Сёння – Дзень рацыяналізатара і вынаходніка. Віктар Крыштаповіч -- майстар з залатымі рукамі

Віктара Іванавіча Крыштаповіча ў цэнтральных майстэрнях ААТ “Дэмбрава» не называюць гучнымі словамі «рацыяналізатар» і «вынаходнік». Для калег па працы ён – майстар з залатымі рукамі. Між тым, справа, якой заняты гэты чалавек, бярэ пачатак з ідэі. Ад думкі да канкрэтыкі прайшло няшмат часу.

Галоўны інжынер Дзмітрый Іванавіч Іодчык расказвае:
– У нейкі момант праблемай стаў рамонт рухавікоў. Забіраючы іх са спецыялізаваных прадпрыемстваў, не заўсёды былі задаволены якасцю работ. Асобныя маторы з улікам нашых каласальных нагрузак «выходжвалі» толькі паўгода... Тады ў мяне і з’явілася ідэя – паспрабаваць самім, прыцягнуўшы да гэтай справы вопыт і веды мясцовых тэхнароў. Якраз і спецыяліст такога профілю меўся – Віктар Іванавіч Крыштаповіч.
 За плячыма ў карэннага дэмбраўца В.І. Крыштаповіча – 29 год механізатарскага стажу. «У шаснаццаць год пасля васьмі класаў прыйшоў на працу ў гаспадарку, – прыгадвае ён. – Пачынаў на МТЗ-50, потым працаваў на больш сучасных яго марках, а 15 год – на пагрузчыку «Амкадор». 
Змяніць высокую кабіну на, так бы мовіць, зямную работу дапамог выпадак: аднойчы Крыштаповіч змог «выратаваць» рухавік свайго пагрузчыка без якіх-небудзь матэрыяльных затрат. Яго здольнасці заўважылі і праз нейкі час, хоць і не без цяжкасцей (ён быў выдатны спецыяліст і незаменны там, дзе працаваў), пераманілі ў іншую сферу дзейнасці. 


...Першыя тры маторы вярнулі да жыцця ў прыстасаваных умовах, лічы, на калодках у рамонтнай майстэрні. Але ўзнікла пытанне: як праверыць якасць работы – ход рухавіка і яго «голас»? Тады, памазгаваўшы, дэмбраўскія ўмельцы стварылі своеасаблівы стэнд, прыдумалі сістэму вентыляцыі... І цяпер рухавікі трактароў “Беларус-82.1” і “Беларус-1221” атрымліваюць новае жыццё ў асобным боксе, дзе ёсць усё неабходнае для работы.
 «Значыць, Вы тут у адной асобе – начальнік цэха і падначалены?» – звяртаюся да Віктара Іванавіча Крыштаповіча. Суразмоўца не пагаджаецца, ківае ў бок галоўнага інжынера: «І заяўку на запчасткі – праз Дзмітрыя Іванавіча, і параіцца, што і як рабіць, таксама разам зручней». Між іншым, Дзмітрый Іванавіч Іодчык – выпускнік факультэта інавацыйных тэхналогій у машынабудаванні ГрДУ імя Я. Купалы. Сам родам з Лычкаўцаў, працу на зямлі ведае ад “а” да “я”. Прызнаецца, што пасля летняй практыкі ў якасці трактарыста ААТ “Васілішкі” у студэнцкай аўдыторыі яму ўжо было нецікава.
 На сённяшні дзень тут “ажывілі» ўжо 22 рухавікі. Напрыклад, складаны рамонт аднаго з іх абышоўся гаспадарцы прыкладна ў 5,5 тысячы рублёў (атрымаўся амаль новы рухавік, без пары дробязей), пры тым што за гэту работу на спецыялізаваным прадпрыемстве давялося б заплаціць амаль ў два разы больш, а пакупка новага пацягнула б на ўсе 13 тысяч. Выгада відавочная.
Работа Віктару Іванавічу падабаецца. Быў выпадак, што рухавік вярнулі “у строй” праз... суткі, прыйшлося затрымацца на рабочым месцы. Прызнаецца, што сям’я даўно прывыкла да такога напружанага рэжыму працы. Дарэчы, днямі прыходзіць на практыку ў гаспадарку і сын Павел – заканчвае вучобу ў Жыровіцкім аграрна-тэхнічным каледжы. «Адразу даверым добры трактар і падключым для ўдзелу ва ўборачнай, – гаворыць Д.І. Іодчык. – Ведаючы бацькаў талент, перакананы, што і малодшы не падвядзе».
Рамонт матораў – працэс творчы, сцвярджаюць мае суразмоўцы. Атрымаўшы «сэрца» машыны ў работу, Віктар Іванавіч разбярэ яго, кожную дэталь разгледзіць. А потым разам з галоўным інжынерам, той, дарэчы, запэцкаць рукі не баіцца, дыягнастуюць – яшчэ паслужыць ці ўжо патрабуе замены. Часам толькі каленвал і трэба адпраўляць на шліфоўку. З іншымі тэхнічнымі хібамі спраўляюцца самі. Удваіх вызначаюць і тактыку рамонту. Пры неабходнасці не стандартныя дэталі ставяць, а ўзмоцненыя. Жартуюць: «Кемлівая галава і рукі залатыя – добры тандэм». 
Дарэчы, у гэтыя дні Віктар Іванавіч Крыштаповіч зазірнуў у нутро рухавіка ад “Амкадора», на якім некалі шчыраваў сам. Прыйшоў яго час – выпрацаваў свой мотарэсурс. «Праз чатыры дні рухавік завядзём, – перакананы слесар-рамонтнік і галоўны інжынер. – Калі механізатар будзе выконваць рэгламент абслугоўвання, тэхніка паслужыць доўга». 
Для Віктара Іванавіча Крышта­повіча «голас» адрамантаванага рухавіка – бы прыемная мелодыя. А ў музыцы гэты тэхнар ад Бога толк ведае: баян і акардэон проста спяваюць у яго руках. Некалі, расказвае, паступіў у... музвучылішча. «Але калі даведаўся, што там адну ноту трэба вучыць тыдзень, я ім сыграў і пайшоў», – смяецца ён. Вось ужо сапраўды, калі таленавіты чалавек, дык ва ўсім.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!