У Гродзенскім аблвыканкаме напісалі беларускамоўную дыктоўку

У Міжнародны дзень роднай мовы сотні жадаючых у розных установах Гродзеншчыны сталі ўдзельнікамі абласнога дыктанта. Да маштабнай беларускамоўнай акцыі далучыліся і студэнты, і педагогі, і супрацоўнікі органаў улады.

 

У аблвыканкаме сёння было ўсё як некалі у школе: сапраўдны настаўнік, фірмовыя бланкі і ніякіх падказак. Тэкст, які прапанавалі ўдзельнікам, быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і, дарэчы, ён быў дастаткова непростым: з-за неўважлівасці можна было лёгка зрабіць памылку, але ж адзнак тут ніхто не ставіў, таму што галоўная мэта не ў гэтым.
 

 Хочацца ўспомніць словы Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», – сказаў старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Вярсоцкі. – Такія акцыі нам патрэбны, каб кожны сваім асабістым прыкладам мог нагадаць аб сэнсе гэтых слоў тым, хто побач, каб прыцягнуць увагу да роднай мовы. Разам з іншымі супрацоўнікамі аблвыканкама мы з вялікім задавальненнем напісалі сённяшнюю дыктоўку. Прыемна, што вельмі многія адклікнуліся на прапанову.

 

 

Напісанне беларускамоўнага дыктанта – гэта, як адзначылі ўдзельнікі акцыі, арыгінальны эксперымент, які абавязкова павінен захавацца добрай традыцыяй.

 

– Сёння свята, калі мы ўсе павінны ўспомніць пра сваю родную мову, – адзначыў старшыня галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. – Людзі павінны не забываць родную мову, памятаць, адкуль пайшлі іх карані. Аб гэтым нагадвае Міжнародны дзень роднай мовы.  
 

 

Ганна Радзюк
Фото: Вадзіма Галоціка

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!