Створым горад сваёй мары

У мінулую суботу ў гімназіі г. Шчучына прайшло першае пасяджэнне Школы актыўнага гараджаніна, якое арганізавалі прадстаўнікі маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гісторыка” і Міжнароднага грамадскага аб’яднання эколагаў. 

Вы вельмі любіце свой родны горад, хочаце бачыць яго прыгожым, утульным і гатовы не проста разважаць на гэту тэму, але і актыўна дзейнічаць? Тады вам адназначна трэба было трапіць на гэтае пасяджэнне, удзел у якім прымалі школьнікі, маладыя спецыялісты, навучэнцы ліцэя і іншая нераўнадушная моладзь горада. 
Цікава і падрабязна расказаў пра дзейнасць “Гісторыкі” намеснік старшыні аб’яднання Андрэй Мастыка. Існуе яно ўжо амаль дваццаць год, а асноўная мэта дзейнасці – даследаванне гісторыі Беларусі ў кантэксце еўрапейскай гісторыі, захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. Адзін з апошніх праектаў, рэалізацыяй якога займаліся валанцёры “Гісторыкі”, – добраўпарадкаванне і інвентарызацыя каталіцкіх могілак у г.п. Мір. Дзякуючы намаганням нераўнадушных людзей, цяпер гэта месца апошняга спачыну ператварылася ў гістарычную крыніцу. Сярод іншых добрых спраў – падрыхтоўка дакументаў для надання аб’ектам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, кансультацыі па пытаннях заканадаўства і інш. Члены аб’яднання праводзяць розныя семінары, міжнародныя канферэнцыі, актыўна працуюць у галіне вуснай гісторыі. 
Шмат карыснай інфармацыі даведаліся ўдзельнікі пасяджэння Школы актыўнага гараджаніна падчас прэзентацыі таварыства “Горад для гараджан”, якую прадставіў яго кіраўнік Дзяніс Кобрусеў. 
Па меркаванні Дзяніса, кожны малады гараджанін, калі ён нераўнадушны, можа прыняць удзел у гарадскім жыцці. 
– У асноўным мы працавалі ў Мінску, але ў апошні час стала паступаць шмат запытаў з рэгіёнаў, – расказаў Дзяніс. – Мы выязджалі ў Салігорск, калі там абмяркоўваўся генеральны план забудовы горада. Нам удалося пераканаць улады Ліды не ўзводзіць у пэўным месцы шматпавярхоўкі, паколькі яны не ўпрыгожылі б від на гістарычную частку горада. Дапамагалі вырашаць спрэчныя пытанні ў Гродне. 
Другая частка сустрэчы стала практычнай – каардынатар таварыства “Горад для гараджан” запрасіў на майстар-клас па гарадскім ан-лайн актывізме. Яго ўдзельнікі даведаліся, як, седзячы за камп’ютарам, рэалізаваць свае ідэі і зрабіць горад такім, як ім бачыцца. 
– Такім чынам, механізм платформы 115.бел дазваляе аператыўна паведамляць аб дробных праблемах горада, petitions.by адкрывае магчымасці спалучыць вакол адной праблемы шырокае кола грамадства, а таксама з’яўляецца яскравай пляцоўкай для вывучэння грамадскага меркавання, краўдфандынгавыя платформы Улей і Талака дапамогуць кожнаму не толькі знайсці аднадумцаў для справы, але і сабраць неабходныя рэсурсы для рэалізацыі лакальных праектаў, – падвёў вынікі размовы Дзяніс Кобрусеў. 
Падчас першага пасяджэння было прынята рашэнне аб стварэнні Шчучынскай школы актыўнага гараджаніна – ШШАГ. Для яе ўдзельнікаў, а ім павінна быць ад 16 да 34 год, будуць арганізаваны трэнінгі па гарадскім актывізме, майстар-класы па практычнай падрыхтоўцы грамадскіх праектаў і інш. Вынікам работы школы стане распрацоўка і рэалізацыя грамадскага праекта па паляпшэнні сацыяльна-культурнай прасторы горада, які ўдзельнікі самастойна паспрабуюць ажыццявіць у Шчучыне.
Разам з Андрэем Мастыка і Дзянісам Кобрусевым у першым пасяджэнні школы прыняла ўдзел аспірантка Акадэміі навук Таццяна Пятрова, якая некалі пасля заканчэння ўніверсітэта культуры прыехала па размеркаванні працаваць у наш самабытны гарадок і прыкіпела да яго душой. 
– Шчучын – унікальны горад, наскрозь пранізаны цікавымі гістарычнымі падзеямі, з ім звязаны лёсы многіх вядомых навуковых дзеячаў, – гаворыць Таццяна. – Таму вельмі хочацца, каб ён стаў яшчэ больш прыгожым. Спадзяюся, стварэнне Шчучынскай школы актыўнага гараджаніна яшчэ больш яму ў гэтым дапаможа. 
Ганна РУДСКАЯ.