Сёння – Дзень беларускай навукі. Андрэй Шчатко -- вучоны з душой музыканта

Спяшаючыся на сустрэчу са старшым навуковым супрацоўнікам аддзела зерневых і зернебабовых культур Гродзенскага занальнага інстытута раслінаводства НАН Беларусі Андрэем Іванавічам Шчатко, я чакаў убачыць чалавека ў белым халаце і акулярах. Аднак на парозе інстытута мяне сустрэў высокі інтэлігентны мужчына ў джынсах і вязаным світары. 
– Я толькі што вярнуўся з палёў, дзе разам з калегамі абследаваў пасевы азімых культур і браў неабходныя пробы, – убачыўшы маё здзіўленне, патлумачыў Андрэй Іванавіч Шчатко. – У нашай лабараторыі мы вызначым, колькі цукру ўтрымліваецца ў выкапаных на палетках раслінах. Позняй восенню гэты паказчык звычайна складае прыкладна 26-28%. Зімой расліны ў працэсе жыццядзейнасці расходуюць 2-3% цукру ў месяц. Калі вясной яго ўтрыманне ва ўсходах складае не менш за 20% – можна разлічваць на багаты ўраджай.


Усяго некалькі хвілін гутаркі мне хапіла, каб зразумець, што перада мной чалавек высокаадукаваны і ўсебакова развіты, па-сапраўднаму ўлюбёны ў навуку. Якое ж было маё здзіўленне, калі даведаўся, што спачатку Андрэй Іванавіч марыў стаць музыкантам.
– Нават займаўся ў музычнай школе, дзе вучыўся іграць на трубе, – усміхаецца Андрэй Іванавіч Шчатко. – Але хутка кінуў. Нядоўгім было і маё захапленне мастацтвам. Калі прыйшла пара вызначыцца з будучай прафесіяй – вырашыў падацца ў сельскую гаспадарку. Бацькі мой выбар адобрылі і падтрымалі.
Скончыўшы СШ №1 г. Шчучына, Андрэй паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на спецыяльнасць “агранамія”. Вучоба давалася лёгка: юнак паспяхова здаваў шматлікія залікі і экзамены.
– На трэцім курсе ўсе студэнты праходзілі абавязковую практыку, – працягвае наш суразмоўца. – Мае аднагрупнікі ўладкаваліся працаваць у калгасы, а я, паколькі вырас у горадзе, падаўся ў занальны інстытут. У той час дружны калектыў шчучынскіх навукоўцаў узначальваў Павел Ісакавіч Заяц, а яго намеснікам была Ядвіга Уладзіміраўна Белаводская. Мяне размеркавалі ў аддзел аграхіміі, якім кіравала доктар сельскагаспадарчых навук Зоя Міхайлаўна Шугля. Менавіта яна і прабудзіла ў мяне сапраўдную любоў да навукі. 


Пасля атрымання дыплома юнака забралі ў армію. Служыць давялося ў ваенна-паветраных сілах. Вайсковая часць, куды размеркавалі Андрэя, размяшчалася ў суседняй Лідзе: у складзе батальёна тэхнічнага абслугоўвання малады салдат зараджаў акумулятарныя батарэі, якімі камплектаваліся самалёты, абслугоўваў тэхніку. Аднак душа прагнула ведаў і навуковых адкрыццяў.
Дэмабілізаваўшыся, Андрэй вярнуўся ў родны Шчучын і ўладкаваўся глебазнаўцам на прадпрыемства “Гроднааблхімізацыя”. Падчас шматлікіх камандзіровак браў узоры глебы для далейшых даследаванняў. 
– У 2000 годзе я паступіў на завочнае аддзяленне аспірантуры інстытута глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску, – дзеліцца Андрэй Іванавіч Шчатко. – Марыў трапіць у аддзел палявых доследаў, які дзейнічаў на прадпрыемстве “Гроднааблхімізацыя”, але нечакана яго расфарміравалі. У той час занальны інстытут, які размяшчаўся ў суседнім будынку, узначальваў Уладзімір Уладзіміравіч Курыловіч. Менавіта ён і ўзяў мяне на працу малодшым навуковым супрацоўнікам, за што я яму і па сённяшні дзень вельмі ўдзячны!


