Свята для прызыўнікоў прайшло нядаўна ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці

У нашым раёне ўжо стала добрай традыцыяй напярэдадні адпраўкі юнакоў у армію для праходжання тэрміновай ваеннай службы ладзіць для іх свята. 

 

Вось і на днях у Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці на Дзень прызыўніка сабраліся маладыя людзі, якія літаральна праз некалькі дзён развітаюцца з роднымі і накіруюцца ў воінскія часці, каб выканаць свой канстытуцыйны абавязак. Удзельнікамі гэтага мерапрыемства сталі таксама вучні старэйшых класаў гарадскіх школ і гімназіі, а таксама навучэнцы Шчучынскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.

 

 

Са словамі на дарогу звярнуўся да навабранцаў ваенны камісар Шчучынскага раёна падпалкоўнік У.Я. Чайко. Ён падкрэсліў, што служба ва Узброеных Сілах – гэта школа мужнасці для кожнага маладога чалавека, час яго станаўлення, ганаровая і адказная місія. Гэта магчымасць знайсці новых сяброў, развіць у сабе сапраўдныя мужчынскія якасці – мужнасць, вынослівасць, уменне знаходзіць выйсце з самых складаных сітуацый, набыць новы жыццёвы вопыт. Уладзімір Яўгеньевіч пажадаў рабятам дастойна прайсці выпрабаванне, быць моцнымі духам, даражыць армейскім брацтвам і заўсёды помніць пра тое, што і ад іх залежыць спакой і незалежнасць нашай роднай Беларусі.

 

 

 Пра няпростыя армейскія будні расказалі прызыўнікам прадстаўнікі вайсковай часці 97097 маёр Аляксей Вітальевіч Каратчэня і капітан Сяргей Яўгеньевіч Лебедзь. Яны паабяцалі юнакам падтрымку сваю і камандзіраў, пажадалі навабранцам хутка адаптавацца ў новых армейскіх калектывах, з годнасцю вытрымаць усе цяжкасці, каб быць дастойнымі сынамі сваёй Айчыны. 

 

– Падчас работы прызыўных камісій мы часта сустракаліся з прызыўнікамі і было вельмі прыемна чуць, наколькі важнай і неабходнай лічыць службу ў арміі пераважная большасць юнакоў, – звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. – Адслужыце дастойна і ўзмужнелымі, абавязкова здаровымі вяртайцеся дамоў. Заўсёды помніце пра сваіх бацькоў, асабліва пра мам, а каб яны менш трывожыліся за вас і хваляваліся, пішыце ім, званіце, расказвайце пра свае поспехі. 

Самыя цёплыя пажаданні поспехаў у нялёгкай армейскай справе, аптымізму, вытрымкі і цярпення пажадала ад імя ўсіх мам свайму сыну і ўсім юнакам, якія накіруюцца ў гэтыя дні ў рады Узброеных Сіл, Наталля Міхайлаўна Дзяніска. 

 

З вышыні свайго армейскага вопыту звярнуўся да моладзі маёр запасу, ветэран Узброеных Сіл, ветэран ваенных дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў Аляксандр Фёдаравіч Новікаў. Уся яго служба была звязана з выхаваннем асабовага саставу. Ён упэўнены, што армейскія будні неабходны для кожнага юнака, каб навучыцца моцнай дружбе, стаць стойкім, мужным, фізічна развітым. 

 

 

– Авалодвайце воінскай спецыяльнасцю, не губляйце дарэмна час, пры жаданні – заставайцеся ў арміі на службу па кантракце або выбірайце дарогу ваеннага афіцэра, – такі наказ даў юнакам Аляксандр Фёдаравіч. – І заўсёды падтрымлівайце сваіх блізкіх, будзьце для іх надзейнай апорай і абаронцамі. 

 

Падтрымаць шчучынскую моладзь прыехаў і першы сакратар Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БРСМ” П.Р. Міхалюк. 

 

Благаславілі навабранцаў і пажадалі поспехаў у армейскай службе прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай царквы: айцец Сергій і ксёндз Ян. 

 

 

 

З задавальненнем паслухалі ўдзельнікі ўрачыстасці канцэртныя нумары, якія падрыхтавалі для іх самадзейныя артысты РЦКіНТ, а таксама паглядзелі бравае выступленне дзяўчынак – удзельніц ваенна-патрыятычнага клуба “Арсенал” Васілішкаўскай СШ. 

 

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!