Тайны Шчучына разгадалі знатакі

22 каманды юных знатакоў прынялі ўдзел у заключным турніры сезона гульняў клуба “Мудры Шчупак”, прысвечаным 500-годдзю Шчучына.

Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака – усё гэта адна асоба. Ці ведаеце вы самы вядомы псеўданiм гэтага пiсьменнiка? У склад якой вобласці ўваходзіў Шчучын да 1944 года? Чыім іменем названы адзін з партовых гарадоў, вулканічны горны цэп у Андах, мінерал і фіялка, у доме гэтага чалавека створаны музей, а ў Санцьяга яму пастаўлены помнік? Адказы на гэтыя і іншыя зусім няпростыя пытанні шукалі юныя знатакі. 
Бяззменная вядучая клуба – настаўніца англійскай мовы СШ №1 г. Шчучына Таццяна Чаславаўна Бадзюкова – прадставіла кожную каманду і членаў журы. З прывітальным словам звярнуўся да рабят намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама І.В. Гваздоўскі.

– Без усялякага сумнення можна сцвярджаць, што ў гэтай зале знаходзяцца самыя эрудзіраваныя разумнікі і разумніцы, якія заслужылі гонар прадстаўляць сваю школу на раённым фестывалі знатакоў, – падкрэсліў Іван Вікенцьевіч. – Сённяшняя гульня асаблівая, таму што прысвечана 500-годдзю з дня першага ўпамінання Шчучына ў пісьмовых гістарычных крыніцах. Сімвалічна, што менавіта гэты турнір праходзіць у былым палацы Друцкіх-Любецкіх, дзе ўсё дыхае даўніной. Жадаю поспехаў кожнай камандзе! Любіце свой горад, вывучайце яго гісторыю, адкрывайце яе новыя старонкі, таму што без гісторыі не можа быць будучыні.


І гульня пачалася! Адзін за адным прайшлі ўсе тры яе этапы: “Медыя гульня”, “Свая гульня” і “Што? Дзе? Калі?”. У выніку вызначаліся пераможцы.
Першае месца ў малодшых ювеналаў – вучняў 5-7 класаў – заняла каманда “Дынаміт” з СШ №1 г Шчучына, другое – “Папрыка” з СШ №2 г. Шчучына і трэцяе – “Адысея” з гімназіі. У старэйшых ювеналаў – вучняў 8-9 класаў – найбольшую колькасць балаў набралі ігракі каманды “Зорны дождж” з Васілішкаўскай СШ. Другімі сталі “Знатакі” з СШ №2 г. Шчучына і трэцімі – “Фантазёры” з Галавічпольскага дз/с-СШ. У самых старэйшых удзельнікаў турніру – юніёраў – месцы размеркаваліся наступным чынам. Пераможцай стала каманда “Факел” з гімназіі, на другім месцы – “Дарада” з Навадворскага дз/с-СШ, а на трэцяй прыступцы п’едэстала аказалася каманда “Down Town” з СШ №1 г. Шчучына. 
Пераможцы атрымалі кубкі РК “БРСМ” і салодкія падарункі.
– Прыемна, што рабяты цікавяцца гісторыяй Шчучына і увогуле ўсяго нашага раёна, – падзялілася сваімі ўражаннямі Таццяна Чаславаўна. – Вялікі плюс нашай гульні яшчэ і ў тым, што можна не толькі прадэманстраваць свае веды, але і даведацца пра раней невядомае. Мы разгадалі многія тайны. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!