У Дзень абаронцаў Айчыны героямі нашага праекта сталі жыхары раёна, якія носяць цікавыя "вайсковыя" прозвішчы - Салдаценкаў, Майораў і Генералаў

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны героямі нашага праекта сталі жыхары раёна, якія носяць цікавыя, так бы мовіць, вайсковыя прозвішчы. Гэта добразычлівыя і простыя людзі. Як высветлілася, адны з суразмоўцаў самі мелі дачыненне да тэрміновай армейскай службы, а ў радаводзе іншых можна адшукаць і прафесіянальных, няхай сабе ў мінулым, абаронцаў у пагонах. 

Ідуць Салдаценкавы па горадзе…

У жыхара Шчучына Юрыя Уладзіміравіча Салдаценкава ў будні адзін і той жа маршрут: ад шматпавярхоўкі на вуліцы Заходняй – тут знаходзіцца кватэра, да прахадной ААТ “Шчучынскі масласырзавод”, дзе малады чалавек працуе. Яго жонка Кацярына Уладзіміраўна спяшаецца на сваё рабочае месца – у магазін ТДА “Основание”. А для сыноў, першакласніка Дзяніса і трэцякласніка Андрэя, цяпер галоўная дарога – у школу. Разам гэтых чатырох можна ўбачыць, ідучы ў напрамку да Зялёнай, дзе жывуць бацькі Юрыя. Марыя Канстанцінаўна і Уладзімір Аляксандравіч Салдаценкавы заўжды рады такім гасцям. Зрэшты, як і сям’і дачкі Алены, якая таксама жыве ў Шчучыне.
Юрый Салдаценкаў прызнаецца, што работа патрабуе шмат часу і сіл. Застой у службовых справах недапушчальны, бо цяпер ён займае пасаду вядучага эканаміста па планаванні, а гэта адзін з важных сегментаў у развіцці сучаснага прадпрыемства. Расказвае, што прафесію выбіраў усвядомлена. Скончыўшы СШ №1 г. Шчучына, паступіў у Навагрудскі аграрны тэхнікум на спецыяльнасць “эканаміст па камерцыйнай дзейнасці”. Затым былі вучоба ў Мінскім інстытуце кіравання, дзе атрымаў дыплом эканаміста-менеджара.

Спалучаць тэорыю з практыкай маладому спецыялісту давялося на першым рабочым месцы – у СВК “Балічы”, дзе ён паўтара года займаў пасаду бухгалтара. Потым Юрый працаваў у РУП ЖКГ. А за апошнія сем год прайшоў некалькі прыступак службовай лесвіцы на масласырзаводзе. Тут у яго добрыя калегі і сябры, сцвярджае суразмоўца.
Работа эканаміста патрабуе адказнага стаўлення да справы і ўзважанасці, умення прагназаваць і скрупулёзнасці. Гэтыя і іншыя дзелавыя якасці ў Салдаценкава ёсць, запэўніваюць людзі, якія яго ведаюць. Несумненна, штосьці ў характары маладога мужчыны, так бы мовіць, “эксклюзіўнае”, а нешта ён пераняў ад бацькоў і дзядоў-прадзедаў. Дарэчы, у родзе Салдаценкавых было шмат дастойных людзей. Пра некаторых з іх Юрый Уладзіміравіч ахвотна расказвае:
– Сярод маіх продкаў – рускія і беларусы. Ажно з Прыморскага краю мама майго таты, а Смаленшчына – малая радзіма яго бацькі. Мацярынская лінія бярэ пачатак з вёскі Сарокі на Шчучыншчыне, дзе некалі жыла працавітая мнагадзетная сям’я Ненартовічаў. Дарэчы, сям’ю татавага бацькі, а майго дзядулі Аляксандра, пасля вайны лёс закінуў у Ваўкавыск. Прафесію дзед атрымаў у Жыровічах і быў накіраваны на працу ў Шчучынскі раён. Тут і пачынаецца самы насычаны перыяд яго біяграфіі. Магчыма, і сёння нехта памятае майго дзеда – галоўнага інжынера МТС у Гурнофелі Аляксандра Іванавіча Салдаценкава? А яшчэ ён працаваў на РТС у Скрыбаўцах, узначальваў калгас “Гвардыя”, быў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”… 
Сапраўды, Юрыю Салдаценкаву ёсць на каго раўняцца. Дастойныя павагі не толькі яго далёкія продкі, але і бацькі. Мама, Марыя Канстанцінаўна, многа год настаўнічала, была завучам па выхаваўчай рабоце ў Вярбілкаўскай БШ. А тата, Уладзімір Аляксандравіч, кіраваў комплекснай брыгадай па рамонце жылфонду ў РУП ЖКГ. “Тата з узростам стаў вельмі падобны знешне на свайго бацьку, – заўважае Юрый. – А яшчэ ён такі ж працавіты і масцеравы…”. 
Адносіны да армейскай службы ў Салдаценкавых станоўчыя. Прадзед Іван абараняў Радзіму ў Вялікую Айчынную, яго унук Уладзімір годна адслужыў тэрміновую ў Чэхаславакіі, а праўнук Юрый зведаў армейскія будні і атрымаў званне “лейтэнант запасу” падчас службы ў рэзерве. У Юрыя падрастаюць сыны, а значыць, старэйшыя ў родзе мужчыны не скажуць хлопцам, калі тыя вырастуць, што служыць не прэстыжна.

