Супрацоўніцтва. Партнёрства. Сяброўства.

У мінулыя выхадныя ў польскім Шчучыне адбыўся “II Злёт сяброў Шчучына”, у якім прыняла ўдзел дэлегацыя нашага горада ў складзе начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубка і намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэя. Сюды ж прыехалі і прадстаўнікі з украінскага горада Ковель. Прадстаўнікі гарадоў-партнёраў абмеркавалі таксама пытанні далейшай рэалізацыі сумеснага праекта “Трансгранічныя цэнтры дыялога культур Польшчы, Беларусі і Украіны”. Нагадаем, што выдаткаваныя Еўрасаюзам сродкі ў памеры 2,5 мільёна еўра будуць накіраваны на рэканструкцыю стадыёнаў у нашым раённым цэнтры, польскім Шчучыне і ўкраінскім Ковелі.

У першы дзень урачыстых мерапрыемстваў усіх гасцей сардэчна вітаў бурмістр Шчучына Артур Кучыньскі: “Ідэя правядзення такога мерапрыемства была вельмі простай – арганізаваць свята для сустрэчы з тымі людзьмі, для каго Шчучын з’яўляецца малой радзімай, хто тут нарадзіўся, вырас, стварыў сям’ю, атрымаў адукацыю і прафесію”. Бурмістр пажадаў гасцям і гараджанам карысна правесці час і абмеркаваць пытанні далейшага развіцця польскага горада.

У бібліятэцы Цэнтра Культуры перад гледачамі на працягу дзвюх гадзін выступалі творчы калектыў «Szczuczyniacy», аркестр пажарнай службы і Капэла Падляска, якія сабралі заслужаныя апладысменты.

Наступны дзень пачаўся з наведвання піярскага кляштара і прадоўжыўся правядзеннем навуковай канферэнцыі. Навукоўцы інстытута археалогіі Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні грунтоўна распавядалі прысутным пра таямніцы шчучынскіх склепаў. Будаўніцтва касцёла Прасвятой Дзевы Марыі і кляштара піяраў пачалося ў 1697 годзе і завяршылася ў пачатку XVIII стагоддзя. За амаль 300 гадоў у двух склепах былі пахаваны вядомыя і славутыя людзі Шчучына і рэгіёна. Сярод іх – заснавальнік мястэчка Станіслаў Антоній Шчука са сваімі дзецьмі, прадстаўнікі мясцовай шляхты і ордэна піяраў.

Праведзеныя ў апошнія гады археалагічныя даследаванні склепаў прадставілі цікавую інфармацыю аб умовах жыцця продкаў, іх адзенні і ўпрыгожваннях. З-за мікраклімату старыя польскія касцюмы добра захаваліся і перажылі сотні гадоў. Калекцыя адзення са шчучынскіх склепаў унікальна для сусветнага маштабу. Вынікі даследаванняў дапамагаюць вывучаць гісторыю Шчучына і яго жыхароў, садзейнічаюць больш поўнаму дакументаванню рэгіянальнай культурнай спадчыны.

Лекцыі выклікалі цікавасць аўдыторыі, што пацвердзілі шматлікія пытанні і актыўнае іх абмеркаванне. Адным з элементаў канферэнцыі стаў паказ модаў XVIII стагоддзя.

Адным з галоўных момантаў Злёту стала правядзенне ўрачыстай сесіі гарадского Савета ў Шчучыне, падчас якой абмеркавалі праблемы і перспектывы развіцця населенага пункта да 2030 года. Пасля завяршэння мерапрыемства прадстаўнікі гарадоў-партнёраў абмеркавалі таксама пытанні далейшай рэалізацыі сумеснага праекта “Трансгранічныя цэнтры дыялога культур Польшчы, Беларусі і Украіны”. У цэнтры ўвагі былі пытанні тэрмінаў правядзення будаўнічых работ і іх заканчэння, фінансавання, арганізацыі супрацоўніцтва на працягу ўсяго перыяду рэалізацыі праекта.

Як адзначыў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй, усе падрыхтоўчыя работы па рэалізацыі праекта трансгранічнага супрацоўніцтва практычна завершаны. Плануецца, што яго рэалізацыя пачнецца ўжо да канца бягучага года і завершыцца не пазней студзеня 2021. У выніку спартыўныя збудаванні ў партнёрскіх гарадах поўнасцю пераўтворацца і пасля праведзенай рэканструкцыі стануць не толькі сучаснымі стадыёнамі, але і культурна значнымі аб’ектамі.

 - Згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй наш гарадскі стадыён “Алімп” поўнасцю зменіцца, - падкрэслівае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама У.Р. Дубок. – Будзе абуладкавана прылягаючая тэрыторыя, усталяваны звыш 3200 новых месцаў для гледачоў і спецыяльны навес над трыбунамі, па-новаму будзе выглядаць і ўнутраная частка будынка стадыёна.

На думку Уладзіміра Раманавіча галоўнае ў рэалізацыі трансгранічнага праекта – гэта супрацоўніцтва і сяброўства, якія наладзіліся паміж гарадамі-пабрацімамі. Увогуле рэалізацыя праекта прадугледжвае не толькі правядзенне будаўнічых работ, але абмен дэлегацыямі, правядзенне сумесных спартыўных і культурных мерапрыемстваў. А такое цеснае ўзаемадзеянне будзе спрыяць рэалізацыі ў далейшым новых праектаў, якія накіраваны для людзей і іх камфортнага пражывання.

Трэці дзень “II Злёту сяброў Шчучына” таксама быў насычаны на сустрэчы і абмеркаванне пытанняў далейшага супрацоўніцтва. Завяршэннем мерапрыемстваў стала святая імша ў касцёле Прасвятой Дзевы Марыі за здароўе жыхароў і гасцей святочных мерапрыемстваў. Прыемным сюрпрызам стала выступленне спявачкі Нацыянальнага опернага тэатра Джааны Картэс.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра АМШЭЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!