У меліяратараў з’явіўся свой шынамантаж

Шчучынскае прадпрыемства меліярацыйных сіс­тэм вось ужо 50 гадоў займаецца паляп­шэннем зямель. Цяпер спецыя­лісты шчыруюць на рэкан­струк­цыі меліярацыйных сістэм на аб’ектах ААТ “Васілішкі”, СВУ “Пратасаўшчына”, ААТ “Агра-ГЖС”, уносяць свой уклад у будаўніцтва Астравецкай АЭС. Сваё прафесійнае свята працаўнікі Шчучынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм сустракаюць з добрым настроем. Да гэтай даты кіраўніцтва прымеркавала адкрыццё ўласнага цэху шынамантажу. 

Ініцыятарам з’яўлення новага цэху стаў кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Зянонавіч Астраух. Ідэю падтрымалі і калегі. Дзякуючы ўводу ў эксплуатацыю новага вытворчага аб’екта было створана некалькі працоўных месцаў. Пяць спецыялістаў – В.М. Удот, В.В. Брыкач, С.А. Баркоўскі, С.І. Стубеда і І.Т. Барысевіч – прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Гродне, маюць адпаведную кваліфікацыю і цяпер могуць праводзіць увесь спектр работ з шынамі. 
– Мы выбралі памяшканне і закупілі сучаснае абсталяванне для шынамантажу, – дэманструе новы аб’ект галоўны інжынер прадпрыемства Віктар Сямёнавіч Сняжко. – Вось станкі для рамонту парэзаў і прабоін колаў, балансіроўкі… 
– Цяпер працаваць будзе значна прасцей, – далучаецца да размовы загадчык майстэрні Сяргей Іванавіч Стубеда. – Гэта ж раней, каб “паставіць на ногі” нашу тэхніку, даводзілася ехаць у Шчучын, плаціць за гэта грошы. Цяпер усе рамонтныя работы можна выканаць на месцы, што дазволіць і час эканоміць, і паліва, і сродкі. Да таго ж плануецца, што цэх шынамантажу будзе прыносіць прыбытак: кожны жадаючы зможа замяніць тут любыя колы па дэмакратычных цэнах. 

Шчучынскае прадпрыемства мелія­рацыйных сістэм не стаіць на месцы, развіваецца, шукае партнёраў.
– Мы заўсёды падстаўляем сваё моцнае плячо гаспадаркам Шчучыншчыны, працуем з поўнай аддачай, – гаворыць дырэктар Шчучынскага ПМС А.З. Астраух. – Можа таму раённае кіраўніцтва і кіраўнікі гаспадарак ніколі не адмаўляюць нам у дапамозе. 
А яшчэ дырэктар пераканаў, што Шчучынскае ПМС стала родным для многіх спецыялістаў і яго асабіста. Тут працуюць сапраўды адданыя сваёй справе людзі. Нездарма восем работнікаў Шчучынскага ПМС носяць званне “Ганаровы меліяратар” і адзначаны нагрудным знакам Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
– Я сапраўды люблю сваё прадпрыемства і вельмі рады, што побач працуе такі зладжаны і дружны калектыў, – прызнаўся Аляксандр Зянонавіч. – На сённяшні дзень ён аб’ядноўвае каля 80 чалавек, і на кожнага можна разлічваць. У наша прафесійнае свята хочацца шчыра павіншаваць сваіх калег, падзякаваць ім за плённую працу і пажадаць моцнага здароўя і дабрабыту. Дзякуй і тым спецыялістам, якія пайшлі на заслужаны адпачынак і былі да апошняга вернымі абранай прафесіі. Са святам, калегі!
Дарэчы, спецыялісты Шчучынскага ПМС А.М. Чырэц, Л.М. Адамчык і М.Я Арловіч напярэдадні прафесійнага свята атрымалі Падзячныя пісьмы ад Шчучынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.
Ганна КАСПЕР. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!