Сустрэча землякоў “Ля млына”

У мінулую суботу ў невялікай вёсачцы Мацеўчукі Шчучынскага раёна адбылася сустрэча землякоў пад назвай “Ля млына”.

На малой радзіме сабраліся былыя суседзі, знаёмыя, адным словам, вяскоўцы-землякі. Завіталі на сустрэчу ў гэтае цудоўнае мястэчка старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзь Іванавіч Цывінскі, дырэктар Жалудоцкай сярэдняй школы Уладзімір Анатольевіч Васількевіч і член Саюза беларускіх пісьменнікаў Святлана Іосіфаўна Абдулаева. Кожны з гасцей меў магчымасць расказаць пра вёску, параўнаць, якая яна была раней і якая стала цяпер. Яны пажадалі вяскоўцам шчаслівага жыцця на роднай зямлі, спакою ў сем’ях, моцнага здароўя і дабрабыту.

“У вёсцы застаецца ўсё менш і менш людзей, пусцеюць хаты, - гаворыць Генадзь Іванавіч Цывінскі, – але куточак, дзе ты нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, вымавіў першыя словы, застанецца ў сэрцы назаўсёды”.

На сустрэчы было прадстаўлена слова актывістцы гэтага мястэчка Феліцыі Іосіфаўне Карасевіч. Усё жыццё пражыла яна ў вёсцы. Працавала ў мясцовай гаспадарцы. Нямала выпрабаванняў выпала на яе лёс, але на сённяшні час яна лічыць сябе шчаслівым чалавекам: у яе ёсць любімая справа – вырошчваць кветкі.

Ну і вядома, якая сустрэча без песень і танцаў?! Прыгожымі рознагалосымі спевамі парадавалі сялян работнікі Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзмітрый Паварга, Валянціна Маркевіч, Марыя Сідаровіч і Марыя Мілеўская. Пад знаёмыя мелодыі вяскоўцы-землякі пускаліся ў скокі. Глядзіш і разумееш: вясковы чалавек не толькі ўмее самааддана працаваць, але і гэтак жа добра адпачываць.

Валянціна МАРКЕВІЧ, рэжысёр сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва РЦКіНТ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!