У аграгарадку Ляшчанка завяршылася будаўніцтва жылога дома

У аграгарадку Ляшчанка завяршылася будаўніцтва жылога дома, які дастаўся ААТ “Дэмбрава” ў спадчыну ад Шчучынскай птушкафабрыкі. Ключы ад камфартабельнага катэджа атрымаў малады трактарыст ААТ “Дэмбрава” Юрый Мечыслававіч Здановіч, які хутка справіць наваселле.
– Згодна з распрацаваным планам на вуліцы Дружбы ў аграгарадку Ляшчанка павінна было з’явіцца шэсць новых домікаў, – гаворыць майстар ААТ “Дэмбрава” Сяргей Аляксандравіч Савіцкі. – Чатыры з іх Шчучынская ППРФ пабудавала, а астатнія не паспела. Пасля далучэння гэтых зямель да нашай гаспадаркі мы вырашылі давесці пачатую добрую справу да канца. Накрылі будынак металапрофілем, падвялі газ і водаправод, зрабілі каналізацыю. Устанавілі вокны і дзверы, у ваннай і туалеце паклалі плітку, у жылых памяшканнях – ламінат. Усе работы правялі гасспосабам. На ўзвядзенне аб’екта затрацілі прыкладна 58 тысяч рублёў. 
На вачах мяняецца і апошні недабудаваны Шчучынскай птушкафабрыкай дом, які стаіць па суседстве. Тут будаўнікі ААТ “Дэмбрава” ўжо накрылі дах і зараз займаюцца пракладкай сантэхнікі. Здаць будынак “пад ключ” у гаспадарцы плануюць у пачатку наступнага года.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!