Складаць бізнес-план навучаць... у школе

Ці выгадна вырошчваць фасолю на прышкольным агародзе і колькі бронзавых качак – сімвалаў нашага горада – з’явіцца ў будучым на вуліцах Шчучына, высветлілася падчас Першага раённага фестывалю школьных бізнес-кампаній. Ён ладзіўся аддзелам адукацыі, спорту і турызму з мэтай дапамогі ў развіцці дзелавой і творчай ініцыятывы вучняў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці.

Пазнаёміцца з прадстаўленымі бізнес-ідэямі школьнікаў у Палац творчасці дзяцей і моладзі прыйшлі не толькі вучні і настаўнікі з іншых устаноў адукацыі, але і спецыяльна запрошаныя эксперты – прадстаўнікі бізнес-структур. На фестываль завіталі дырэктар ТАА “ОреолСтар“ М.А. Арлова, намеснік дырэктара па якасці ТАА “Праймилк“ Н.А. Куц і індывідуальны прадпрымальнік, старшыня Савета індывідуальных прадпрымальнікаў ГЦ “Захад“ Ю.І. Яхоўскі. 
Свае бізнес-праекты прадставілі дзевяць устаноў адукацыі: НПК Галавічпольскі, Каменскі, Ражанкаўскі дз/с-СШ, Васілішкаўская, Астрынская і Жалудоцкая СШ, сярэднія школы №1 і №3 г. Шчучына, а таксама гімназія. Накірункі для развіцця ідэй выбралі розныя. Напрыклад, у першай гарадской школе прапануюць разгарнуць дзейнасць творчай майстэрні, у якой рабяты будуць ствараць сувеніры пад кіраўніцтвам настаўніка для продажу ў краме “Handmade“. Паміж вучнямі падзелены ролі тых, хто займаецца вырабам, продажам і рэкламай гэтай прадукцыі. Гімназія плануе папулярызаваць птушку-сімвал Шчучына шляхам устаноўкі адпаведных скульптур у розных кропках горада. Эскізы для іх падрыхтавалі самі гімназісты. 

Як зарабіць на сваім школьным агародзе, ведаюць вучні Галавічпольскага дз/с-СШ. З гародніны, якую вырасцілі рабяты, гатуюць стравы да абедзеннага стала школьнікаў. У будучым вучні прапануюць прадаваць лішкі сваёй прадукцыі. 
 

Падчас выстаўкі і прэзентацыі бізнес-ідэй удзельнікі і госці фестывалю мелі магчымасць прагаласаваць за лепшыя праекты ў чатырох намінацыях. Пакуль ішоў падлік галасоў, дзеці і іх настаўнікі далучыліся да дыялогу з прадстаўнікамі бізнес-структур. Рабят вельмі цікавіла пытанне: як стаць паспяховым? Эксперты фестывалю падзяліліся сваімі сакрэтамі поспеху. 

Начальнік упраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкама Ю.М. Вількевіч расказаў пра развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў нашым раёне і спыніўся на актуальным накірунку работы – турыстычнай сферы. 


Пераможцаў аказалася больш, чым намінацый. Так, у намінацыі “Якасны бізнес-план“ лепшымі сталі гімназія і Галавічпольскі дз/с-СШ. Лепш за ўсіх згодна з вынікамі галасавання прэзентавалі сваю ідэю вучні СШ №1. Праекты Васілішкаўскай СШ і СШ №3 перамаглі ў намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне тавару або паслугі“. “Лепшай бізнес-кампаніяй“ стаў праект “Сюрпрыз“ Ражанкаўскага дз/с-СШ. 
– Падобнае мерапрыемства – першы штуршок для развіцця маладых прадпрымальнікаў, – зазначыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Ж.І. Мецько. – Нягледзячы на тое, што прадпрымальніцкая дзейнасць вучняў для нас справа новая, яна абяцае вялікія перспектывы. Фестываль школьных бізнес-кампаній – гэта выдатная магчымасць праверыць свае сілы і веды па эканоміцы. 
Юлія ЦІМАШЧУК. 
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!