Служылі тры Майоравы

Жыхарка аграгарадка Ляшчанка Аксана Сяргееўна Майорава не чакала такой цікавасці да сваёй сціплай асобы. Між тым добразычлівая маладая жанчына пагадзілася на размову з журналістам, каб расказаць пра сябе і сваю новую радню, прозвішча якой носіць пасля замужжа. І толькі мы з ёй падчас абедзеннага перапынку прыселі ў адным з памяшканняў прадпрыемства “ШчучынСпецПашыў”, дзе яна ўжо некалькі год працуе швачкай, як на парозе – хуткі на ўспамін – з’явіўся муж Аксаны – Сяргей. Разам і зрабілі экскурс у род Майоравых.
Сяргей Майораў цяпер мае сталую працу ў Шчучынскім лясгасе. Работай, сцвярджае, задаволены. А за тысячу кіламетраў ад роднага дома – у прыморскім гарадку на поўдні Расіі – працоўную вахту нясе яго брат-блізня Дзяніс. Хлопцы выраслі ў Шчучыне, у сям’і былога вайскоўца. Іх тата Мікалай Мікалаевіч і мама Ядвіга Баляславаўна і цяпер жывуць на вуліцы Астроўскага. А некалі пакалясілі па гарадах і весях, расказваюць сын і нявестка.
– Свёкар служыў у Шчучыне, дзе і пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, якая стала яго жонкай, – распачынае аповед Аксана. 
– А потым дзе яны толькі ні служылі! – дапаўняе Сяргей. – Армейскія шляхі бацькі-афіцэра пралеглі праз Беларусь, Афганістан, Далёкі Усход… У многіх кропках былога СССР пабываў. Сям’я за ім – як нітка за іголкай. У адстаўку пайшоў у званні маёра. І тады ўсе разам зноў прыехалі на Шчучыншчыну – мамы і нашу з братам малую радзіму. 
Па словах блізкіх, 62-гадовы Мікалай Мікалаевіч Майораў, у вайсковым мінулым – тэхнік па электронным абсталяванні самалётаў, вельмі масцеравы чалавек: ён і з тэхнікай на “ты”, і з электрыкай, і сантэхніку ведае. І цяпер мужчына не любіць сядзець без справы.
Што да Аксаны і Сяргея Майоравых, то іх шлюб ужо з васьмігадовай “вытрымкай”. Муж адказвае за матэрыяльны дабрабыт, а жонка – за камфорт, для падтрымання якога выкарыстоўвае і сваё хобі – вышыўку, за кухню і агарод. У сям’і падрастае маленькі носьбіт афіцэрскага прозвішча – вясёлы і цікаўны Арцёмка. Хлопчык ходзіць у першы клас, з задавальненнем гасцюе на зімовых канікулах у шчучынскіх дзядулі і бабулі, а летам адпраўляецца набірацца сіл у вёску Грамавічы, дзе жывуць родныя яго мамы –Леакадзія Уладзіміраўна і Сяргей Пятровіч Карпейчыкі. На вясковым падворку малому забаў хапае. А галоўнае, кажа

Аксана, далей ад такога прыцягальнага для сучасных дзяцей камп’ютара…
Сыны-блізняты маёра Майорава – Сяргей і Дзяніс, як і належыць сапраўдным мужчынам, разам праходзілі тэрміновую службу ў адным з падраздзяленняў Ваенна-паветраных сіл Беларусі, воінская часць знаходзілася ў горадзе Ліда. Армейская загартоўка пайшла маладым людзям на карысць. Абодва браты рослыя і моцныя. “А вось па характары, хоць і блізняты, розныя, – запэўнівае Аксана. – Але гэта не перашкаджае ім падтрымліваць добрыя адносіны між сабой і са старэйшай сястрой”. 
Дарэчы, абодва малодшыя Майоравы ў свой час скончылі мясцовае прафтэхвучылішча. На маё пытанне, ці не было жадання прадоўжыць бацькаву справу – стаць вайскоўцамі, Сяргей прызнаецца, што больш цікавіўся інфарматыкай. Але ў выбары прафесіі і работы жыццё распарадзілася па-іншаму. Зрэшты, галоўнае для кожнага чалавека – прайсці сваю дарогу дастойна.

