У аб’ектыве – фотааматар Наталля Зубрыцкая

Шчучынка Наталля Зубрыцкая не першы год глядзіць на свет праз аб’ектыў фотаапарата. Зараз яна вучыцца за мяжой, аднак аддаленасць ад роднага горада не перашкодзіла стварыць цэлую галерэю стрыт-фатаграфій Шчучына. Адметна, што здымае Наташа на плёнку. Мы сустрэліся з перспектыўным фатографам і даведаліся, чаму Шчучын у “Зеніце” прыгажэйшы. 

З Наталляй мы знаёмы даўна. Цяжка было не заўважыць прыгожага, актыўнага валанцёра з СШ №3 г. Шчучына. І вось у нас зноў з’явіўся шанс сустрэцца. Толькі на гэты раз здымала не я. 
Нязвыкла быць па другі бок камеры: трэба па камандзе кудысьці глядзець, маўчаць, смяяцца, крыўляцца, не дыхаць, але лепш за ўсё проста давяраць і быць сабой. Я давярала. У нас быў той самы выпадак, калі плёнка сапраўды магла скончыцца. Наташа фатаграфавала старэнькім “Зенітам” і амаль не наракала на тое, што ўвесь час трэба нешта падкручваць ды наладжваць. Ён паслухмяна выдаваў кароткія выразныя шчаўчкі так, нібыта выдыхаў пасля кожнага здымка. І атрымаліся яны жывымі, сапраўднымі і цёплымі. 


Падчас сустрэчы Наталля расказала, што плануе стаць прафесіяналам сваёй справы. Яна – будучы фатограф і журналіст. На яе старонцы ў сацыяльных сетках можна сустрэць фатаграфіі як лічбавыя, так і плёнкавыя, аднак усё ж больш плёнкавых.
 Аднак пачынала дзяўчына зусім не з плёнкі. Першы фотаапарат, які трапіў ёй у рукі, быў звычайнай “мыльніцай” “Samsung”. Сястра і яе муж заўсёды прасілі іх сфатаграфаваць, а калі бачылі здымкі – дзіву даваліся, маўляў, мы б так не змаглі. Гэта матывавала Наташу працаваць над сабой. Школьныя святы і раённыя мерапрыемствы не абыходзіліся без юнага фатографа. Не забыла дзяўчына сваё захапленне і калі стала студэнткай.


– Мне цікава, з чаго ўсё пачыналася, таму я фатаграфую на плёнкавыя фотаапараты, – прызнаецца Наташа. – Хацелася б мець дальнамерны і шкальны плёначнікі. Плёнка – гэта гісторыя, а лічба – тое, што развіваецца зараз. І гэта таксама выдатна. Аднак мне здаецца, што плёначныя здымкі больш цёплыя і душэўныя. Да таго ж здымаць на стары фотаапарат – гэта вельмі цікавы і захапляльны працэс. 


Старэнькі “Зеніт” Наташы падараваў аднагрупнік, якому тэхніка дасталася ад дзядулі. Аказалася, што працуе толькі аб’ектыў, аднак Наташа знайшла выйсце: купіла “Зеніт” на аўкцыёне за… 7 рублёў! Так дзяўчына пачала здымаць старым фотаапаратам. 


Дома дзяўчына бывае часта. Шчучын – адно з любімых месцаў для яе фотасетаў. 
– Люблю Шчучын за тое, што ў ім жывуць родныя людзі, – гаворыць Наташа.– Да таго ж ён вельмі ўтульны. Тут ёсць маса месцаў, дзе можна сфатаграфавацца. На адным магу зрабіць 10 розных здымкаў. Калі ў кагосьці не атрымліваецца зрабіць на тэлефон касмічную “аву”, гэта яшчэ не значыць, што горад дрэнны. Трэба вучыцца бачыць прыгажосць і адметнасць у звычайным. 


У аб’ектыў фотааматара трапляе не толькі горад, але і гараджане. Праўда яна сама фатаграфавацца катэгарычна адмаўляецца, маўляў, прасцей заставацца па-за камерай.


Наталля Зубрыцкая знаёміцца з новымі цікавымі людзьмі, фатографамі і журналістамі, пераймае іх вопыт і шукае свой асабісты стыль. Яна марыць калі-небудзь адкрыць сваю выставу, стварыць часопіс і выкладаць фатаграфію студэнтам. А ў сталым узросце мая гераіня хацела б стварыць некалькі ўласных фотагалерэй і здзіўляць усіх унікальнымі здымкамі.
Пакуль фатаграфія – толькі хобі. Аднак Наталля прызналася, што абавязкова зробіць яе стылем жыцця і сваёй галоўнай прафесіяй. 
Ганна КАСПЕР.
Фота Наталлі ЗУБРЫЦКАЙ.