Свята. Добрых падзей багата!

Сапраўдны дабрачынны дэсант высадзіўся ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Ганаровыя госці, шэфы з прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, валанцёры прыехалі да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, каб выказаць свае бязмежную любоў і міласэрнасць, якімі поўняцца гэтыя Калядныя і Навагоднія дні.


Ад імя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўдзельнікаў навагодняга мерапрыемства вітаў намеснік начальніка ўпраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва М.А. Арол.


– Дзяржава, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка робяць усё магчымае, каб дзеці ў нашай краіне жылі шчасліва, незалежна ад таго, выхоўваюцца яны ў сям’і ці сацыяльнай установе, развівалі свае здольнасці, упэўнена ступалі на самастойную дарогу, – адзначыў у сваім выступленні Мікалай Анатольевіч. – Я вельмі шмат чуў і на свае вочы бачыў на рэспубліканскіх конкурсах і спартыўных спаборніцтвах наколькі таленавітыя рабяты ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Так трымаць і далей! Я заўсёды буду балець за вас.
І М.А. Арол, і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама С.Л. Пацэвіч выказалі словы ўдзячнасці калектыву дома-інтэрната, яго кожнаму супрацоўніку за нялёгкую, але такую патрэбную для грамадства справу.


Аб імя раённай улады і РГА “Белая Русь” дзяцей і дарослых павіншаваў з надыходзячым Навагоддзем, пажадаў моцнага здароўя і здзяйснення мараў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама А.І. Навіцкі. У якасці падарункаў ганаровыя госці ўручылі дырэктару дома-інтэрната З.І. Янкевічу грашовыя сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.
З цэлай камандай выкладчыкаў і студэнтаў прыехалі да васілішкаўскіх рабят рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы І.Ф. Кітурка і загадчыца кафедры сучасных тэхналогій адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі ГрДУ Г.Г. Аўдзей. Аказваецца, усе пісьмы пра самыя запаветныя жаданні, якія хлопчыкі і дзяўчынкі напісалі Дзеду Марозу, студэнты-купалаўцы даставілі акурат па назначэнні і прывезлі аўтарам пасланняў менавіта тыя падарункі, пра якія марылі дзеці. Цуды збываюцца!
Здзівіла шчодрасцю і ААТ “Васілішкі”. Гаспадарцы спатрэбілася ажно некалькі мікрааўтобусаў, каб даставіць сваім падшэфным салодкія падарункі, фрукты і нават марожанае. Рабят цёпла віталі галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце С.М. Габіс і памочнік кіраўніка ААТ “Васілішкі” Н.П. Ліпская.


З пасылкамі-сюрпрызамі і навагоднімі віншаваннямі завіталі на свята ў дом-інтэрнат прадстаўнікі Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”, РУП “Гроднаэнерга”, гандлёвай сеткі “Еўрагандаль”. Ад гаспадароў аграсядзібаў, што аб’ядналіся ў кластар “Церам забаў”, перадаў падарункі Мар’ян Вацлававіч Савіцкі, які запрасіў рабят у госці на сваю аграсядзібу ў кантактны заасад.
Надзвычай прыемнай была і сустрэча з нашым земляком – палкоўнікам Аляксандрам Генадзьевічам Гайдуком, які разам са сваімі калегамі з абласнога ваеннага камісарыята таксама прыехаў з дабрачыннай місіяй.


 – Усе вы – людзі з вялікімі сэрцамі, – звярнуўся да шматлікіх гасцей дырэктар дома-інтэрната З.І. Янкевіч, які шчыра падзякаваў усім ад імя выхаванцаў, педагогаў і ўсяго персаналу. – Акцыя “Нашы дзеці” дорыць рабятам радасць новых сустрэч, а ўстанове – дадатковую магчымасць закупіць развіваючыя гульні, новую мэблю і многае іншае.
Цудоўнае тэатралізаванае прадстаўленне “Тры арэшкі для Папялушкі”, карагоды, гульні, навагоднія прыгоды і агульны з гасцямі “салодкі стол” – усё гэта не забудзецца, напоўніць дабрынёй сэрцы дзяцей і дарослых.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!