“Я свайго Генералава на радавых не мяняю”

 У далёкім ужо 1987 годзе ў гарадку на Азоўскім моры сышліся шляхі-дарогі маладой кабеты Рэгіны з беларускай вёсачкі Вялікія Баяры, якая прыехала сюды па пуцёўцы ў Дом адпачынку, і мясцовага хлопца-прыгажуна Аляксандра з шыкоўным прозвішчам Генералаў. Не прайшло і некалькі месяцаў, як пара аб’ядналася ў саюз. “Саша, паехалі ў Беларусь!” – паклікала жонка, і той паслухаўся. Асталяваліся ў Скрыбаўцах, дзе жыла сястра Рэгіны. Муж працаваў трактарыстам, жонка ў паляводстве, расцілі дзяцей. “Усё лепшае аддавалі ім”, – кажа сёння жанчына. 
– Я мужу так удзячна за дзяцей! – у голасе Рэгіны Эдуардаўны непадробная шчырасць. – Іх у нас чацвёра: двое ад першага майго шлюбу, а двое Генералавы. Але для Аляксандра яны ўсе былі родныя і роўныя. Ён так і казаў:”Нашы дзеці”. Усіх вынасіў на руках, на трох сыноў і дачку хапіла ўвагі, любві і ласкі. Дзеці гэта адчувалі і адносіліся адпаведна, называлі татам…
На жаль, гаспадара дома не стала 8 гадоў таму. Цяпер, калі нехта з аднавяскоўцаў жартам спытае, ці не выйшла яна замуж, чуе ад Рэгіны Эдуардаўны сур’ёзнае: “Я свайго Генералава на радавых не мяняю!”. Так, у кватэры яна адна, але пакінутай сябе не адчувае, запэўнівае жанчына. Па-першае, дзеці не забываюць. Да таго ж непадалёку, у Жалудку, жыве і працуе вадзіцелем старэйшы сын Ігар. “Некалі яму муж гаварыў: “Вучыся!”. Але яго наказ сын выканаў толькі нядаўна – паступіў у аграрны ўніверсітэт, калі самому ўжо пад пяцьдзясят стала падбірацца. Гэтымі днямі на сесіі, – расказвае жанчына. – А другі мой сын Анатолій – кроўны брат Ігара (у абодвух не менш дастойнае прозвішча – Шпіль), жыве ў Хойніках. Ён скончыў Ваенную акадэмію і БДУ. Служыў у арміі, быў намеснікам ваенкома, але цяпер чалавек цывільны – працуе на мытні. Штогод да мяне прыязджае”.
Дарэчы, падчас нашай размовы адчувалася, што ў Рэгіны Эдуардаўны добры настрой. Аказалася, яе праведалі Назар і Верачка – дзеці дачкі Ірыны з Гродна. Абое вучацца ў каледжах, атрымалі стыпендыі і прывезлі бабулі падарункі. Вось так класна выхавалі іх бацькі. Дарэчы, сваю Ірыну маці называе чалавекам, які ніколі не пасуе перад цяжкасцямі, і вельмі актыўнай. Так, сёлета яна арганізавала былых аднакласнікаў на душэўную сустрэчу. 
А малодшы сын – Аляксандр Генералаў – абраў мірную прафесію будаўніка. Працаваў у Шчучыне, Гродне, ездзіў у камандзіроўкі, а цяпер за мяжой. У гэтага сына таксама ўсё добра: ёсць сям’я, кватэра ў абласным цэнтры.
 “Залатыя дзеці! – хваліць сваіх нашчадкаў матуля. – Вось тут я Богу ўдзячная. Жывуць добра і мне дапамагаюць. Хаця і я для іх стараюся, як магу: пад сто слоікаў закатак нарыхтоўваю”. І яшчэ адна “каштоўнасць” ёсць у Рэгіны Эдуардаўны – 8 унукаў і два праўнукі! І дома, і ў касцёле яна моліць Госпада, каб дараваў ім шчаслівы і доўгі жыццёвы шлях.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!