Толькі адзін след пальца рукі... Як быў выяўлены серыйны злачынца ў Шчучыне

Напрыканцы жніўня ў аграгарадку Васілішкі з гаража ў двары прыватнай сядзібы быў учынены крадзеж 600 літраў дызельнага паліва. Злачынства атрымалася раскрыць, як кажуць, па гарачых слядах. Дакладней, па следзе пальца рукі, які зламыснік пакінуў на агароджы.

 

– Падчас агляду месца здарэння былі выяўлены сляды, якія дапамаглі ўстанавіць прыналежнасць да злачынства дзвюх асоб. Імі аказаліся мясцовыя жыхары, – расказвае Дзмітрый Валяр’янавіч Трахімовіч, старшы эксперт-крыміналіст Шчучынскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, капітан юстыцыі.

 

Дарэчы, менавіта гэты супрацоўнік выбываў на месца здарэння ў складзе следча-аператыўнай групы, а яго скрупулёзны падыход і стаў кропкай адліку для рэзультатыўнага завяршэння агульнай напружанай работы. А пацягнуўшы за нітачку, праваахоўнікам удалося разматаць увесь клубок: адзін з удзельнікаў крымінальнага дуэта прызнаўся ў крадзяжы 210 літраў паліва з яшчэ аднаго гаража ў тых жа Васілішках, а таксама ва ўчыненні злачынства ў суседнім Воранаўскім раёне. На серыйнага “паляўнічага” на салярку і бензін заведзена крымінальная справа. Будзе адказваць перад законам і яго саўдзельнік.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!