Смачна есці!

Мы разам з дачушкай шмат чытаем. Вось нядаўна трапіўся нам у рукі адзін добры верш Уладзіміра Дубоўкі “Пра дзеда i ўнука”. Памятаю, як вучыла яго на памяць, калі была яшчэ школьніцай. Ну вельмі ён мне падабаўся!

У вершы расказваецца, што “недзе далёка ў вёсцы маленькай век дажываў свой дзедка старэнькі”. Старасць не шкадавала беднага чалавека: ежа сама вылівалася з лыжкі, залівала заціркай ды капустай чысты абрус. Дзеці па гэтай прычыне саджалі старога снедаць і абедаць каля парога. Аднойчы ўнучак таго дзеда ўзяў ножык і стаў нешта майстраваць. Калі маці спытала, што ён робіць, малы адказаў – карытца для старых бацькоў… 3 таго часу дзеда больш не саджалі есці каля парога: “Так, як усюды, у кожнай сямейцы, разам з сабою далі яму месца. Добры верш, павучальны, праўда?

Мае бабуля Станіслава і дзядуля Уладзімір жылі разам з намі. Шмат у нашай сям’і было добрых традыцый, і адна з іх – есці разам. Заўсёды чакалі мы адзін другога і ўсе сядалі і снедаць, і абедаць, і вячэраць. Ніколі мы не адкідалі ад стала бабулю і дзядулю. У іх нават свае месцы былі. Стравы мама гатавала надзвычай смачныя, дзяліла іх ўсім пароўну. Бабуля спярша малілася і толькі потым пачынала есці. Маўляў, з малітваю і страва смачнейшая.

 Мы, дзеці, глядзелі, як паважліва нашы мама і тата адносілася да сваіх бацькоў, па сямейнай традыцыі называла іх толькі на “вы”, прыслухоўвалася да іх слушных парад. Цяпер і ў нашых сем’ях прыжылася традыцыя не толькі есці ўсім разам, але і паважаць сваіх бацькоў.

 Аднойчы давялося мне гасцяваць у Віцебску, у сям’і хрышчонай маёй дачкі. Яна і яе муж Віктар тады вельмі здзівілі мяне. Калі прыйшоў час вячэраць іх маленькі сын Маркусь узяў мяне за руку, Яна ўзяла мяне за другую. Я не адразу зразумела, што трэба далей рабіць. Аказалася, кожны раз, перад ядой усе Скрыннікавы бяруцца за рукі і гучна жадаюць адзін другому па-беларуску: “Смачна есці!”. Тады я вельмі парадавалася, што і ў моладзі ёсць свае добрыя традыцыі.

Аднак ёсць і зусім іншыя сем’і. Адны мае знаёмыя сядаюць есці ў розны час у розных пакоях. Адно агульнае – каля тэлевізараў.  На маё здзіўленне знаёмыя знайшлі важкі аргумент: “Чаму мы павінны кагосьці чакаць? Ды і лядоўня не на замку, хто захоча сам паесць!”

Яны прыкрываюцца адсутнасцю вольнага часу і шчыльным працоўным графікам і разам з тым аддаляюцца адзін ад другога. Бачылі бы вы, як гэта сям’я здзівілася, калі даведалася падчас конкурсу ў садку, што любімая страва іх сына -- бліны. Бліны, якія дома ніхто не гатуе, і толькі бабуля ласуе імі любімага ўнука ўлетку…  

 Не здарма нашы продкі і працавалі разам, і елі. За сталом можна паглядзець у вочы родным людзям, абмеркаваць пражыты дзень, падзяліцца навінамі, параіцца і проста адчуць адзінства сям’і.  І ўжо зусім не важна, што будзе на вашым стале: дарагія заморскія стравы, ці звычайная посная зацірка.

Разам заўсёды смачней есці!

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.