Сёння Дзень медыцынскіх работнікаў. Аляксандр Чудоўскі: “Хірургія – не работа, а служэнне”

Сёлетні год для высакакласнага спецыяліста, урача УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Аляксандра Валер’евіча Чудоўскага знакавы. У жніўні споўніцца 30 год яго працы ў раённай бальніцы, 20 з якіх – на пасадзе загадчыка хірургічнага аддзялення.

Аляксандра Валер’евіча застала ў рабочым кабінеце. Доктар рабіў запісы ў карце пацыента. А паўгадзіны назад стаяў ля аперацыйнага стала. “Экстраная хірургія – востры апендыцыт, – патлумачыў. – Паступіў мужчына, 85 год. Цярпеў боль два дні, пакуль дачка не пераканала паехаць у бальніцу. Аперацыя прайшла нармальна”. Па словах урача, такія “цярплівыя” пацыенты цяпер не рэдкасць. Многія пажылыя людзі жывуць адны, пры праблемах са здароўем да ўрача не спяшаюцца. Сітуацыя мяняецца, калі ў выхадныя дні прыязджаюць дзеці. Яны і настойваюць: досыць пакутаваць – у бальніцу! “Таму дні з вечара пятніцы да канца нядзелі я так і называю – “бацькоўскімі”, – зазначае Аляксандр Валер’евіч.
Увогуле вопыт і прафесіяналізм хірурга Чудоўскага і яго калег запатрабаваны: лічы, штодзень ці планавая аперацыя, ці экстраны выпадак. За год у хірургічным аддзяленні №1 выконваецца каля 650-700 аперацый.
– Калі гаварыць пра экстраную паталогію брушной поласці, то цяпер надзвычай частыя востры халецыстыт – калькулёзны, з камянямі, і панкрэатыт у цяжкай форме, – сцвярджае ўрач. – Тое, што некалі было вялікай рэдкасцю. Падчас маёй вучобы ў медінстытуце пацыента з дыягназам “панкрэатыт”, каб паказаць студэнтам, яшчэ пашукаць трэба было. А цяпер – на кожным кроку... Калі раней апендыцытаў за год аперыравалі каля сотні, а халецыстытаў да дзясятка, то сёння – усё наадварот. Справа ў алергізацыі – на нашым стале шмат прадуктаў са стабілізатарамі, кансервантамі, іншымі дабаўкамі… Ёсць і шэраг іншых прычын.
Чаму ж Аляксандр Валер’евіч абраў менавіта гэту прафесію, дзе не слава і кветкі, а празмерныя нагрузкі і надзвычай высокая адказнасць?
Вядомы ў горадзе і раёне хірург Чудоўскі родам з Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці – з вёскі з музыкальнай назвай Лютня. У сям’і выхоўваліся яшчэ тры сястры. Бацькі – сельскія інтэлігенты – заатэхнік і бухгалтар. Ні табе медыцынскіх дынастый, ні знаёмых у гэтай прафесіі... Лёсавызначальным для іх сына стаў выпадак. Аднойчы дзевяцікласнік Саша Чудоўскі патрапіў у хірургічнае аддзяленне. Месцаў у палаце не было, і юнага пацыента размясцілі на ложак у калідоры. Якраз тут і быў фарватар усіх бальнічных падзей. Хлопец, бы заварожаны, назіраў за работай медперсаналу. Бальнічны спакой і бальнічны экстрым запалі ў душу, і ён вырашыў для сябе: “Буду урачом!”.
“Паступіў у Гродзенскі медінстытут і яшчэ больш умацаваўся ў жаданні стаць хірургам”, – распавядае Аляксандр Валер’евіч. З трэцяга курса займаўся ў хірургічным гуртку. Лавіў кожнае слова загадчыка кафедры агульнай хірургіі І.Я. Макшанава – эрудзіраванага і тактоўнага чалавека. Настаўнікам у прафесіі лічыць і куратара курса прафесара А.І. Карпіка. Гэта пад яго кантролем студэнт-шасцікурснік Чудоўскі упершыню прааперыраваў пахавую грыжу. Успамінае добрым словам і дацэнта А.А. Палынскага, які вучыў азам хірургіі. Зярняты ведаў і вопыту інстытуцкіх выкладчыкаў упалі на спрыяльную глебу. 
Стажыраваўся малады хірург Чудоўскі ў Лідзе. І сёння ён удзячны за навуку калегам А.І. Місевічу, В.І. Гушча і іншым. А ў 1988 годзе месцам працы стала Шчучынская ЦРБ, дзе прафесійнае станаўленне праходзіла пад кіраўніцтвам вопытнага І.Р. Луневіча. “Незаўважна прабеглі 30 год, – усміхаецца Аляксандр Валер’евіч. – Многіх ужо навучыў сам”. А яшчэ за гэты час усвядоміў, што хірургія, як кажуць па-руску, “удел избранных”. Не кожны ўрач можа вытрымаць каласальныя нагрузкі, узяць у рукі скальпель, а галоўнае – адказнасць за жыццё чалавека. 
