Сёлета ўпершыню ва ўстановах адукацыі нашага раёна пачалі працаваць факультатывы “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”

Ражанкаўскія школьнікі – адны з тых, хто вырашыў больш глыбока пазнаёміцца з разнастайнасцю сельскагаспадарчых раслін і жывёл, даведацца пра сучасныя тэхналогіі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, унікнуць у асаблівасці развіцця аграпрамысловага комплексу нашай краіны. Дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак – вучняў дзясятага класа, пад кіраўніцтвам настаўніка хіміі і біялогіі Таццяны Генрыхаўны Глаўдаль будуць паглыблена вывучаць гэтыя прадметы. 
– Ідэя аб адкрыцці такіх факультатываў мне вельмі спадабалася, – гаворыць дырэктар Ражанкаўскага дз/с-СШ Ала Тадэвушаўна Цывінская. – Яе таксама падтрымалі і бацькі нашых вучняў. З цікавасцю аднесліся да прапановы займацца ў такім факультатыве і рабяты. Мы маем выдатныя магчымасці, каб падрыхтаваць будучых студэнтаў аграрных ВНУ нашай краіны. Школа супрацоўнічае з Гродзенскім занальным інстытутам раслінаводства, вытворчая база якога знаходзіцца ў Ражанцы. Падтрымліваем цесную сувязь са Шчучынскім рамонтным заводам. Нашы школьнікі падчас летніх канікулаў пастаянна працуюць у мясцовай гаспадарцы – ААТ “Шчучынаграпрадукт”, а па выніках кожнай чвэрці лепшыя вучні атрымліваюць матэрыяльнае стымулявання. Акрамя таго, і ў школе нашы дзеці пад кіраўніцтвам педагогаў займаюцца вырошчваннем кветак, даглядаюць пасаджаныя расліны – увогуле вучацца працаваць на зямле. 
Першыя заняткі факультатыва ўжо прайшлі ў школе.
– Думаю, мне будзе цікава знаёміцца з сельскай гаспадаркай нашай Беларусі, – гаворыць Анжэла Жвірбля. – Асабліва мяне больш прываблівае агранамія. Я заўсёды дапамагаю бацькам па гаспадарцы, працую ў агародзе. Мама і тата таксама параілі мне займацца ў гэтым факультатыве. Магчыма, у будучым, атрымаўшы прафесію, я вярнуся працаваць на сваю малую радзіму. 
А вось Ганна Палянская марыць стаць ветэрынарам. Дзяўчынка лічыць, што веды, атрыманыя на занятках, дапамогуць ёй паступіць у ВНУ.
Займацца на факультатыве школьнікі будуць два разы на тыдзень. 
– Цяпер мы вывучаем раслінаводства, – расказвае Таццяна Генрыхаўна Глаўдаль. – Затым будзем знаёміцца з жывёлагадоўляй, сельскагаспадарчай і электрычнай тэхнікай, мінеральнымі ўгнаеннямі і інш. Свае веды будзем рэалізоўваць на практыцы, хадзіць на экскурсіі, плануем наведаць Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. 
– З гэтага года ў школах нашага раёна пачала актыўна арганізоўвацца дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка, – расказвае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. – Так адбываецца для таго, каб дапамагчы школьнікам як мага раней вызначыцца з будучай прафесіяй, сарыентаваць іх на правільны выбар спецыяльнасці. Вучні выбіраюць для заняткаў факультатывы, гурткі, каб паспрабаваць сябе ў той ці іншай сферах. Для рабят, якія ў будучым плануюць выбраць рабочыя спецыяльнасці і паступаць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, мы арганізуем дапрафесійную падрыхтоўку на базе Шчучынскага сельскагаспадарчага ліцэя. Па суботах хлопчыкі гарадскіх школ могуць наведваць заняткі па асновах аўтатрактарнай справы, асновах слясарнай справы, зварачных і электратэхнічных работ. Такім чынам, пачынаючы з дзявятага класа яны могуць асвойваць даныя спецыяльнасці пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання. Дзяўчынкі ж у школах асвойваюць швейную справу на факультатыве “Тэкстыльная майстэрня”. Акрамя таго, усе дзевяцікласнікі займаюцца на факультатыве “Мая прафесійная будучыня”, дзе знаёмяцца з рознымі прафесіямі. 
Такая сістэма арганізацыі дапрафесійнай падрыхтоўкі створана менавіта ў Шчучынскім раёне. 
– Сёлета рабяты актыўна працавалі на прысядзібных надзелах у школах, рамантавалі мэблю – былі заняты грамадска-карыснай працай, – працягвае Жанна Іванаўна. – Такім чынам мы прывучаем іх да працоўнай дзейнасці. Разам з тым, школьнікі часта бываюць на экскурсіях на прадпрыемствах, знаёмяцца з вытворчасцю, каб разумець, наколькі адукаваныя і прафесійна-падрыхтаваныя кадры патрэбны сёння прамысловасці і сельскай гаспадарцы. 
Прафарыентацыйная работа арганізавана і для дзесяцікласнікаў. На сённяшні момант вучні маюць магчымасць вывучаць прадметы на павышаным узроўні, займацца ў аграрных і педагагічных класах. Факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” вывучаюць трыццаць школьнікаў у Астрынскай і Васілішкаўскай СШ, Ражанкаўскім і Скрыбаўскім дз/с-СШ, СШ № 2 г. Шчучына. Рабяты, якія вырашаць паступаць на льготных умовах у аграрны ўніверсітэт, павінны будуць заключыць дагавор з замацаваным прадпрыемствам, каб потым вярнуцца туды на работу. 
– З гэтага года дзеці, якія не вывучаюць на павышаным узроўні прадметы, будуць наведваць урокі працоўнага навучання,– гаворыць Жанна Іванаўна. – Вызначаны дзве апорныя школы: СШ №2 г. Шчучына, дзе будуць асвойвацца азы спецыяльнасці “слесар па рамонце аўтамабіля”, і СШ №3 – дзе дзяўчаты будуць знаёміцца са швейнай справай. У іншых школах, якія маюць адпаведную базу і спецыялістаў, будуць працаваць факультатывы “Агент па турызме”, “Сакратар”, “Аператар электроннага набору і вёрсткі” і інш. Пасля заканчэння гэтых факультатываў у адзінаццатым класе школьнікі змогуць здаць экзамен і атрымаць другі або трэці разрад, або атрымаць запіс у атэстаце аб праходжанні факультатыву па пэўнай спецыяльнасці. Магчыма, гэтыя навыкі ім спатрэбяцца ў жыцці. 
Распрацаваная сістэма дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі павінна дапамагчы школьнікам вызначыцца з выбарам сваёй жыццёвай сцяжыны, знайсці ім работу па душы. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!