Сёння – Дзень памяці. Уладзімір Антонавіч Нікольнікаў – былы жыхар нашага горада, пра якога варта ўспомніць

Першыя дні лістапада заўсёды авеяны светлым сумам – мы ўспамінаем нашых продкаў, дарагіх і блізкіх людзей, якіх ужо няма з намі. Памяці продкаў і прысвечана свята Дзяды. Продкі – гэта нашы радаслоўныя карані, наша папярэдняе жыццё, якое вызначае не толькі сённяшні дзень, але і заўтрашні. 

 

Кагосьці са сваякоў мы добра ведалі і вобразы іх назаўжды захавалі ў сэрцы, а пра іншых распытваем у бацькоў, бабуль і дзядуляў – цікава ж, якімі яны былі, як жылі, чым займаліся, якімі каштоўнасцямі даражылі. Кожная крупінка інфармацыі бясцэнная. І гэтую выснову хачу пацвердзіць яскравым прыкладам.

 

Яшчэ не так даўно ніхто з гэтых людзей, напэўна, і не меркаваў, што збяруцца разам напярэдадні свята памяці продкаў і наведаюць магілы дзядулі і іншых сваякоў, пахаваных на шчучынскіх могілках. Але так спрыяльна склаліся абставіны, што ўнукі Уладзіміра Антонавіча Нікольнікава, былога жыхара нашага горада, прыехалі ў Шчучын, каб аддаць даніну памяці дзеду. Адметна, што з чатырох унукаў толькі адзін, будучы яшчэ немаўляткам, бачыў дзядулю жывым. Аднак пакланіцца легендарнаму дзеду прыехалі і педагог з Мінскай вобласці, і прадпрымальнік з Масквы, і доктар з далёкага Растова…

 

Жыццё часта разлучае родных людзей надоўга. Адлегласці, праца, сямейныя турботы перашкаджаюць сустрэчам. Вось і для далёкага госця з Растова гэтая сустрэча на беларускай зямлі стала знамянальнай, ён бліжэй пазнаёміўся са сваякамі, больш даведаўся пра жыццёвы шлях свайго дзеда. Вячаслаў Леанідавіч Каробка даўно марыў пра гэту паездку. Чалавеку, працоўны дзень якога распісаны літаральна па мінутах, зрабіць гэта было надзвычай складана. Вячаслаў Леанідавіч узначальвае Растоўскую абласную клінічную бальніцу, ён доктар медыцынскіх навук, урач-хірург вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з больш як 30-гадовым стажам, заслужаны ўрач Расіі, выконвае складаныя эндаскапічныя аперацыі і высокатэхналагічныя ўмяшальніцтвы на ўнутраных органах. Але здзейснілася – ён у Шчучыне, у доме, дзе жыў яго дзед. У садзе яшчэ адорвае гаспадароў сакавітымі пладамі дзедава яблыня. Як жа пяшчотна прытуліўся да яе далёкі госць… Дарэчы, растоўскі ўнук прыехаў са сваёй сям’ёй, дзецьмі, на яго думку, нашчадкі павінны ведаць свае карані.

 

А пра дзеда – Уладзіміра Антонавіча Нікольнікава – варта сказаць асобна. Гэты чалавек прайшоў праз гарніла Вялікай Айчыннай вайны, ён з неба абараняў нашу Радзіму, быў лётчыкам асам. Выпускнік Батайскай авіяшколы Уладзімір Нікольнікаў паляцеў на фронт падрыхтаваным лётчыкам-знішчальнікам.

 

Бясстрашны пілот асвоіў некалькі тыпаў самалётаў: ПО-2, ТБ-3, ЯК-7, Ла-5, Ла-7, Ла-9 і іншыя. Аднойчы завязаўся няроўны паветраны бой: Нікольнікава атакавалі ажно 5 “месераў”, самалёт загарэўся, Уладзімір у апошні момант катапультаваўся… Абгарэлага, беспрытомнага яго даставілі ў шпіталь. Твар быў абпалены да непазнавальнасці. Выжыў! Было доўгае лячэнне, перасадка скуры… І лётчык зноў стаў у строй, каб змагацца з фашыстамі. 

 

Уражваюць сухія лічбы з лётнай кніжкі Нікольнікава: адбылося баявых вылетаў па тыпах самалётаў – ЛаГГ-3 – 80, Ла-5 – 50, праведзена паветраных баёў – 21, спадарожных штурмовак – 85, бамбардзіровак – 47…

 

Неверагодна, як да гэтага часу захаваліся лётная кніжка, планшэт, некаторыя дакументы, фота, выразкі з газет! Гэтыя дарагія артэфакты многія гады беражліва захоўвае нявестка Валянціна Канстанцінаўна Нікольнікава, якой, на жаль, таксама не давялося ўбачыць жывым свёкра, які пражыў усяго 52 гады. Вялікая ёй удзячнасць за захаванне сямейных рарытэтаў сям’і Нікольнікавых!

 

Вось такая гісторыя. Як бачна, нашы продкі дастойныя нашай памяці і пашаны. І мы павінны расказваць пра іх дзецям, унукам і праўнукам, бо наш неўміручы род жывіцца памяццю вякоў.

 

Ала ФЯДОТАВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!