У Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы прайшоў юбілейны вечар, прысвечаны 75-й гадавіне гэтай установы

75 год… Гэта многа, ці мала? Калі браць чалавека, ужо сталы век. А калі бібліятэку? Мне здаецца, што ўзрост бібліятэкі залежыць ад яе работнікаў. Калі ў іх душа маладая, калі творчыя ідэі льюцца цераз край, калі ўсмешка ўпрыгожвае іх твары – бібліятэка маладая і ў 75.

 

Аб гэтым ішла размова на юбілейнай вечарыне  “Гатовы дзверы адчыніць мы для цябе, чытач наш верны!”  у Астрынскай гарпасялковай бібліятэцы, прысвечанай 75-й гадавіне гэтай установы. Падарункі ад сваіх чытачоў бібліятэка  пачала атрымліваць задоўга да юбілейнай  сустрэчы. А ў дзень свята госці ішлі дружна і весела, хутка ў зале ужо не было месца. Прыемнай для бібліятэкараў была прысутнасць дырэктара раённай бібліятэкі Янкоўскай А.М., былога дырэктара ЦБС Антановіч М.А., загадчыцы аддзела бібліятэчнага маркетынга Міхайлавай Ю.А., старшыні сельвыканкама Лебядзевіч Н.І., прадстаўнікоў тых устаноў, з якімі бібліятэка цесна супрацоўнічае.

 

 

Добрыя словы, усмешкі, шчырыя віншаванні, вершы, музыка зрабілі вечар цёплым, насычаным любоўю да чытачоў і павагай да Кнігі і Бібліятэкі. Падарункі ад дырэкцыі атрымалі былыя супрацоўнікі бібліятэкі Фецюкова Ж.І. і Велісейчык В.Г. А былая загадчыца бібліятэкі  Маркевіч Марыя Аляксандраўна была ў гэты дзень “каралевай баля”. Віншаванні, падзякі, успаміны, падарункі – усё гэта так ушчуліла яе, што вочы не раз былі “на мокрым месцы”.  

 

Вядома, прыемна пачуць добрыя словы ад кіраўнікоў, але для ўсіх бібліятэкараў самымі дарагімі былі выступленні чытачоў. У час такіх сустрэч яскрава разумееш  сваю неабходнасць людзям, адчуваецца патрэба ў бібліятэках, у кнігах, у месцы, дзе яны  маюць магчымасць сустрэцца з сябрамі і аднадумцамі.  Гэты вечар яшчэ раз падцвердзіў: не ўзрост яднае людзей, а светапогляд, адносіны да жыцця, да людзей, што побач. Гасцям бібліятэкі было ад 16 да 86 год, але разам ім зусім не было сумна. Яны паказвалі сваю эрудыцыю, разам спявалі і чыталі вершы пра родную бібліятэку, выказвалі словы ўдзячнасці бібліятэкарам і бібліятэцы, дарылі падарункі, з цікаўнасцю слухалі аповяд аб гісторыі бібліятэкі. 

 

 

Цудоўную віншавальную праграму падрыхтавалі работнікі Дома культуры і тэатральнай творчасці.  Іх выступленне упрыгожыла вечарыну. У гэты вечар усе ўдзельнікі разам шукалі Вялікую бібліятэчную таямніцу і знайшлі яе напрыканцы вечарыны. Гучыць яна вельмі проста і зразумела: “ Любіць кнігу, любіць чытачоў і кожны раз аддаваць ім часцінку сваёй душы!” А чытачы надоўга затрымліваліся каля фотаэкспазіцый “Бібліятэка, час і мы” і “Бібліятэка і чытач – разам па жыцці “, якія былі падрыхтаваны да сустрэчы. Не адзін раз чуліся здзіўленыя галасы, калі нехта знаходзіў сябе на фотаздымках розных часоў. А на сустрэчы былі людзі, якія сталі чытачамі бібліятэкі нават з 1957 года. 

 

 

Усе ўдзельнікі разам прыйшлі да высновы, што 75 год для бібліятэкі не ўзрост! Віншаванні працягваліся і на другі дзень: гасцямі бібліятэкі сталі яе добрыя сябры і шчырыя памочнікі – валанцёрскі атрад ДУА “Астрынская сярэдняя школа імя А.С. Пашкевіч (Цёткі)” “Продвижение”. З імі ўпершыню ў рэспубліцы была распрацавана вялікая праграма “Увайдзі ў кожны дом”, значнай часткай якой з’яўляецца аддзел “Дамашні абанемент”, які накіраваны на больш актыўную работу з пажылымі жыхарамі пасёлка. Юныя сябры падарылі бібліятэцы самаробную кнігу з 75-цю пажаданнямі. Свята прайшло, віншаванні ўсё яшчэ выклікаюць усмешку ў работнікаў бібліятэкі. А думкі іх – у будучыні. І яны аб тым, што трэба і надалей працаваць так, каб не сорамна было ні перад кіраўніцтвам, ні перад сваімі чытачамі. З юбілеем, родная бібліятэка! 75 – не ўзрост!

 

Ганна СЦЯПАНЧАНКА, біблятэкар Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!