Святкаваў наш горад свой дзень вызвалення…

12 ліпеня 1944 года – 73 гады таму – Шчучын быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Свабода дасталася вельмі дарагой цаной: сотні нашых землякоў не вярнуліся з той кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайны, дзясяткі салдат і афіцэраў знайшлі свой апошні прытулак на нашай Шчучынскай зямлі.

Па добрай традыцыі ў гэты дзень у гарадскім скверы каля помніка на брацкай магіле збіраюцца гараджане, каб ушанаваць памяць загінуўшых, падзякаваць ім за свабоду і незалежнасць нашай краіны, парадавацца мірнаму небу і яркаму сонцу…

– Вайна і акупацыя сталі вялікай трагедыяй для нашай краіны, – звярнулася да ўдзельнікаў мітынгу намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – Былі спалены 9200 вёсак, 209 гарадоў і пасёлкаў ляжалі ў руінах. Кожная сям'я страціла родных і блізкіх. На Шчучыншчыне акупанты знішчылі больш за сем тысяч мірных грамадзян. Сотні маладых людзей былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію. Людзі жылі ў пастаянным страху. Моцна пацярпела і эканоміка раёна. На аднаўленне народнай гаспадаркі і сацыяльнай інфраструктуры спатрэбіліся велізарныя сродкі.

Больше фото здесь

Сёння мы свята захоўваем памяць пра тых, хто ў самы цяжкі час змог выстаяць і перамагчы, абараніць нашу Радзіму.  

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Шчучынскай раённай ветэранскай арганізацыі Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч. Яго дзяцінства, як і соцень іншых дзяцей, было апалена вайною. Расчулены, успамінаючы далёкія ваенныя гады, ён гаварыў аб тым, як важна берагчы мір, даражыць свабодай нашай краіны і ніколі не забываць тых, хто цаной свайго жыцця здабыў усё гэта для нас.

З кожным годам побач з намі застаецца ўсё менш ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей, якім мы ніколі не перастанем дзякаваць за Вялікую Перамогу. Мы помнім кожнага, хто не дачакаўся сённяшняга сонечнага дня, хто аддаў сваё жыццё за тое, каб мы больш ніколі не чулі разрываў бомб і снарадаў, не бачылі ў небе варожых самалётаў, не атрымлівалі пахавальных… Нізкі паклон вам, нашы бацькі і дзяды! Схіліўшы нізка галовы, мы ўшаноўваем іх памяць мінутай маўчання…

Валанцёры БРСМ беражліва ставяць да падножжа помніка лампадкі. Кладуцца на халодны камень жывыя кветкі… Гарыць Вечны агонь славы… Імёны герояў жывуць у нашых сэрцах..

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!