4%. Найбольшая ўраджайнасць – у СВУ “Пратасаўшчына” (55,1 ц/га), самая нізкая - у ААТ “Першамайск-агра” – 12,8 ц/га. Валавы збор бульбы склаў 15,5 тысячы тон, што на 4,4 тысячы тон менш леташняга года. Накапана 79,1 тысячы тон цукровых буракоў пры ўраджайнасці 465 ц/га, што на 3 тысячы тон менш 2017 года.
Па выніках мінулага года прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна атрымалі выручку ад рэалізацыі прадукцыі на суму 212,4 мільёна рублёў, што вышэй за ўзровень 2017 года на 13,5 мільёна рублёў. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 7,9%, узровень рэнтабельнасці продажу – 6,6%. Усе сельгаспрадпрыемствы раёна, акрамя ААТ “Першамайск-агра”, прыбытковыя.

Сацыяльная сфера не стаіць на месцы

Намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта прывяла шмат цікавых фактаў і прыкладаў аб развіцці сацыяльнай сферы Шчучыншчыны, умацаванні інфраструктуры. За кошт сродкаў абласной інвестыцыйнай праграмы завершана будаўніцтва дашкольнай установы на 170 месцаў у мікрараёне Паўднёва-Заходні г. Шчучына. На харчаблоках 18 устаноў адукацыі і на ўваходах 7 дашкольных устаноў устаноўлены сістэмы відэаназірання, устаноўлены трывожныя кнопкі. Дасягнута станоўчая дынаміка па колькасці заваяваных месцаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Выкананы на 100% планавыя заданні па павелічэнні колькасці дзяцей, ахопленых аздараўленнем. Мэтанакіраваная праца па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў дазволіла пазбегнуць па выніках года злачынстваў, якія здзяйсняюцца школьнікамі.

Летась у сферы аховы здароўя праведзены рамонт хірургічнага аддзялення №2, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы райбальніцы накіравана звыш 205 тысяч рублёў. У полі зроку раённай улады пастаянна знаходзяцца пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва, задавальнення патрэб людзей. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, маламаёмасным грамадзянам. 
Алена Васільеўна расказала таксама аб поспехах у развіцці культуры і спорту. Шчыра падзякавала кіраўнікам тых прадпрыемстваў і арганізацый, якія аказваюць дзейсную спонсарскую дапамогу сацыяльнай сферы.
Аб выніках выканання бюджэту Шчучынскага раёна праінфармавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама А.І. Бібікава. У бюджэт раёна паступіла 52,5 мільёна рублёў. Асноўную ўдзельную вагу - больш за 80% склалі падатковыя паступленні. 73,5% раённай казны накіравана ў ахову здароўя, адукацыю, культуру, сацыяльную палітыку, фізічную культуру і спорт. Бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у суме 1 мільён рублёў.
На пасяджэнні райвыканкама былі падрабязна прааналізаваны прычыны невыканання прагнозных паказчыкаў шэрагам суб’ектаў гаспадарання раёна, перад кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый пастаўлены канкрэтныя задачы. Асаблівая ўвага была ўдзелена неабходнасці выхаду прадпрыемстваў на бясстратную работу, выкарыстанню маёмасці, правядзенню закупак, мэтаваму навучанню і прыцягненню ў сельскагаспадарчыя арганізацыі маладых спецыялістаў. 
Старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік заўважыў, што вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год - гэта падмурак для работы ў бягучым годзе. Тое, што раён паспяхова спрацаваў у мінулым годзе, яшчэ раз пацвярджае правільнасць выбранай стратэгіі развіцця. Важней за ўсё развіваць эканоміку - ад выканання эканамічных паказчыкаў залежыць стан спраў у сацыяльнай сферы. Для забеспячэння станоўчай дынамікі варта выкарыстоўваць усе рэзервы. Для гэтага неабходна кожнаму на сваім працоўным месцы дасканала выконваць намечаныя планы.

Курс – на кансалідацыю і ўзаемадзеянне

У сваёй справаздачы старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк расказала аб дзейнасці дэпутацкага корпуса 28-га склікання. Ганна Станіславаўна дала ацэнку работы дэпутацкага корпуса, адзначыла актыўнасць народных абраннікаў у вырашэнні актуальных задач раённага і мясцовага маштабу.

За 2018 год праведзена 9 сесій, 19 пасяджэнняў прэзідыума і пастаянных камісій райсавета. Практычна ні адно пасяджэнне калегіяльных органаў не абыходзілася без разгляду рэалізацыі раней прынятых рашэнняў. Знайшла свой працяг і практыка дэпутацкай работы з выездам на аб’екты народнай гаспадаркі. 
Старшыня райсавета засяродзіла ўвагу на тым, што парадак на зямлі быў і застаецца прыярытэтам. Вялікая ўвага ў 2018 годзе была ўдзелена добраўпарадкаванню населеных пунктаў, зносу ветхіх і пустуючых дамоў, падтрыманню належнага санітарнага стану тэрыторый, законнасці і правапарадку, прафілактыцы п’янства і алкагалізму, супрацьпажарнай бяспецы. 
Г.С. Хвядзюк выказала словы ўдзячнасці органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкаму корпусу, кіраўніцтву раёна: менавіта ўзаемадзеянне і зацікаўленасць у супрацоўніцтве дапамогуць кансалідаваць сілы і сродкі для дасягнення далейшага развіцця эканомікі, павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва раёна.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Юліі ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!