Служба 101 папярэджвае: Спраўная печ – цяпло і бяспека ў доме

Печ у доме ў перыяд халадоў – не толькі крыніца цяпла, але і аб’ект пажарнай небяспекі. Калі печ была складзена спецыялістам па ўсіх правілах, то яна будзе служыць доўга, неабходна толькі правільна яе даглядаць: прачышчаць трубу і комін ад сажы, сачыць за станам топкі, пліты, ды і самой печы ў цэлым.

 

У працэсе эксплуатацыі печы з’яўленне сажы ў трубе коміна непазбежна. Калі печ топіцца дровамі, то гэта адбываецца павольней, а калі вугалем або брыкетам, то адтуліна коміна вельмі хутка абрастае пластом сажы. Да чаго гэта можа прывесці? Печ перастае тапіцца, дровы ў топцы не загараюцца, а калі і загарацца, то дым пойдзе ў памяшканне. Акрамя таго, сажа ў коміне можа загарэцца, што прывядзе да сур’ёзных наступстваў. 

 

Каб пазбегнуць узнікнення вогненнага здарэння ў доме, трэба ўтрымліваць пячное ацяпленне ў парадку. У печы не павінна быць расколін і шчылін, а комін павінен мець добрую цягу і быць пабелены вапнавым растворам. Робіцца гэта для таго, каб на белым фоне можна было заўважыць шчыліны, якія з’яўляюцца з часам. Каб пазбегнуць з’яўлення расколін у муры, у перыяд ацяпляльнага сезону ачышчайце комін ад сажы не менш:

 

аднаго разу ў 3 месяцы – для ацяпляльных печаў;
аднаго разу ў 2 месяцы – для печаў і ачагоў бесперапыннага дзеяння;
аднаго разу ў 1 месяц – для кухонных пліт і іншых печаў бесперапыннай (доўгачасовай) топкі.

 

Тапіць печ рэкамендуецца два-тры разы на дзень не больш чым па паўтары гадзіны. Гэта дазволіць пазбегнуць яе перакалу. Топку спыняйце не менш чым за 2 гадзіны да сну. За гэты час дровы паспеюць перагарэць, і можна будзе зачыніць комін.

 

Ні ў якім разе не выкарыстоўвайце пры падпалцы лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці. Таксама не пакідайце адкрытымі топачныя дзверцы і печ без нагляду. Каб выпадкова выпаўшыя вуглі не прывялі да пажару, прыбіце перад топкай на драўлянай падлозе металічны ліст памерамі не менш 50х70 см. Вопратку, мэблю, дровы і іншыя гаручыя матэрыялы трымайце не менш за паўтара метры ад печы. А попел і перагарэлыя вуглі варта выкідваць не бліжэй за 15 метраў ад будынкаў.

 

Печ павінна мець самастойны падмурак. Паміж сценкамі печы і драўлянымі канструк­цыямі павінен заставацца паветраны прамежак або так званая адступка. 

 

Каб пазбегнуць узгарання, печ і дымавая труба ў месцах злучэння з драўлянымі перакрыццямі павінны мець патаўшчэнне цаглянага мура або раздзелку.

 

Загадзя адрамантуйце печ сабе і дапамажыце гэта зрабіць сваім састарэлым бацькам, сваякам. Калі самі вы гэта зрабіць не ў стане, дапамогуць спецыялісты. Па кансультацыю таксама можаце звяртацца ў аддзелы па надзвычайных сітуацыях па тэлефонах “ 101 “ або “112”.

 

Шчучынскі РАНС.