Таццяна Фядзюк з аграгарадка Васілішкі стварае дзіўныя кампазіцыі з жывых і засушаных кветак, садавіны і ягад

Таццяна Фядзюк сцвярджае, што свае творчыя пошукі пачала яшчэ ў маленстве. Тады першая настаўніца навучыла яе вязаць і плесці з бісеру. Маленькай дзяўчынцы вельмі падабаліся гэтыя заняткі, дадаткова яна пачала наведваць гурткі па саломапляценні, а на ўроках імкнулася зрабіць нешта па-за школьнай праграмай. Шмат часу правяла Таццяна ў Васілішкаўскім цэнтры творчасці, вучылася шыць і вышываць у вучэбна-вытворчым камбінаце. 
Дзяўчына марыла быць псіхолагам, нават выбрала адпаведную спецыяльнасць у адной з гродзенскіх устаноў адукацыі. Але ж праз некаторы час схілілася ў бок дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і прыйшла на працу ў Васілішкаўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

– Памятаю, як мама завіхалася каля кветнікаў і пільна сачыла за кожнай раслінкай, – дзеліцца ўспамінамі з дзяцінства Таццяна. – Яе агарод амаль цалкам складаўся з кветнікаў, для агародніны было адведзена толькі некалькі градак. Нават цяпер, калі мама просіць адшукаць і набыць тую ці іншую расліну, я здзіўляюся – няўжо ў яе такой яшчэ няма?

Дарослая Таццяна палюбіла працаваць з кветкамі, зёлкамі і “захварэла” на фларыстыку. Ствараць дзіўныя кампазіцыі з жывых і засушаных кветак, садавіны, ягад навучылася самастойна, іншы раз магла падгледзець нешта ў майстроў на кірмашах. З цікавасцю і сама прадстаўляе свае вырабы на розных мерапрыемствах, нават на абласных “Дажынках” у Іўі была! Да дзяўчыны часта звяртаюцца з мясцовай гаспадаркі, каб разам падрыхтаваць цікавую кампазіцыю на конкурс. Напрыклад, у мінулым годзе Таццяна зрабіла вялікі тапіарый з яблыкамі, які заняў прызавое месца на кірмашы ў Шчучыне.
– Дрэўца я вырашыла даставіць у райцэнтр самастойна, – расказвае Таццяна. – І пакуль несла яго ад паркоўкі да пляцоўкі, дзе ладзілася выстава, тры чалавекі спыталі, ці прадаецца гэты тапіарый. 
Да інтэрнэт-крыніц дзяўчына ніколі не звяртаецца – ідэі нараджаюцца самі сабой. Для кожнай кампазіцыі павінны быць свой настрой. Знаёмыя ведаюць, што арыгінальны падарунак ад Таццяны можа здзівіць каго хочаш. Сама дзяўчына зазначае, што да сваіх вырабаў у яе вельмі трапяткія адносіны, таму рабіць нешта на заказ яна не жадае. 

Муж Таццяны Андрэй з усмешкай кажа, што амаль у кожнай шафе дома прыхаваны пакет з хваёвымі шышкамі для будучых кампазіцый. Да таго ж яны разам з сынамі збіраюць для мамы розныя ўпрыгожанні, атласныя стужкі, пацеркі, каб назапасіць матэрыял для яе творчасці. Таццяна вырашыла майстраваць драўляныя скрынкі і кошыкі, каб з густам рабіць падарункі знаёмым. На дзень нараджэння Андрэй падрыхтаваў ёй зусім не жаночы падарунак – лобзік. Цвікі і дошчачкі дзяўчына ўжо назапасіла.
У Андрэя і Таццяны двое сыноў – Данііл і Аляксей. Старэйшы Данік наведвае пачатковую школу, малодшы Лёша ходзіць у дзіцячы садок. Муж Таццяны родам са Шчучына, працуе вадзіцелем у ААТ “Васілішкі”, а вось сама дзяўчына з Дзегцяроў. Яна нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. 
– Дзве мае сястры таксама жывуць у Васілішках, мы ходзім у госці адна да адной, разам адпачываем, – расказвае Таццяна. – І нам вельмі падабаецца жыць у аграгарадку. Сумаваць не прыходзіцца – зімой прыдумваем гульні на свежым паветры, катаемся разам з дзецьмі з горак, некалькі разоў на тыдзень наведваемся ў спартыўную залу, займаемся валейболам. Летам разнастайнасць заняткаў значна большая. Мы можам пахваліцца тым, што ўжо аб’ездзілі ўсю Гродзенскую вобласць.
Андрэй і Таццяна імкнуцца ўдзельнічаць у розных маладзёжных і прафесійных конкурсах, турзлётах, далучаюць да гэтага і сваіх дзяцей. Разам змагаліся за перамогу на конкурсе БРСМ “Уладар сяла”, дзе занялі трэцяе месца, разам гулялі ў футбол падчас сямейных спаборніцтваў “Тата, мама, я – спартыўная сям’я” і прывезлі медалі за дасягненні ў асабістых заліках. Андрэй некалькі год запар станавіўся адным з лепшых вадзіцеляў на ўборцы ўраджаю. 
На пытанне, як сям’я ўсюды паспявае, Таццяна адказвае проста: “У свеце столькі цікавага, таму мы не можам проста сядзець, склаўшы рукі”. Узброіўшыся такім жыццёвым крэда, Андрэй і Таццяна спрабуюць свае сілы ў новых пачынаннях.
Юлія ЦІМАШЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!