“Снежны снайпер” вызначыў самых трапных і вынослівых

На базе спартыўна-біятлоннага комплексу “Сялец” у Навагрудку прайшоў абласны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

 

На старт выйшлі больш за 200 юных спартсменаў з розных куточкаў Гродзеншчыны, якія былі падзелены на тры ўзроставыя групы. З-за адсутнасці снегу біятланістам давялося пераадольваць свае дыстанцыі бегам, што значна ўскладняла праходжанне трасы.

 

 

Спачатку прайшлі спрынтарскія гонкі, падчас якіх хуткасцю і трапнасцю вызначыліся спартсменкі шчучынскай зборнай. Васілішкаўская біятланістка Кацярына Роўба заняла ў асабістым заліку 1 месца, а яе сяброўка па камандзе Святлана Барысевіч з Вялікага Мажэйкава заваявала “срэбра”.

 

Затым быў дадзены старт змешаным эстафетам, удзельнікамі якіх у кожнай узроставай групе сталі чатыры спартсмены: дзве дзяўчынкі і два юнакі. Рабятам прадстаяла прабегчы тры кругі з двума агнявымі рубяжамі: дыстанцыя залежала ад узросту ўдзельнікаў. Падчас праходжання трасы балельшчыкі гучна падтрымлівалі сваіх фаварытаў, а трэнеры на хаду давалі карысныя парады. У выніку ў сярэдняй і старэйшай групах нашы юныя біятланісты пад кіраўніцтвам трэнераў Генрыха Мар’янавіча Рушніцкага і Савелія Іосіфавіча Пачабута прыйшлі да фінішу трэцімі, што таксама высокі вынік.

 

Дарэчы, з 9 па 15 сакавіка ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” пройдзе рэспубліканскі этап спаборніцтваў “Снежны снайпер”, у якім прымуць удзел і нашы юныя біятланісты. Жадаем рабятам удачы і новых спартыўных перамог!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!