У круіз па акіяне Права накіраваліся 137 рабят, якія адпачываюць у трэцюю змену ў аздараўленчым лагеры “Касмадром”

У дзень нашага прыезду праграма адпачынку ў “Касмадроме” была вельмі насычанай: адны атрады рыхтаваліся да конкурсу “Містар лагера”, які быў запланаваны на вечар, другія збіраліся на стадыёне, каб прыняць удзел у спартыўнай эстафеце, а аматары мастацкай літаратуры спяшаліся запісацца ў Астрынскую гарпасялковую бібліятэку, каб пачытаць кнігі. Такая магчымасць у іх надарылася дзякуючы прыезду загадчыцы бібліятэкі Святланы Іванаўны Ушкевіч і бібліятэкара Ірыны Мікалаеўны Лістратавай.

– Дзеці і сёння любяць чытаць, – гаворыць Святлана Іванаўна. – Перавагу аддаюць дэтэктывам, дзявочым раманам, “ужастыкам”, фантастычнай літаратуры. З задавальненнем бяруць і часопісы. Мы прывозім літаратуру для рабят самага рознага ўзросту: і для старшакласнікаў, і для маленькіх чытачоў.

А на стадыёне тым часам разгараліся нежартоўныя страсці. Тры каманды прымалі ўдзел у спартыўнай эстафеце: бегалі з мячом, скакалі праз скакалку і ў мяшках, перацягвалі канат. Хто не ўвайшоў у склад каманды – хварэў за свой атрад.

– Наша змена – грамадска-гуманітарная і прававая, – расказвае старшы выхавацель лагера Алена Уладзіславаўна Ласік. – Пяць атрадаў-караблёў, кожны са сваім капітанам, вандруюць па акіяне Права і кожны дзень прыбываюць у адзін з партоў: Знаёмстваў, Дружбы, Бяспекі, дзе члены каманды шукаюць скарб. У канцы змены па колькасці знойдзеных скарбаў будзе вызначаны лепшы атрад, а таксама лепшы скарбашукальнік.

У лагеры ўжо прайшлі цікавыя мерапрыемствы: “Ало, мы шукаем таленты!”, піяр-акцыя “Заяўкі пра сябе”, конкурсная праграма “Стоп, знята!”, розныя спартыўныя спаборніцтвы і іншыя. Рабяты таксама прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме, прысвечаным памяці спаленай вёскі Шкленск. Паколькі змена – прававая, прадстаўнікі Шчучынскага РАУС ужо расказалі дзецям пра асноўны закон нашай краіны, пра правы і абавязкі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, пра розніцу паміж учынкам, праступкам і правапарушэннем.

Наперадзе рабят чакае гульня “Зарніца”, паездка ў аквапарк “Азёрны”, экскурсія ў цэнтр бяспекі МНС у Лідзе, конкурс малюнкаў на асфальце, конкурс плакатаў “Мы – за здаровы лад жыцця!” і інш.

Разам з настаўнікамі ўстаноў адукацыі нашага раёна ў лагеры працуе студэнцкі педагагічны атрад у складзе 10 чалавек: творчая, актыўная, крэатыўная моладзь. Яны таксама дапамагаюць арганізоўваць розныя мерапрыемствы, сочаць за дысцыплінай і парадкам і набіраюцца вопыту.

Трэці курс Лідскага педагагічнага каледжа закончыла Эстэла Юшкевіч. Дзяўчына – шчучынка, калісьці і сама адпачывала ў “Касмадроме”.

– Мне падабаецца тут працаваць, – гаворыць Эстэла. – З дзецьмі добра знаходжу агульную мову. Яны ўсе гатовы цікава праводзіць час, таму заўсёды адказна рыхтуюцца да лагерных мерапрыемстваў. Я і сама з задавальненнем гуляю ў валейбол, малюю на тканіне і на шкле. У будучым буду працаваць выхавальніцай у дзіцячым садку.

Камандзір лагера Дзмітрый Богдан адпачывае ў “Касмадроме” ўжо сёмы раз. Сёлета юнак закончыў школу і вырашыў, як сам кажа, “адпачыць напаследак”.

– Больш ужо не давядзецца пабываць тут у якасці выхаванца, – гаворыць Дзіма. – Шкада, у “Касмадроме” здорава! Мне тут усё падабаецца. Удзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах: і творчых, і спартыўных. А сябры ў мяне – увесь лагер, я чалавек адкрыты і дружалюбны.

Абсалютна ўсім задаволены і Андрей Кепель, які сёлета прыехаў у “Касмадром” ужо ў дзявяты раз. Тройчы Андрэй станавіўся пераможцам конкурсу “Містар лагер”.

– Ахвотна ўдзельнічаю ў творчых мерапрыемствах, – гаворыць Андрэй. – Люблю імправізаваць, прыдумваць штосьці новае, цікавае. Сумаваць – гэта не для мяне!

З задавальненнем адпачывае ў лагеры і Аксана Мармыш.

– Тут весела, шмат маіх сяброў, і ў кожную змену з’яўляюцца новыя, – расказвае Аксана. – Захапляюся валейболам, тэнісам. У лагеры створаны добрыя бытавыя ўмовы, выдатнае харчаванне. Тут цікава, таму і прыехала ўжо дзявяты раз.

Салідарная з Аксанай і Ліза Богдан.

– Найбольш папулярныя лагерныя мерапрыемствы – гэты “Містар” і “Міс лагера”, “Салодкая парачка”, – гаворыць дзяўчынка. – Да іх заўсёды ідзе грандыёзная падрыхтоўка, прэтэндэнты на гэтыя ганаровыя званні стараюцца быць на вышыні! Канечне ж, усе ўдзельнічаюць у штодзённых вячэрніх дыскатэках. Разам з тым мы не толькі адпачываем, але і сочым за парадкам. Кожную раніцу прыбіраем замацаваную за атрадам тэрыторыю, падтрымліваем у належным стане нашы пакоі.

Што ж, калі рабяты зноў і зноў вяртаюцца ў “Касмадром”, ці ж не гэта лепшае сведчанне таго, наколькі якасна арганізоўваюць летні адпачынак для дзяцей дарослыя?! Вось толькі б яшчэ надвор’е не падводзіла і купанне было дазволена. А так – усё выдатна!

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!