У Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі сеюць суперэлітную пшаніцу

На палетках Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі пасяўная ідзе поўным ходам. Яравую пшаніцу тут сее вопытны механізатар В.С. Шкляр, які на трактары МТЗ-3022 з прычапным шасціметровым агрэгатам за дзень засявае 25-30 гектараў.

 

Калі мы прыехалі на поле ля вёскі Падражанка, Віктар Станіслававіч якраз “праходзіў” апошнія гектары.
– Летась на гэтым полі расла бульба – выдатны папярэднік для пшаніцы, – гаворыць механізатар. – Пасля ўборкі ўраджаю я ўзараў зямлю. Яшчэ з восені ўнеслі сюды неабходную колькасць фосфарных і калійных угнаенняў, а вясной – азот. На сяўбе выкарыстоўваем суперэлітнае насенне пшаніцы гатунку “Мадонна” беларускай селекцыі, кілаграм якога каштуе нямала. Але затраты апраўданы: яго біялагічная ўраджайнасць дасягае 100 цэнтнераў з гектара. Норма высеву – 5 мільёнаў усходжага зерня на гектар – гэта прыкладна 230 кілаграмаў. Змяшчаем яго ў глебу на 3-4 сантыметры, як таго патрабуюць тэхналогіі. Калі прыйдзе пара ўбіраць хлеб, перасяду на зернеўборачны камбайн “Палессе”.

 

Пад яравыя зерневыя культуры ў Гродзенскім занальным інстытуце раслінаводства НАН Беларусі адведзена 200 гектараў, з якіх 100 гектараў займае ячмень, 10 – авёс, 15 - трыцікале, а астатняе – пшаніца.

 

– Сёлета выйшлі сеяць у поле раней, чым у мінулым годзе, – зазначае старшы навуковы супрацоўнік Алег Станіслававіч Браско. – З-за бясснежнай зімы адчуваецца недахоп вільгаці ў глебе. Спадзяёмся, гэта становішча выправяць дажджы. Калі надвор’е будзе цёплым – 10-15 градусаў, то першыя ўсходы ўбачым ужо праз 7-10 дзён. Калі тэмпература будзе ўсяго 5 градусаў, прарастанне насення зацягнецца на некалькі тыдняў. Калі прыйдзе пара, аператыўна апрацуем расліны ад пустазелля і шкоднікаў, таксама падкормім азотнымі ўгнаеннямі. Безумоўна, гэта каштуе нямала, але толькі так можна вырасціць багаты ўраджай.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!