– Застацца ў хірургіі здольны людзі спагадлівыя і рашучыя, – разважае субяседнік. – Ад хірурга патрабуюцца вывераныя дзеянні, вытрымка, цвёрдая рука і фізічныя сілы... Часам ля аперацыйнага стала затрымліваешся не адну гадзіну. Увогуле хірургія – гэта ювелірная работа, дзе галоўнае – дакладнасць рук і ўменне хутка прыняць рашэнне.
Аляксандр Валер’евіч прызнаецца, што заўсёды адчувае задавальненне, калі выратоўвае чалавека. У рабоце на цуд не спадзяецца. Толькі на свае веды, вопыт і… “Я веру, што нейкі ўсяленскі розум існуе – падказвае, кіруе намі: у патрэбны момант спыніць, у патрэбны момант падштурхне да дзеянняў. Часам такія рэчы здараюцца – і ў лепшы і ў горшы бок, што немагчыма нічым патлумачыць”, – разважае ўрач.
За 30 год працы хірург Чудоўскі не страціў любоў да сваёй ратавальнай прафесіі, як цяпер кажуць, не выгараў, штодзень сутыкаючыся з людскім болем і перажываннямі. Запэўнівае, што і сам, і яго калегі ніколі не заходзяць у аперацыйную ў дрэнным настроі. Разумеюць: хворы чалавек прыехаў сюды не з радасці, а са сваім болем. Хапае ў іх вытрымкі, калі трапляюцца пацыенты, якія ставяць сабе дыягназы, спрабуюць кіраваць урачом: “Хачу пракапацца для прафілактыкі”.
А яшчэ загадчык аддзялення шчыра зацікаўлены, каб у хірургіі заставалася моладзь. Для гэтага, кажа ўрач, недастаткова адных заклікаў і абяцанняў. Малады спецыяліст хоча развівацца, імкнуцца да прафесійнай вышыні, поўнасцю рэалізаваць свой патэнцыял. Хоча працаваць не дзедаўскім метадам – са скальпелем, а трымаць у руках апарат новага пакалення. У прыватнасці, у хірургічным блоку даўно патрэбна лапараскапічная стойка, што дасць магчымасць выконваць малаінвазіўныя аперацыі. “І ўрачы, і пацыенты будуць у выйгрышы”, – справядліва лічыць Аляксандр Валер’евіч.
Хірургія – камандная работа, у ёй не можа быць «я», тут кожны чалавек каштоўны. У калектыве аддзялення 2 урачы, 18 медыцынскіх сясцёр, 17 санітарак. Аляксандр Валер’евіч задаволены калегамі. Калі і ёсць у яго жаданне, то гэта мець у штаце яшчэ аднаго хірурга, “бо на вялікія аперацыі рук не хапае...” А пакуль ля аперацыйнага стала – сам і Андрэй Іосіфавіч Здановіч. “Гэта мой вучань!, – з гонарам кажа пра калегу Чудоўскі. – Надзейны. Разумеем адзін аднаго, на аперацыі можам не размаўляць – кожны ведае, што яму рабіць. Гэта надзвычай важна. Простых аперацый не бывае, ды і нестандартныя сітуацыі – не рэдкасць. Здаецца, алгарытм дзеянняў вядомы да драбніц, між тым раптам праяўляюцца праблемы, якіх не чакаеш”.
Кажуць, вопыту ў гэтых дваіх не менш, чым у сталічных ці абласных медыкаў. У хірургічным аддзяленні №1 пацыент заўжды атрымае дапамогу, у якой мае патрэбу. Калектыў і яго кіраўніка цэніць адміністрацыя УАЗ «Шчучынская ЦРБ», добрыя водгукі і ад пацыентаў, многія з якіх абавязаны медыкам жыццём. 
Побач з прафесіяналамі “расце” яшчэ адзін хірург – Аляксандр Віктаравіч Будрэвіч, цяпер ён у паліклініцы. “Будзе добры спецыяліст”, – перакананы загадчык аддзялення. Надзейныя члены каманды – аперацыйныя і паставыя медсёстры. У прыватнасці, ідэальны парадак у аперацыйнай і аддзяленні, захаванне санэпідрэжыму – клопат і заслуга старшых медыцынскіх сясцёр Г.П. Гурынавай і Н.М. Юрчанка.
– Хірургія – не работа, а служэнне. Асаблівы стыль жыцця. З раніцы – “пяцімінутка”, абход, пяцімінутка ў галоўнага ўрача, візіт у рэанімацыю… А з дзесяці гадзін – аперацыі, – дае расклад дня доктар. – А яшчэ начныя дзяжурствы. І на выхадныя ніколі планы не будую, бо яны тады ламаюцца. Мая дапамога можа спатрэбіцца ў любы момант. А на запрашэнне кудысьці пайсці ці паехаць адказваю: “Па сітуацыі”. Між тым, я ніколі не хацеў кінуць хірургію…
У доктара Чудоўскага падрастаюць два ўнукі. “Клікаць у медыцыну нікога з іх не буду, – заяўляе ён. – У медыцыну трэба ісці ўсвядомлена”. 
Пасля напружаных будняў выпадае і вольная хвіліна. Тады для доктара Чудоўскага своеасаблівым рэлаксам становяцца кнігі. З любімых аўтараў – Булгакаў, Ільф і Пятроў, Конан Дойл, фантаст Яфрэмаў…
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.