Сваю навуковую кар’еру Андрэй Іванавіч пачынаў у аддзеле тэхнічных культур, дзе займаўся вырошчваннем і даследаваннем цукровых буракоў, рапсу, а таксама льну-даўгунцу, рэдзькі і іншых крыжакветных культур. 
– Разам са старшым навуковым супрацоўнікам Аляксандрам Рышардавічам Рыбаком мы вырошчвалі цукровыя буракі на эксперыментальным полі, праводзілі экалагічныя іспыты, каб выявіць, якія гібрыды аптымальныя для нашых умоў. Таксама даследавалі дынаміку нарастання караняплодаў, для чаго іх перыядычна выкопвалі і абмяралі. 
Пасля рэарганізацыі аддзел тэхнічных культур пачаў займацца таксама вырошчваннем шматгадовых траў. Менавіта ў той час Андрэй Іванавіч Шчатко пачаў задумвацца аб напісанні кандыдацкай дысертацыі. 
– У 2004 я правёў усе неабходныя даследаванні, заставалася толькі абагульніць назапашаную інфармацыю і даступна яе выкласці, – успамінае навуковец. – Аднак нечакана пайшоў з жыцця мой кіраўнік па кандыдацкай рабоце і ўсё завісла. На дапамогу прыйшлі дырэктар інстытута глебазнаўства ў Мінску Віталій Вітальевіч Лапа і вядучы навуковы супрацоўнік гэтай жа навучальнай установы Надзея Мікалаеўна Івахненка. Дзякуючы сумесным намаганням у 2013 годзе я паспяхова абараніў дысертацыю, бо добра ведаў не толькі тэорыю, але і прайшоў усё на практыцы. 
Менавіта тады А.І. Шчатко заняў пасаду старшага навуковага супрацоўніка і пераключыўся на вырошчванне азімых зерневых культур.
– Ёсць такая практыка – доўгатэрміновае стацыянарнае даследаванне, – расказвае Андрэй Іванавіч. – Адводзіцца кавалак зямлі і пазначаецца спецыяльнымі маякамі – рэперамі, якія закопваюцца ў глебу на глыбіню 1-1,5 метра. Паколькі наш інстытут быў заснаваны ў 1910 годзе ў Беняконях, то менавіта там у 1922 годзе і быў закладзены “Беняконскі стацыянар”, які доўжыўся да 1980-х гадоў мінулага стагоддзя. “Шчучынскі стацыянар” агранізаваны ў 1961 годзе і працягваецца па сёняшні дзень. Такім чынам вывучаем уздзеянне розных угнаенняў на глебу і рост раслін. Паколькі нашы даследаванні доўжацца не адзін год – яны асабліва каштоўныя, бо дазваляюць зрабіць глыбокі аналіз. Аналагічныя стацыянары праводзяцца ў вядучых сельскагаспадарчых універсітэтах Расіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі. 
Дзякуючы агульным намаганням шчучынскіх навукоўцаў пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча Шэўчыка занальны інстытут займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы і працягвае ўпэўнена развівацца. 
Летась тут адкрылі галіновую лабараторыю “Аграбіятэхналогіі”, ініцыятарам і распрацоўшчыкам якой выступіла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Люцыя Станіславаўна Руткоўская. Зараз там працуюць супрацоўнікі розных аддзелаў. Сюды быў закуплены сучасны фотасепаратар, які ачышчае сельскагаспадарчыя культуры ад смецця і даводзіць насенне да неабходнай кандыцыі. Таксама набылі мабільную нямецкую лабараторыю “Lasa Agro”, якая дазваляе праводзіць даследаванні ў палявых умовах. 
– Мы можам хутка праверыць наяўнасць у раслінах і глебе розных карысных элементаў і даць адпаведныя рэкамендацыі, каб вырасціць багаты ўраджай, – зазначае Андрэй Іванавіч Шчатко. – Таксама праводзім даследаванні розных сродкаў аховы раслін, вывучаем эфектыўнасць іх прымянення. Акрамя таго, сеем на эксперыментальных палетках усе новыя сарты, каб вызначыць аптымальныя. Затым праводзім Дні поля, падчас якіх збіраем аграномаў раёна і расказваем аб атрыманых выніках. Безумоўна, поспех працы аграрыяў моцна залежыць ад “нябеснай канцылярыі”, але можна знівеліраваць негатыўны ўплыў дрэннага надвор’я на пасевы. Для гэтага неабходна строга прытрымлівацца тэхналогій. 
Назіраючы за тым, з якой асалодай Андрэй Іванавіч расказвае аб сваіх даследаваннях, можа падацца, што акрамя навукі яго больш нічога не цікавіць. Аднак гэта зусім не так! Ён не толькі прафесіянальны вучоны, але і выдатны бацька.
– Нават са сваёй жонкай Людмілай Станіславаўнай я пазнаёміўся менавіта ў занальным інстытуце, дзе яна працавала тэхнікам, – гаворыць Андрэй Іванавіч. – Разам мы выхоўваем двух дочак – Караліну і Эвеліну – і сына Дамяніка. Дзяўчынкі захапляюцца маляваннем, спевамі і танцамі, а вось Дамянік у сваім пяцігадовым узросце праяўляе інтарэс да тэхнікі. Я падарыў яму сваю рарытэтную чыгуначную дарогу, з якой гуляў у дзяцінстве.
Развітваючыся з нашым героем, пра сябе адзначыў, што чалавек знайшоў сябе не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці. Будучы кандыдатам сельскагаспадарчых навук, Андрэй Іванавіч Шчатко ўсур’ёз задумаўся аб напісанні доктарскай дысертацыі. Упэўнены, з той падтрымкай, якая яму забяспечана дома, усё ў яго атрымаецца!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.