У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” поўным ходам ідзе ўборка кукурузы на сілас

Штодзень тут зжынаюць прыкладна 30 гектараў, закладваюць да 1000 тон свежых кармоў. 
На полі ля вёскі Карсакі, дзе “царыца” займае плошчу 32 гектары, з самай раніцы кіпела работа. Рухаючыся па полі, кормаўборачныя камбайны амаль цалкам хаваліся ў кукурузе – такая высокая сёлета яна вымахала. 
– Вы паглядзіце, які ўраджай мы вырасцілі! – з гонарам зазначае камбайнер з амаль 30-гадовым стажам Юрый Генрыхавіч Дымінскі. – Вясной на трактары МТЗ-1221 я ўносіў сюды мінеральныя ўгнаенні, а цяпер прыйшла пара ўбіраць кукурузу. На камбайне “Палессе” за раз захопліваю чатыры радкі раслін і пакідаю пасля сябе свежазрэзаныя 30-сантыметровыя рэшткі сцёблаў. За дзень убіраю да 350 тон зялёнай массы. 
Разабрацца з “царыцай” Юрыю Генрыхавічу дапамагае не менш вопытны камбайнер Валерый Іосіфавіч Кандрацюк, які кіруе “Ягуарам”. Побач з камбайнамі рухаюцца грузавікі і трактары з прычэпамі, якія аператыўна дастаўляюць свежаўбраную кукурузу да сіласных траншэй.


– На трактары МТЗ-1523 з 15-тонным прычэпам я раблю звыш 10 рэйсаў і за дзень перавожу больш за 150 тон зялёнай массы, – гаворыць трактарыст Сяргей Станіслававіч Каспярчук. – “Накручваю” па сельскіх дарогах да 130 кіламетраў. Нягледзячы на высокую нагрузку, тэхніка не падводзіць. Яно і зразумела: перад пачаткам сезона я асабіста перабраў яе да апошняга шрубка. 


Работа ў полі не сціхае, пакуль сонца не пачне хавацца за гарызонт. Механізатары пакідаюць кабіны сваіх “жалезных коней” толькі падчас кароткага абеду. Дарэчы, гаспадарка ўзяла на сябе 90% выдаткаў за гарачае харчаванне.
– Сёлета пад кукурузу мы адвялі 1175 гектараў, з якіх 475 гектараў убяром на сілас, а астатнія – на зерне, – дзеліцца галоўны спецыяліст па кормавытворчасці Іван Сцяпанавіч Ханько. – Строга вытрымалі ўсе тэхналогіі і ў поўнай меры ўнеслі ўгнаенні пад пасевы, таму ўраджайнасць радуе – атрымліваем прыкладна 500 цэнтнераў зялёнай массы з гектара. Утрыманне вільгаці ў раслінах зараз аптымальнае – 70%. Таму кармы будуць якасныя. Дарэчы, ужо заклалі 11200 тон сіласу і штодзень прыбаўляем да гэтай лічбы прыкладна па 800 тон. Калі надвор’е не падвядзе, убяром кукурузу на сілас да 15 верасня.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!