Справаздачна-выбарчы сход прафсаюзаў прайшоў у УКП “Гродна­абл­агра­хімізацыя”

Усе работнікі УКП “Гродна­абл­агра­хімізацыя” – члены прафсаюза. Гэта сведчанне аўтарытэту грамадскай арганізацыі ў калектыве і вялікай адказнасці, якая ўскладзена на прафсаюзны актыў за абарону правоў і законных інтарэсаў працаўнікоў, захаванне карпаратыўнага адзінства, вырашэнне вытворчых задач. Аб гэтым аграхімікі гаварылі на нядаўнім справаздачна-выбарчым сходзе, удзел у якім прынялі старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Г.Ф. Шандроха.

 

У прафсаюзнай пярвічцы – 109 чалавек: людзі, якія працуюць тут, і пенсіянеры. З часу абрання прафсаюзнага актыву, які быў закліканы весці за сабой такія сур’ёзныя сілы, прайшло пяць год. Прафсаюзны лідар прадпрыемства Ч.С. Вярцінскі расказаў, што было зроблена за гэты час. Так, прафактыў ажыццяўляў грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб працы і ахове працы, арганізоўваў калектыў на добрыя справы, клапаціўся пра змястоўнае правядзенне вольнага часу, аказваў падтрымку людзям у паўсядзённым жыцці. З удзелам прафкама быў прыняты новы калектыўны дагавор на 2018-2020 гады, узгадняліся кантракты. 

 

 

– Усю сваю работу прафсаюзны камітэт будуе на прынцыпах сацыяльнага партнёрства і супрацоўніцтва з адміністрацыяй, – падкрэсліў Ч.С. Вярцінскі. – Усе пытанні вырашаліся шляхам канструктыўнага дыялогу ў інтарэсах работнікаў.

 

Безумоўна, сацыяльныя даброты залежаць ад эфектыўнасці работы. “Гроднааблаграхімізацыя” за 7 месяцаў выканала аб’ём работ і паслуг у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 102,4 працэнта. Ёсць рост прадукцыйнасці працы, атрыманы балансавы прыбытак. Сярэднямесячны заробак – 928 рублёў. Тэрміны выплаты зарплаты не парушаліся. Абавязкі па кампенсацыях, гарантыях і сацыяльных ільготах выкананы поўнасцю. Напрыклад, перад водпускам работнік можа разлічваць на дапамогу ў памеры службовага акладу, пры нараджэнні дзіцяці – 5 базавых велічынь, а ў сувязі з выхадам на пенсію – на службовы аклад і падарунак у памеры 10 базавых велічынь. Згодна з калектыўным дагаворам маладыя спецыялісты атрымліваюць на працягу двух гадоў штомесяц даплаты ў памеры дзвюх тарыфных ставак першага разраду.

 

 

У рамках сацыяльнай падтрымкі работнікам аказваецца дапамога на будаўніцтва жылля. Цёплае слова і грашовы бонус гарантаваны пры ўступленні ў шлюб, нараджэнні дзіцяці, з нагоды юбілею, а таксама ў самотныя хвіліны. За сродкі прафсаюза можна наведаць плавальны басейн і канцэрт, аздаравіць дзіця. 

 

Дырэктар “Гроднааблаграхімізацыі” П.І. Карповіч лічыць, што ў прафсаюза і адміністрацыі мэты і задачы адны – эфектыўная работа, клопат пра чалавека, стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы.

 

Падчас актыўнага абмеркавання справаздач аграхімікі выказалі задаволенасць, што пытанні, з якімі звярталіся ў прафкам, былі разгледжаны станоўча, падзякавалі за добры рамонт. Прагучаў і наказ: больш смела адстойваць інтарэсы работнікаў.

 

Аб змяненнях, унесеных у Працоўны кодэкс па ініцыятыве прафсаюзаў, прававых прафсаюзных прыёмах і іншых формах работы, якія дапамагаюць абараніць інтарэсы чалавека працы, расказаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ю.Т. Пашук.

 

На сходзе быў выбраны новы састаў прафкама, які ўзначаліў У.Ф. Кухарчык. Яму даверылі прадстаўляць арганізацыю на справаздачна-выбарнай канферэнцыі прафсаюза аграрыяў. А Ч.С. Вярцінскаму калегі падзякавалі за больш чым 20-гадовую дзейнасць у грамадскай арганізацыі. Ю.Т. Пашук уручыў яму юбілейны медаль “115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі”, а Г.Ф. Шандроха – Падзяку РК прафсаюза работнікаў АПК.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!