У бацькі і сына – адна дарога. Аўтапарк №12 – прадпрыемства са сваёй гісторыяй і традыцыямі, галоўны гонар якога – адданыя прафесіі аўтамабіліста людзі.

Юзаф Эдвардавіч Васілеўскі – адзін з іх. Больш за 20 гадоў ён на заслужаным адпачынку, аднак вера ў поспех роднага прадпрыемства не мае тэрміну даўнасці.

Юзаф Эдвардавіч родам з Андрушоўцаў. Выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Шмат выпрабаванняў выпала на яго лёс. Вайна пачалася, калі нашаму герою было ўсяго пяць гадкоў. Аднак ён і сёння выразна помніць, як разам з аднагодкамі краў у немцаў патроны і выкідваў іх у калодзеж – такім быў яго дзіцячы ўнёсак у дарослую Перамогу.

Дзяцінства, апаленае вайной, штодзённая цяжкая праца ўмацавалі характар хлопца з Андрушоўцаў. Пасля арміі ён накіраваўся “падымаць цаліну”, вярнуўшыся, пайшоў працаваць Аўтабазу №12. Пачынаў працу з самых азоў – быў слесарам. Аднак доўга займаць гэту пасаду не давялося. Праз 50 дзён Юзаф перасеў за руль грузавога аўтамабіля ГАЗ-63.

Маладога добрасумленнага работніка хутка заўважыла кіраўніцтва і даверыла новы аўтобус. Вось толькі Юзаф “мяняць баранку” згадзіўся не адразу.

 – Я нават на працу не выйшаў на наступны дзень у знак пратэсту, маўляў не спраўлюся, – успамінае наш герой той лёсавызначальны выпадак.

– А пасля сябры ды родныя ўгаварылі.

Быць вадзіцелем – няпроста, аднак Юзаф Эдвардавіч з пастаўленай задачай справіўся. Можа таму, што была ў яго свая Надзея. З будучай жонкай наш герой пазнаёміўся ў 1959 годзе. Прыгажуня прыйшла разам з сяброўкамі сама да яго ў хату, дзе ладзіліся вясковыя танцы. І так Надзя запала ў вока і сэрца юнаку, што хутка маладыя пажаніліся. Надзея Васільеўна працавала ў Андрушоўцах, таму Васілеўскія засталіся жыць у вёсцы.

Жыццё закіпела. Юзаф Эдвардавіч працаваў сумленна: паднімаўся на досвітку. Часам працаваць даводзілася з 5 гадзін раніцы да 23 вечара. Дома яго чакалі жонка і трое дзетак: Уладзімір, Святлана і Андрэй. Дарэчы, старанні вадзіцеля былі высока ацэнены – сям’я атрымала ключы ад чатырохпакаёвай кватэры ў Шчучыне.

Працаваць Юзафу Эдвардавічу давялося на розных аўтобусах. Адметна, што ён мае правы на ўсе катэгорыі. За 37 гадоў “з’ездзіў” ажно 7 адзінак рознай тэхнікі! Праўда, свайго ўласнага аўтамабіля так і не набыў. Яно і зразумела – трэба было ставіць на ногі дзяцей.

Вопытнага вадзіцеля слухаліся ўсе аўтобусы: і “Турыст”, і “Турыст-2”. На яго рахунку былі прыгарадныя, а затым і міжгароднія маршруты. Даводзілася вазіць людзей нават за мяжу. Сур’ёзных праблем з тэхнікай не ўзнікала, толькі аднойчы ў горадзе здарылася аварыя. Надзея Васільеўна ўспамінае, як калегі, якія праязджалі побач з той аварыяй, сказалі, што яе каханы загінуў. У жанчыны зямля з-пад ног уцякала… На жаль, мабільных тады не было, таму давялося чакаць звестак. Добра, што ўсё абышлося. Ды і віны нашага героя ў тым здарэнні не было.

Тэхніка падвяла Юзафа Эдвардавіча толькі раз: падчас апошняга рэйсу “Шчучын-Мінск”. Калегі не да канца заправілі аўтобус палівам, вось тэхніка на зваротным шляху і “адмовілася” ехаць далей за вёску Ліпнішкі, што недалёка ад Іўя. Доўга давялося вадзіцелю чакаць падмогу. Той рэйс і стаў апошнім у вадзіцельскай гісторыі нашага героя.

За плённую 37 гадовую працу Юзаф Эдвардавіч Васілеўскі не раз быў адзначаны граматамі, прэміямі, нагруднымі знакамі. Яго фотаздымак шмат гадоў запар не сыходзіў з Дошкі гонару. Але самая галоўная ўзнагарода – ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені, які наш герой атрымаў у 1977 годзе за подпісам міністра аўтамабільнага транспарту БССР Анатолія Андрэева.

Вялікую часту жыцця наш герой працаваў у Аўтапарку №12. Змяняліся назвы прадпрыемства, кіраўніцтва, абнаўляўся парк тэхнікі. Адно заставалася нязменным – вернасць аднойчы абранай прафесіі. Сёння ёсць каму прадоўжыць добрыя традыцыі. Бацькаву справу працягвае сын – першакласны вадзіцель Уладзімір Васілеўскі. Бацька з сынам часта гутараць аб сваім, вадзіцельскім: абмяркоўваюць стан дарог, новую тэхніку і добрасумленнасць пасажыраў. Яно і зразумела – агульны працоўны стаж Васілеўскіх – 76 гадоў!

Дарэчы, Юзаф Эдвардавіч Васілеўскі і яго жонка – нашы адданыя чытачы. Разам з працоўнымі ўзнагародамі яны беражліва захоўваюць выразкі з матэрыяламі з “Дзянніцы” пра іх сына Уладзіміра. Сам Юзаф Эдвардавіч “засвяціўся” ў “Звяздзе” ў 1980 годзе. Цяпер яго “зорны” час у “Дзянніцы”!

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара і з асабістага архіва Ю.Э. Васілеўскага.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!