А ў Афрыцы горы якой вышыні? Пра гэта і не толькі ведае настаўніца геаграфіі Ляшчанскага д/с-СШ Анастасія Нагорная

На хвілінку затрымайцеся і ўспомніце: у каго з вас любімым заняткам у школе была геаграфія? З гэтых урокаў мы ўпершыню даведаліся, дзе знаходзяцца самыя высокія горы або самае глыбокае возера ў свеце. Колькі раз гарталі атлас і спрабавалі запомніць, а потым і вымавіць назву сталіцы Мадагаскара, месцазнаходжанне такіх маленечкіх краін, як Сан-Марына ды Андора! Не гаворачы пра вывучэнне клімату і адпаведнай яму расліннасці. 

Геаграфія ахоплівае цэлы свет і менавіта таму так спадабалася маладому спецыялісту Анастасіі Нагорнай, якая працуе метадыстам Шчучынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета і настаўніцай геаграфіі.
Педагагічны шлях дзяўчына выбрала ў школьныя гады – колькі разоў марыла пра гэтую прафесію! Бацькі яе толькі падтрымлівалі, таму што бачылі вялікае жаданне займацца з дзецьмі і здольнасці да гэтага. Анастасія два гады наведвала вучэбна-вытворчы камбінат і вывучала асновы педагогікі і псіхалогіі. 
Менавіта геаграфіяй дзяўчына захапілася дзякуючы сваёй настаўніцы Наталіі Іванаўне Здановіч. Анастасія прызнаецца, што нават хацела быць падобнай да яе.
– Вывучаць геаграфію, на мой погляд, проста і пры гэтым вельмі пазнавальна, – разважае Анастасія. – Тут заключаны і сацыяльныя, і эканамічныя, і палітычныя веды. Да таго ж яна вучыць чалавека жыць у адзінстве з прыродай. Многім геаграфія падабаецца тым, што дазваляе вандраваць віртуальна, з дапамогай карты. 
Скончыўшы Орлеўскі д/с-СШ, будучы настаўнік упэўнена накіравалася ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на геаграфічны факультэт. Анастасія праявіла сябе выдатна: атрымала пасаду старшыні сярод стараст свайго факультэта, далучылася да спартыўнага турыстычнага клуба. Штогод разам з аднакурснікамі і выкладчыкамі выбіралася ў шматлікія паходы – у Карпаты на гару Гавэрла, у Расію да Старога Ізборска і Пскова, не кажучы пра велапаходы па Беларусі.
Студэнцтва толькі развіла цікавасць да абранай прафесіі, таму Анастасія адразу пасля атрымання дыплома з адзнакай паступіла ў магістратуру на сацыяльна-педагагічны факультэт. 


Цяпер асноўная дзейнасць Анастасіі сканцэнтравана ў вучэбна-метадычным кабінеце. Малады настаўнік курыруе такія прадметы, як геаграфія, гісторыя, грамадазнаўства, чарчэнне, мастацтва, і вельмі задаволена магчымасцю ўзаемадзейнічаць з больш вопытнымі педагогамі. Сярод абавязкаў метадыста арганізацыя семінараў, круглых сталоў, наведванне і аналіз адкрытых урокаў, падчас якіх Анастасія не толькі раздае рэкамендацыі, але і набывае нешта для сябе.
Некалькі разоў на тыдзень настаўніца праводзіць заняткі геаграфіі для вучняў 6-11 класаў. А пасля наведвае школьную бібліятэку ў пошуках цікавай кнігі. Чытанню Анастасія надае асаблівы сэнс і з задавальненнем бавіць час за гэтым захапленнем. Канешне, у прыярытэце папяровы варыянт выданняў, таму паступова ў маладой настаўніцы з’явілася свая ўласная бібліятэка. Сярод яе першых кніг два тамы “Войны и мира” Л.М. Талстога, якія аднойчы падараваў бацька. Вельмі падабаецца Анастасіі беларуская літаратура – “Жураўліны крык” Васіля Быкава, “На ростанях” Якуба Коласа, “Людзі на балоце” Івана Мележа. 
Час, праведзены побач з роднымі людзьмі – самы каштоўны. Таму амаль кожныя выхадныя Анастасія імкнецца дадому. Сваю сям’ю і сяброў дзяўчына захапіла ідэяй выбірацца ў паходы, таму ў адпаведны сезон і пры добрым надвор’і яны разам даследуюць новыя маршруты або шукаюць новыя. 
– Для мяне гэта ўжо як традыцыя, – усміхаецца Анастасія. – Бо калі ты чатыры гады вучыўся на геаграфічным факультэце і шмат вандроўнічаў, ужо вельмі цяжка ад гэтага адвыкнуць.
Зімой у абавязковай праграме – катанне на каньках. Гэтаму віду спорту немагчыма не навучыцца ў Орлеўскай школе! Таму тут амаль усе хлопцы добра гуляюць у хакей, а амаль усе дзяўчаты бездакорна катаюцца на каньках.
Анастасія вельмі задаволена тым, што па размеркаванні апынулася ў Шчучыне. Праца тут надала ёй магчымасць праявіць сябе і свае здольнасці. 
– За першы год працы я толькі ўпэўнілася ў тым, што педагогіка – гэта мая стыхія, – падводзіць вынік гутаркі малады спецыяліст. – Настаўнік, на мой погляд, стварае фундамент для ўсіх прафесій, таму працаваць з дзецьмі – вялікая адказнасць для нас, дарослых. 
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.