"Свежым вокам" паглядзець на рэгіён: такую задачу ставілі перад сабой адказныя асобы Камітэта дзяржкантролю вобласці падчас правядзення комплекснай праверкі арганізацый і ўстаноў Шчучынскага раёна

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Андрэевіч Дарожка адразу папярэдзіў: “Прычына шырокага маніторынгу не звязана з нейкай пазаштатнай сітуацыяй на Шчучыншчыне. Комплексная праверка праз пэўны час праводзіцца ў кожным раёне вобласці, каб “свежым вокам” паглядзець на тое, што, магчыма, на мясцовым узроўні крыху “замылілася”, выявіць недахопы, якія перашкаджаюць паляпшэнню якасці жыцця нашых людзей.” Праверка тычылася выканання бюджэтнага заканадаўства, работы са зваротамі грамадзян, прыродаахоўных аспектаў, вытворчай дысцыпліны і г.д.

 

 

А.А. Дарожка правёў прыём грамадзян у райвыканкаме, а яго калегі – у кожным з 11 сельвыканкамаў рэгіёна. Прадстаўнікі гэтай паважанай  кантралюючай службы выслухалі пазіцыю 23-х грамадзян, узялі пад свой кантроль вырашэнне многіх жыццёва важных для людзей пытанняў. 

 

Так, карыстаючыся выпадкам, на прыём да старшыні Дзяржкантролю вобласці прыйшлі шэсць чалавек, столькі ж звярнуліся па тэлефоне “прамой лініі”.  Варта адзначыць, што кожнага Анатоль Андрэевіч выслухаў вельмі ўважліва, унік у сутнасць пытання, якое турбавала чалавека. Да прыкладу, маладая наведвальніца была пераканана, што яе звольнілі з работы з парушэннем заканадаўства, але на самой справе працавала яна не па кантракце, а па працоўным дагаворы, які проста закончыў сваё дзеянне. Дарэчы, у гэтым усхваляваным дыялогу не абмежаваліся фармальнымі тлумачэннямі: А.А. Дарожка даў даручэнне дапамагчы дзяўчыне знайсці цікавую работу згодна з яе адукацыяй.

 

Можна і патрэбна, па меркаванні кіраўніка Дзяржкантролю вобласці, знайсці альтэрнатыву для падключэння электраэнергіі ў індывідуальных ячэйках падвальных памяшканняў жыхароў шматпавярховак. Для шчучынцаў гэта досыць вострае пытанне, якое ўзняла адна з наведвальніц.  Справа ў тым, што пасля ўступлення ў сілу шэрагу нарматыўных дакументаў паўстала пытанне аб раздзельным разліку за асвятленне на агульнай плошчы карыстання і ў індывідуальных падвальных кладоўках (тут дзейнічаюць розныя тарыфы). Рацыянальныя падыходы да ўстаноўкі прыбораў уліку, канкрэтная інфармацыя пра “цану пытання” і інфармаванне жыхароў, безумоўна, знімуць напружанне і паслужаць вырашэнню праблемы.

 

 

Шматдзетная мама з вуліцы Дарожнай (Плянты) прыйшла на прыём, каб завастрыць увагу на неабходнасці абуладкавання бяспечных абочын у гэтым мікрараёне, на захаванне вадзіцельскай этыкі і інш. Усе ўзнятыя жанчынай пытанні вельмі слушныя і таксама будуць знаходзіцца пад кантролем.

 

Пасля правядзення аналагічных прыёмаў і “прамых ліній” у маштабах рэгіёна, кантралёры і раённая вертыкаль на чале са старшынёй райвыканкама А.В. Садоўскім разам з кіраўнікамі ключавых службаў і старшынямі сельвыканкамаў падвялі вынікі. Супрацоўнікі Дзяржкантролю дакладвалі і аб тых недахопах, якія былі зафіксаваны імі падчас наведвання гандлёвых кропак, медустаноў і ўстаноў культуры, школ, кацельняў і іншых аб’ектаў на тэрыторыі сельсаветаў.

 

 

– Бадай, самым вострым і злабадзённым пытаннем ў Шчучынскім раёне стала закрыццё 6-ці з 19 ФАПаў з-за адсутнасці кадраў, – лічыць А.А. Дарожка. – Мы будзем абмяркоўваць гэту праблему на ўзроўні вобласці, каб да вас былі накіраваны на работу фельчары, а ў сельскай мясцовасці цалкам выконваліся сацыяльныя стандарты.

 

Варта адзначыць, што зроблена нямала захадаў, каб вяскоўцы не заставаліся без медабслугоўвання: рэгулярна ажыццяўляюцца выязныя медыцынскія прыёмы, а ў бліжэйшых планах раённай улады і кіраўніцтва ЦРБ – арганізаваць мабільны перасоўны ФАП.

 

 

Стан дарог, добраўпарадкаванне аграгарадкоў і вёсак, уцягненне ў абарот аб’ектаў нерухомасці і навядзенне парадку на зямлі, асартымент тавараў у сельскіх магазінах і ўзровень абслугоўвання вяскоўцаў, работа нарыхтоўчых пунктаў, якасць пітной вады і яшчэ многа іншых актуальных жыццёвых пытанняў абмяркоўвалася на гэтай нарадзе, па выніках якой быў выпрацаваны сумесны пратакол даручэнняў, каб кожная з заўваг была ўзята на заметку адказнымі асобамі, і за пэўны адрэзак часу праблема вырашылася. Раённая ўлада адрэагуе ў рамках заканадаўства і на кожны са зваротаў грамадзян.

 

Пільны позірк Дзяржкантролю на нашу рэчаіснасць павінен дапамагчы выправіць пэўныя ўпушчэнні і недахопы, каб зрабіць развіццё раёна яшчэ больш дынамічным і накіраваным на інтарэсы як усіх яго жыхароў, так і кожнага чалавека паасобку.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!